Вы тут

Як зладзіць падарожжа па Таскане за 400 еўра?


"А можа, у Італію? На веласіпедах" — чарговая шалёная прапанова ад маёй польскай сяброўкі, з якой мы аб'ездзілі палову Усходняй Еўропы, паставіла ў тупік. Адна справа — ездзіць у Польшчу, Украіну ці Літву, дзе цэны адносна блізкія да беларускіх, а веданне адной са славянскіх моў практычна здымае праблему камунікацыі з мясцовымі жыхарамі. Зусім іншая — далёкая і чужая Італія... Але менавіта з фантастычных задум пачынаюцца найлепшыя падарожжы, таму неўзабаве мы ўжо прызямліліся ў Пізе, яшчэ нават не ведаючы, дзе заўтра будзем начаваць. Як ні дзіўна, праз адзінаццаць дзён вярнуліся дадому — жывыя і здаровыя і з багажом неймаверных уражанняў, якія не купіш ні за якія грошы. Чым не нагода падзяліцца досведам з чытачамі "Чырвонкі. Чырвонай змены"?


З П'яцале Мікеланджала на Фларэнцыю адкрываецца шыкоўны від.

Усё купім на месцы!

Дабрацца за дзве тысячы кіламетраў ад дома, з турыстычным рыштункам ды яшчэ і з веласіпедамі, магчымым не прадстаўлялася. Таму вырашылі арандаваць іх ужо на месцы, а ў Італію ляцець самалётам з Польшчы. На шчасце, у аэрапорты нашай заходняй суседкі выконваюць рэйсы адразу некалькі лаўкоставых кампаній. Мы выбралі Пізу, бо гэты горад знаходзіцца якраз у Таскане, а білеты туды каштуюць менш, чым, напрыклад, у папулярную сярод турыстаў Фларэнцыю.

Галоўная перавага лаўкостаў, вядома, заключаецца ў кошце білетаў. Пры гэтым чым раней купляеш праязны дакумент, тым таннейшым ён выходзіць. Калі мы толькі прыглядаліся да білетаў і планавалі графік, даляцець да Пізы і вярнуцца назад каштавала 50 еўра. Калі праз некалькі дзён звярнуліся да сайта ўжо з грашыма, выкласці прыйшлося ўсе 70.

"Падтрымаць" пізанскую вежу — старая як свет традыцыя.

Але за нізкі кошт білетаў таксама даводзіцца плаціць — адсутнасцю паўнавартаснага багажу. Таму рашэнне было ўсё тым жа — купім на месцы. Адразу па прылёце ў Пізу скіраваліся ў гіпермаркет вядомай сеткі спартыўных тавараў, дзе набылі двухмесную палатку за дваццаць еўра (яна аказалася нечакана якаснай — двойчы ўратавала нас ад моцнай залевы і ўвогуле няблага сябе паказала ва ўмовах цёплай італьянскай восені), два турыстычныя дыванкі па пяць еўра кожны, веласіпедныя бутэлькі для вады і спецыяльны чахол для смартфона, які мацуецца на руль і дапамагае заўсёды трымаць перад вачыма навігатар. Забягаючы наперад, скажу, што, хоць мы першапачаткова і планавалі выкінуць увесь рыштунак перад вяртаннем дадому (прайсці кантроль бяспекі ў аэрапорце з палаткай бывае дастаткова складана), нам удалося ўсё вельмі кампактна спакаваць і прывезці пакупкі на радзіму.

З сабой бралі толькі спецыяльную торбу-заплечнік для веласіпеда на 50 літраў, куды паклалі адзенне і прадметы гігіены, і звычайны заплечнік для хуткага доступу да патрэбных рэчаў, а таксама два спальныя мяшкі.

