Вы тут

Фарбы жыцця ад добрых сэрцам


Каб дапамагчы хворым дзецям і ўстановам сацыяльнага профілю, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі распачынае чарговы дабрачынны марафон «Усе фарбы жыцця для цябе».

Як адзначыла сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ, каардынатар валанцёрскага руху «Добрае сэрца» Вікторыя МЯНАНАВА, з 2009 года праект пераўтварыўся з рэгіянальнага ў агульнарэспубліканскі. За гэты час актывістамі было праведзена каля 20 мерапрыемстваў, падчас якіх было сабрана больш за 400 мільёнаў рублёў. Раней марафон праходзіў выключна ў фармаце канцэртаў, удзел у якіх бралі беларускія артысты розных жанраў. Сёлета мерапрыемствы будуць адбывацца ў выглядзе «дзён дабра», падчас якіх гарады правядзення пераўтворацца ў цэнтры валанцёрскай дзейнасці. Добраахвотнікі будуць дапамагаць ветэранам і пажылым людзям, добраўпарадкаваць вуліцы гарадоў, дапамагаць сацыяльным установам. Канцэрты зорак эстрады стануць кульмінацыяй свята.

Марафоны «Усе фарбы жыцця для цябе» завітаюць ва ўсе рэгіёны Беларусі. Іх правядзенне будзе прымеркавана да знамянальных дат. Першай мерапрыемства ўжо cёння прыме Узда, па яго выніках будзе аказана матэрыяльная падтрымка 16-гадовай Алесі Дубовік (дзяўчыне неабходна аперацыя па замене абодвух крышталікаў вока).

Удзел у марафоне прымуць Пётр Ялфімаў, Анастасія Ціхановіч, Іван Вабішчэвіч (Дзядзька Ваня), Вікторыя Алешка, Анастасія Віннікава, пераможца пятага сезона праекта «Я спяваю» Святаслаў Вараб'ёў, дом брэйк-дансу «Hunters» і многія іншыя.

— Праект «Усе фарбы жыцця для цябе» дапамог справіцца з праблемамі, якія ў мяне былі з дзяцінства, — распавяла Лізавета Мароз, са збору сродкаў для якой марафон пачынаўся ў 2009 годзе. — Тады мне патрэбна была перасадка ныркі і валанцёры «Добрага сэрца» сабралі гэтыя сродкі для мяне. Дзякуючы іх намаганням, многія дзеці могуць адчуваць сябе шчаслівымі, радавацца жыццю, спазнаваць гэты свет. Я нават думаю, што калі-небудзь змагу сама далучыцца да «Добрага сэрца», каб дапамагаць людзям, якім цяпер цяжка.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.