Вы тут

«Прыклалі рукі» да гісторыі «Дынама»


...Некалькі МАЗаў адзін за адным праязджаюць прахадную і накіроўваюцца ў бок былога рынку. На вялікай пляцоўцы, якую некалі займалі кіёскі і палаткі гандляроў, цяпер размяшчаюцца будматэрыялы. Тры бегуны, што раней навісалі над выхадам са стадыёна, займаюць больш устойлівае месца — на зямлі. Алімпіяда-80, поспехі футбольнага «Дынама» і першыя самастойныя крокі нацыянальнай зборнай — усё гэта адбывалася тут. Цяпер стадыён «Дынама» знаходзіцца на рэканструкцыі, якую ў тым ліку дапамагае праводзіць і моладзь: сёлета на аб'екце працуе зводны беларуска-расійска-ўкраінскі будатрад. Ужо напрыканцы змены карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены» наведаліся ў госці да хлопцаў.

27-9

27-9

 

На пляцоўцы, дзе футбольныя азы спасцігалі Валянцін Бялькевіч і Аляксандр Глеб, разгорнуты своеасаблівы будаўнічы гарадок з дзясяткаў вагончыкаў-бытовак. У адной з іх мы і сустракаемся з двума байцамі са зводнага атрада імя 70-годдзя Перамогі — камандзірам Пятром Пільнікам і яго адзіным цяпер падначаленым Аляксеем Караленем (на здымку). Справа ў тым, што расійскія і ўкраінскія студэнты некалькі дзён таму скончылі сваю працу і паехалі дадому, беларускіх жа ў дзень нашага прыезду накіравалі на іншыя аб'екты ў сталіцы — іх дапамога на «Дынама» ўжо не так запатрабавана.

— У студатрадаўскі рух я трапіў даволі даўно, — распавядае Пётр, які цяпер вучыцца на пятым курсе факультэта энергетычнага будаўніцтва Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. — Прыкладна з другога курса пачаў летам працаваць на студэнцкіх будоўлях. Першым маім аб'ектам быў Палац Незалежнасці на праспекце Пераможцаў, потым удзельнічаў у рэканструкцыі спарткомплексу «Раўбічы», дзе я ўжо стаў камандзірам атрада. Ну і вось чарговая будоўля — стадыён «Дынама». На такі важны аб'ект нас накіравалі дзякуючы рэктару БНТУ Барысу Хрусталёву. Калі параўноўваць з іншымі месцамі, дзе давялося папрацаваць, то тут мне падабаецца больш. У першую чаргу, з прычыны парадку — усе бытоўкі новыя, са шклопакетамі, у іх заўсёды ёсць вада і электрычнасць, непадалёк душ, які ратаваў нас ад спёкі. Таксама радуе стаўленне начальства: усе прафесіяналы найвышэйшага ўзроўню, якія разумеюць, што працуюць студэнты. Таму, калі робім нейкую памылку, нам спакойна тлумачаць без лішніх эмоцый.

Сваю працу зводны атрад імя 70-годдзя Перамогі распачаў у першай дэкадзе ліпеня. У яго ўвайшлі адзінаццаць беларускіх студэнтаў, столькі ж украінскіх і два расійскія. Беларуская частка ў асноўным была прадстаўлена студэнтамі БНТУ. Усіх хлопцаў засялілі ў студэнцкі інтэрнат за пяць хвілін хады — на Кастрычніцкай вуліцы. Па словах Пятра, атмасфера ў атрадзе была выключна сяброўская: студэнты ўвесь вольны час бавілі разам і за месяц пасябравалі. Дарэчы, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі распрацаваў для ўсіх будатрадаўцаў спецыяльную бясплатную праграму адпачынку — хлопцы ездзілі ў аквапарк, былі на экскурсіі ў Брэсцкай крэпасці, Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, на Мінскім трактарным заводзе, адпачывалі ў адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Лідар» пад Мінскам: гулялі ў футбол, рабілі шашлык. Карацей, не сумавалі. Вядома, паспелі і падзяліцца адзін з адным досведам, бо ўсе байцы атрада вучацца на будаўнічых спецыяльнасцях.

27-8

27-8

 

— Мне не хацелася траціць лета ўпустую, — гаворыць другакурснік спецыяльнасці «Прамысловая электроніка» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Аляксей Караленя. — Вырашыў падзарабіць грошай, каб дапамагчы бацькам з аплатай маёй вучобы. Пётр — мой сусед, ён і прапанаваў далучыцца да будатрада. Мяне натхніла тое, што з'явіўся шанц, у некаторым сэнсе, дакрануцца да гісторыі, бо аб'екту амаль сто гадоў. І не толькі дакрануцца, але і сваімі рукамі распачаць яе новую старонку. Праўда, футболам я не надта цікаўлюся, мне па душы хакей.

Цяпер на стадыёне ідзе дэмантаж старых канструкцый — разборцы падлягае большая частка комплексу. Працуюць у асноўным машыны, таму людзей на пляцоўцы зусім няшмат. Ад старога «Дынама» нашчадкам застануцца толькі сцены, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасць. Гэта абумовіла і віды працы, якія даверылі будатрадаўцам.

— Усіх нас аформілі як дапаможных рабочых, — распавядае Пётр Пільнік. — Таму займаемся самай рознай працай — ад прыбірання тэрыторыі і мантажу агароджаў да ўсталявання апалубкі пад фундамент. Працуем з васьмі раніцы да пяці вечара. Тыя, хто заставаўся на падоўжаныя змены (яшчэ дзве гадзіны) і выходзіў па суботах, атрымалі больш як па 8 мільёнаў. Хто асабліва не перанапружваўся, зарабіў па 6. Украінцы былі вельмі задаволеныя, бо ў іх цяпер цяжка зарабіць столькі за месяц.

Будатрад імя 70-годдзя Перамогі будзе працаваць на «Дынама» да апошняга дня лета, праўда, ужо без замежных гасцей. Нашы хлопцы кажуць, што на гэтым іх праца тут наў-
рад ці скончыцца. Пятра зусім хутка чакае размеркаванне, і ён плануе пагаварыць з начальнікам будоўлі, каб сённяшняга студэнта ўзялі на аб'ект ўжо ў якасці маладога спецыяліста. Хлопец хоча паўдзельнічаць у працы, калі на стадыёне будуць узводзіцца новыя канструкцыі. Аляксей жа ўпэўнены, што і праз год летні адпачынак для яго заменіць праца ў будатрадзе — надта запамінальныя эмоцыі ён атрымаў тут сёлета.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.