Палатка — не панацэя

Яе наяўнасць у Італіі — гэта яшчэ далёка не нагода разлічваць на бясплатны сон. Справа ў тым, што ўстанаўліваць іх, дзе захочацца, нельга, у адваротным выпадку вас можа чакаць вялікі штраф. Застаецца некалькі варыянтаў. Першы — прасіць уласнікаў зямлі (напрыклад, гаспадароў прыватных дамоў) аб дазволе пераначаваць на ўчастку. Адпачыць такім чынам нам удалося ўсяго адзін раз. Самы ж папулярны і просты варыянт — кемпінгі. Такія месцы звычайна добра ахоўваюцца, а пастаяльцы маюць доступ да электрычнасці, інтэрнэту, гарачай вады, розных забаў накшталт спартыўных пляцовак і басейнаў. Нярэдка там ёсць уласныя недарагія крамы і кавярні. Знайсці такія месцы ў Італіі нескладана пры дапамозе тэматычнага сайта ці проста ўважліва чытаючы паказальнікі ўздоўж дарог.

Каштуюць кемпінгі па-рознаму, прычым фактары фарміравання цаны проста непрадказальныя. Так, непадалёк ад Фларэнцыі мы начавалі за 27 еўра за ноч, пры тым што само месца размяшчэння было абсталявана вельмі сціпла. Нават за гарачую ваду трэба было плаціць — жэтон на пяць хвілін у душы каштаваў еўра. А вось у шыкоўным кемпінгу за пяць хвілін хады ад мора непадалёк ад Віярэджа з нас узялі ўсяго 16 еўра.

За няведанне графіка працы аэрапорта часам прыходзіцца плаціць.

Але калі-нікалі варта раскашэліцца і заплаціць трохі болей, затое спаць на мяккім ложку і мець доступ да нармальнага ваннага пакоя. Думаю, нікога не трэба вучыць браніраваць жыллё ў папулярных сэрвісах. Пад дахам за час падарожжа мы спыняліся двойчы: начавалі ў адным з хостэлаў Пізы адразу пасля прылёту, а таксама ў адным з атэляў Фларэнцыі, бо у галоўным горадзе Тасканы правялі два дні. Першы варыянт абышоўся нам у 40 еўра за ноч на дваіх, другі каштаваў 60.

Салата сваімі рукамі

Скажу шчыра: італьянская кухня — мяне расчаравала. За час падарожжа мы сілкаваліся ў самых розных месцах: ад дарагіх рэстаранаў да "забягалавак" каля вакзалаў. І нідзе мне, не самаму патрабавальнаму ў пытаннях ежы чалавеку, не прыйшлося, на жаль, адчуць "эксклюзіўнасці італьянскіх страў.

Харчавацца на Апенінах у кавярнях, як мы гэта робім звычайна падчас вандровак, — дорага. Мала таго што самі кошты тут значна вышэйшыя за беларускія, дык яшчэ і ўласнікі многіх "траторый" любяць уключыць у чэк дзіўныя пункты. Напрыклад, не здзіўляйцеся, калі ўбачыце ў рахунку што-небудзь накшталт servіzіo — гэта даволі распаўсюджаная практыка. З наведвальнікаў бяруць грошы за абслугоўванне, кошт якога вызначаецца гаспадаром. Звычайна аплата не перавышае 5 еўра, але калі вы зайшлі ўсяго толькі выпіць кавы, лепш зрабіць гэта за барнай стойкай.

Самы эканомны варыянт — харчаванне з супермаркета. Але ў палатцы кулінарныя здольнасці асабліва не праявіш... Тым не менш мы вынайшлі рэцэпт універсальнай стравы на дзве асобы коштам усяго 5—7 еўра, якая ў цяжкія хвіліны дапамагала нам падзарадзіццца на дадатковыя 20 кіламетраў падарожжа. Каштуе мала, робіцца за 10—15 хвілін. Для гэтага спатрэбяцца вялікая пластыкавая скрыначка зеляніны (звычайна рукалы ці салаты), скрыначка памідораў чэры, пачак мацарэлы, пакунак рэзанай шынкі (найлепш падыходзіць прашута) і які-небудзь соус. Зеляніну мыем, таматы рэжам напапалам, з мацарэлы зліваем сыроватку, шынку рвём на кавалкі і потым змешваем усе інгрэдыенты ў вялікай скрыначцы з зелянінай. Гэтая страва некалькі разоў нас без перабольшання выратоўвала, асабліва ў канцы падарожжа, калі прыходзілася эканоміць на ўсім.

