Вы тут

Будзьце «жаўрукамі»: на іх баку прырода!


Мы часта выкарыстоўваем паняцці «жаўрук» і «сава» для апраўдання сваёй працаздольнасці або ляноты ў пэўныя гадзіны дня. Такімі птушынымі назвамі абазначаюць хранатыпы людзей. Ён звязваецца з пікамі ды спадамі нашай актыўнасці.

4-4

Да «жаўрукоў» адносяць тых, чый пік актыўнасці пачынаецца раніцай і доўжыцца да абеду. З надыходам вечара актыўнасць згасае і ноччу такія людзі моцна спяць, каб прачнуцца наступнай раніцай з першым пеўнем. На «соў» бадзёрасць нападае ў другой палове дня. Такія людзі прачынаюцца значна пазней за сонейка, бліжэй да 10-11 гадзін, а часам могуць праспаць і да абеду. Раніцай яны кволыя, стомленыя, аднак бліжэй да 15 гадзін з'яўляецца нармальная працаздольнасць, пік якой прыпадае на той час, калі сонца ўжо садзіцца. Так што апоўначы «совы» могуць спакойна выконваць важную працу.

— Жыццё на планеце, у тым ліку і чалавек, наўпрост залежыць ад сонечнага рытму, — кажа ўрач-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Інга СВЯТОШЧЫК. — Чалавецтва заўсёды ўзаемадзейнічала з сонцам, людзям не дазвалялася позна прачынацца, бо ўсю працу неабходна выканаць цягам светлавога дня. Калі рана ўставаць, шмат працаваць, то і засынаць, вядома, будзеш рана. Сёння ў такім рытме могуць існаваць толькі тыя людзі, якія жывуць хіба ў плямёнах, далей ад цывілізацыі.

Статыстыка сцвярджае, што даволі значная колькасць жыхароў цывілізаваных краін — «совы». А з'яўленню гэтага хранатыпу спрыяла вынаходніцтва электрычнасці. Некалі гэта былі людзі, якія адпачывалі больш, чым працавалі, любілі пагуляць, а такіх звычайна няшмат. Аднак з вынаходніцтвам электрычнасці і дзейнасці, не звязанай з сонечнай актыўнасцю, «соў» істотна пабольшала.

Добра вядома, што схільнасць да хранатыпу не перадаецца генетычна, яна фарміруецца пад уплывам канкрэтных жыццёвых умоў. Кім будзе чалавек — «жаўруком» ці «савою» — залежыць выключна ад яго паводзінаў і ладу жыцця. Хоць больш фізіялагічным, натуральным для любога чалавека з'яўляецца рэжым «жаўрука». Менавіта да яго прыстасаваны нашы асноўныя фізіялагічныя функцыі, напрыклад, тэмпература цела. Ноччу нават у таго, хто напружана працуе, яна зніжаецца, як і ў таго, хто спіць.

Пастаяннае парушэнне рэжыму сну і бадзёрасці ў рэшце прыводзіць да таго, што некаторыя менш устойлівыя фізіялагічныя працэсы пачынаюць перабудоўвацца, прыстасоўвацца да вячэрняга рытму працы. Так, частата пульсу, якая звычайна вышэйшая раніцай, у тых, хто працуе вечарамі, паступова пачынае ўзрастаць у вячэрні час і становіцца нават большай, чым раніцай.

Абсалютная большасць маладых працаздольных людзей — «совы», а грамадскі лад разлічаны менавіта на «жаўрукоў». Бальніцы, школы, дзіцячыя садкі, дзяржустановы, дый усё ў нашым жыцці працуе ў тым рытме, які бліжэй «жаўрукам». Нядзіўна, што асноўнай прычынай сучаснага стрэсу становіцца пастаянны храналагічны збой.

«Жаўрукі», зразумела, знаходзяцца ў больш выйгрышным становішчы. Акрамя таго, яны жывуць у гармоніі з прыродай. Што да «соў», то большасць псіхолагаў лічаць, што такі рытм жыцця не нясе асаблівай пагрозы, тым больш калі гэта ўласны выбар чалавека. Аднак не кожны можа ўладкаваць сваё жыццё так, каб яму было максімальна камфортна.

Часам людзі адносяць сябе да «соў» толькі таму, што не здольны правільна арганізаваць сваю дзейнасць. Ім даводзіцца позна засынаць не ад таго, што яны вядуць лад жыцця «савы», а да гэтага іх «прыстасавалі» асабістыя інтарэсы — прагляд па начах тэлевізара або пасядзелкі за камп'ютарам. Таму «псеўдасовам» цяжка прачынацца раніцай, яны пачынаюць прапускаць заняткі, спазняцца на працу, не могуць сабрацца з сіламі і думкамі да абеду...

Змяніцца не так і цяжка. Спачатку трэба адрэгуляваць асвятленне, паколькі менавіта на святло рэагуюць сістэмы нашага арганізма, разумеючы, ці трэба рыхтаваць арганізм да сну, ці варта ўжо прачынацца. Па-другое, неабходна перанесці выкананне адказнай і напружанай працы з вечара на дзень. Не варта чытаць непасрэдна перад сном. Абавязкова вечарам трэба пагуляць. Займацца фізкультурай і фізічна працаваць трэба толькі днём. Класціся спаць і ўставаць — у адзін і той жа час! Пасля такіх змен вы заўважыце, што працаздольнасць і самаадчуванне істотна палепшыліся.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.