Прыватная ўласнасць — ходу далей няма.

Рай для двухколавых

Яшчэ колькі слоў варта сказаць пра мясцовы менталітэт. Спадзявацца на сваю англійскую мову не варта — італьянцы ведаюць яе не нашмат лепш за сярэднестатыстычных беларусаў. Куды больш карыснай можа аказацца нямецкая. Нам дапамагалі паразумецца актыўная жэстыкуляцыя (хто-хто, а італьянцы ў гэтым прафесіяналы) і мінімальнае веданне тамтэйшай лексікі. Але далёка не заўсёды гэта працуе, таму раю ўсё ж захапіць з сабой размоўнік, напрыклад на смартфоне.

Дзе-нідзе вінаграднікі падыходзяць да самай дарогі.

Вельмі важны момант для тых, хто адважыцца на падарожжа на веласіпедах: — да такіх вандроўнікаў італьянцы ставяцца максімальна прыхільна. Ездзіць па дарогах гэтай краіны на двухколавым транспарце — адно задавальненне. Магчыма, справа ў тым, што самі мясцовыя вельмі актыўна карыстаюцца веласіпедамі. Практычна ў кожным горадзе, нават самым маленькім, вы знойдзеце спецыяльныя веладарожкі ці выдзеленыя палосы. Тое ж самае датычыцца і язды па трасах — італьянцы ездзяць вельмі акуратна, а ўдзельнікаў руху на двухколавым транспарце аб'язджаюць па суседняй паласе, быццам бы гэта паўнавартасны аўтамабіль. Хоць, прызнаюся, усё адно адчуваеш сябе трохі дыскамфортна, калі цябе на вялікай хуткасці з грукатам абганяе фура. У любым выпадку, у Таскане заўсёды можна зрабіць выбар на карысць бязлюдных старых дарог у далечыні ад асноўных трас — гэтым спосабам мы карысталіся, калі былі знясіленыя яздой. Але не забудзьцеся на праграмы для навігацыі, яны дапамогуць вам не заблукаць у лабірынтах італьянскіх дарог.

...На нашым шляху мы некалькі разоў аказваліся ў сітуацыях, калі трэба было ўладкавацца дзе-небудзь на начлег, а да кемпінга яшчэ было далёка. Дык вось, мясцовыя ахвотна тлумачылі нам, як даехаць да найбліжэйшага гатэля ці аграсядзібы, але ўстанавіць палатку на сваёй тэрыторыі не дазвалялі. Безумоўна, іх у такім рашэнні можна зразумець — пасля пяцідзесяцікіламетровых заездаў за інтэлігентаў нас прыняць было цяжка. З іншага боку, набраць у бутэльку халоднай вады ў кавярні тут ніколі не праблема.

 

Згадаю пра яшчэ адзін момант: невялікія аэрапорты ў Італіі нярэдка закрываюцца на ноч. "Галілеа Галілей" не выключэнне — з 12 ночы да 4 раніцы ён не працуе, а ўсіх наведвальнікаў просяць пакінуць памяшканне. Мы пра гэта не ведалі і свой рэйс дадому, які адпраўляўся ў 7 раніцы, чакаць планавалі менавіта ў будынку аэравакзала. Дужа здзівіліся, калі апоўначы да нас падыйшлі карабінеры і запатрабавалі ісці на выхад. Тое ж самае прыйшлося зрабіць і астатнім пасажырам, у тым ліку сем'ям з маленькімі дзецьмі. Усе разам былі змушаны чакаць адкрыцця на вуліцы пры далёка не цёплым надвор'і. На шчасце, спальныя мяшкі ўсё яшчэ былі з намі, а мармуровыя лаўкі побач з аэрапортам лёгка замянілі ложкі.

Прыгоды вас знойдуць самі...

Рака Арно ў Пізе выглядае, па шчырасці, не вельмі прывабна.

Скажу яшчэ колькі слоў пра нашы прыгоды, бо менавіта па іх мы і кіраваліся на паўвостраў-"бот". Па шчырасці, схема нашага падарожжа ("Будзем імправізаваць!") толькі спрыяла таму, каб сутыкацца з нечаканасцямі, а часам і непрыемнасцямі, пастаянна. І ў нашым выпадку яны здараліся практычна штодзень.

Так, напрыклад, падчас пераезду ад Ліворна да аднаго з кемпінгаў у сэрцы Тасканы нас накрыў дождж. Тут трэба адзначыць, што мясцовы дождж значна адрозніваецца ад беларускага — калі і ідзе, то сапраўды лье "як з вядра". Да начнога прыстанку заставалася ўсяго пара кіламетраў, калі надвор'е сапсавалася. А хуткаму прыезду не спрыяў рэльеф — прыйшлося спешыцца і штурхаць веласіпеды перад сабой. Кажучы коратка, за пару дзясяткаў хвілін мы прамоклі наскрозь, а месца запланаванага начлегу так і не маглі знайсці. Пастукалі ў дзверы да ўласніка аднаго з вінаграднікаў. Той і скіраваў нас да кемпінга, які мы, злятаючы з апошняй горкі на вялікай хуткасці, проста не заўважылі. На месцы пазнаёміліся з адзінымі суседзямі — сямейнай парай з Германіі, якая адпачывала тут ва ўласным "доме на колах". Пасля таго як адгрэліся пад цёплым душам і высушылі мокрыя рэчы, атрымалі запрашэнне на вячэру: пакаштавалі мясцовае віно, толькі-толькі прывезенае з фестывалю гэтага напою, а таксама славутыя нямецкія каўбаскі. Наступным ранкам зрабілі сумеснае сэлфі, загрузілі сухія рэчы і рушылі далей.

Віды з італьянскіх "пагоркаў" каштуюць любых грошай.

Іншая гісторыя таксама звязана з пошукам начлегу і здарылася на наступны дзень. Зноў не разлічылі свае сілы і пры наступленні цемры былі за пяць кіламетраў ад кемпінга. Адлегласць, вядома, не самая вялікая, але калі дарога ідзе заўсёды ўгару... Стукаліся ў дзверы касцёла, прасілі паставіць палатку ў мясцовых, абышлі ўсе аграсядзібы — нічога. Толькі ў апошнім асабняку нам адчынілі вароты. Арандатар Клаус сазваніўся з гаспадыняй, і тая дала дазвол на тое, каб мы пераначавалі на тэрыторыі. Мужчына быў родам з Аўстрыі, ён штогод прыязджае ў Таскану, каб адпачыць разам з сям'ёй і трыма французскімі аўчаркамі. Убачыўшы нашу мітусню з палаткай пад адкрытым небам, сям'я расчулілася і паклікала начаваць на канапы ў гасцінай. Ад такога камфорту мы, праўда, адмовіліся, а вось ад цёплага душу і размовы за смачнай вячэрай — не. Гэтым разам каштавалі нямецкую шынку і шнапс. Ранкам гаспадар нават прапановаў нам пратэсціраваць сядзібны басейн, але злоўжываць гасціннасцю мы не сталі.

Раён "Новая Венецыя" ў Ліворна мала нагадвае арыгінал, але таксама варты ўвагі.

Яшчэ адзін эпізод з нашага падарожжа датычыцца апошняга дня ў Італіі, калі нам трэба было праехаць 20 кіламетраў ад Віярэджа да Пізы, каб здаць веласіпеды і адправіцца на развітальны праменад. Маршрут пралягаў праз адзін з Нацыянальных паркаў на беразе мора. З залішнім аптымізмам мы меркавалі, што запаведнік будзе ўяўляць з сябе нешта падобнае да нашай Белавежскай пушчы: асфальтавыя дарожкі, лавачкі на ўзбочынах, дзе мы зможам перакусіць. Але абеду не атрымалася... Замест дарогі — сцежка-"трасучка", замест лавачак — рэдкія паваленыя дрэвы. Кульмінацыяй стаў момант, калі мы заўважылі ўдалечыні некалькі невялікіх жывёл, што пераходзілі сцежку. Праз сотню метраў разгледзелі ў іх на спіне чорныя палоскі. Вепручкі! На замілаванне часу не было — простая логіка падказала: калі дзеці тут, недзе побач мусіць быць і мама, а то і тата. Карацей кажучы, так хутка за час падарожжа мы не ездзілі, напэўна, ніколі. З "галавой сямейства", на шчасце, не пазнаёміліся.

Чаго не купіш за грошы

Напрыканцы — пра агульныя ўражанні і месцы, якія варта ўбачыць. Таскана — надзвычай разнастайны рэгіён. Упэўнены, што кожны турыст, нават самы патрабавальны, знойдзе тут для сябе нешта цікавае.

Пачнём з прыроды. Калі вы не бачылі захад сонца над вінаграднікамі і сядзібамі вінадробаў Тасканы, значыць, не бачылі нічога. Ужо пасля паездкі сустрэўся з сяброўкай, якая была ў Фларэнцыі, і тая моцна нам зайздросціла: 250 кіламетраў праз гэту суцэльную прыгажосць мы ў павольным тэмпе адолелі на веласіпедах, а для яе ўсё праляцела за гадзіну за акном вагона. Тут можна спыняцца і проста назіраць за сонцам, якое хіліцца да зямлі, каштаваць сакавіты вінаград, які расце літаральна пры дарозе, здзіўляцца велічыні гор, якія італьянцы чамусьці называюць пагоркамі... А яшчэ збіраць неймаверна буйныя шышкі. Дарэчы, у апошнія дні пачаў трохі сумаваць па нашых соснах — мясцовыя на іх фоне падаюцца згорбленымі старэнькімі "бабулькамі". Пужаюць толькі італьянскія рэкі, а дакладней іх колер. Упершыню сутыкнуўшыся з галоўнай артэрыяй Тасканы Арно, я падумаў, што ніколі не бачыў такой бруднай вады. Спачатку звязваў гэта з дзейнасцю чалавека, але потым зразумеў — справа ў зямлі. Мясцовая глеба практычна цалкам складаецца з суглінкаў, і менавіта яны робяць тутэйшыя рэкі падобнымі да патокаў светла-карычневага бруду.

Любіце мора і пасіўны адпачынак — лепшых бясплатных пляжаў, чым у Віярэджа, не знайсці! Інфраструктура на беразе, чысцюткі пясок, мяккае сонца — усё гэта можна атрымаць абсалютна бясплатна. Толькі вось за пластыкавыя лежакі папросяць грошы, але і адпачываць на посцілцы ніхто не забараняе. Скажу толькі, што мора варта пабачыць не толькі ў курортных гарадках. Марына ды Піза — невялікае мястэчка за дзясятак кіламетраў ад самой Пізы — уразіць вас цэнтральнай плошчай-хвалярэзам і відамі на Лігурыйскае мора, а стары порт Ліворна — сотнямі вежавых кранаў і велізарнымі танкерамі на гарызонце...

Віярэджа — горад для тых, хто любіць сонца і пляжы.

Для аматараў гісторыі і культурнага адпачынку таксама нешта знойдзецца. Ад старажытнай Вальтэры, якую збудавалі яшчэ папярэднікі рымлян этрускі, да калыскі і сталіцы Рэнесансу Фларэнцыі. У рэшце рэшт, Пізанская вежа — чаго яшчэ хацець?! Ад сябе магу парэкамендаваць толькі фларэнційскую П'яцале Мікеланджала: назіраць адсюль за захадам сонца і бачыць як на далоні ўвесь горад з яго купаламі і вежамі дарагога варта. У рэшце рэшт, якімі грашыма можна вымераць шчасце падарожніка?

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Веласіпед, вінаград і... імправізацыя

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.

Грамадства

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

 Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастаком Аляксандрам Благіем.

Грамадства

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

​Беларускія санаторыі перасталі быць месцам адпачынку пераважна пажылых людзей.

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці