Вы тут

Чаму матылі ўпадабалі гарышчы, альбо як зімуюць лускакрылыя


Са школьных гадоў мы ведаем: матылькі — гэта насякомыя з поўным пераўтварэннем. Яйка трансфармуецца ў вусеня, затым у кукалку, і нарэшце становіцца дарослым матыльком — імага. Цікава, што розныя віды «лятаючых кветак» зімуюць на адной з пералічаных стадый (зімоўка доўжыцца прыкладна паўгода). Пра асаблівасці гэтага няпростага перыяду ў жыцці насякомых распавёў навуковы супрацоўнік лабараторыі наземных бесхрыбетных жывёл Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па біярэсурсах Анатоль КУЛАК.

[caption id="attachment_107408" align="alignnone" width="600"]Дзён­нае паў­лі­на­ва во­ка зі­муе  на ста­дыі іма­га і ад­но з пер­шых  пра­чы­на­ец­ца пас­ля спяч­кі. Дзён­нае паў­лі­на­ва во­ка зі­муе на ста­дыі іма­га і ад­но з пер­шых пра­чы­на­ец­ца пас­ля спяч­кі.[/caption]

Звычайна матылі «кладуцца спаць» у канцы восені — кастрычніку-лістападзе. Дарослыя асобіны ўпадаюць у здранцвенне. Падчас «забыцця» матылі расходуюць мінімум энергіі, усе працэсы жыццядзейнасці ў іх моцна запавольваюцца, таму патрэба ў харчаванні адпадае сама па сабе. Звычайна халады яны перажываюць пад снегам. Напрыклад, лімонніца запаўзае пад апалае лісце, а ў сакавіку выбіраецца са свайго сховішча.

— Некаторыя віды матылькоў могуць зімаваць побач з чалавекам, — адзначае Анатоль Кулак. — З іх ліку прадстаўнікі сямейства німфалід, зубчатакрылая соўка, некаторыя молі. Матылі аблюбавалі для зімоўкі гарышчы і падвалы, склепы. Іх здранцвеласцю карыстаюцца павукі і мышы, якія харчуюцца нерухомымі насякомымі. Таму не здзіўляйцеся, калі вясною ў падвале заўважыце рэшткі крыльцаў. Зрэдчас крапіўніца альбо дзённае паўлінава вока прабіраюцца ў кватэры. Аднак у чалавечым жытле яны гінуць, бо перасыхаюць ад недахопу вільгаці ў паветры.

Большасць відаў матылькоў зімуюць у выглядзе вусеня і кукалкі. Знешне гэтыя формы зазвычай маюць непрыкметную афарбоўку, што дазваляе ім хавацца ад птушак. Для спячкі выбіраюць зацішныя мясціны, хаваюцца ў расколінах пад карой дрэў, у траве альбо лісці. Падчас моцнай адлігі вусені здольны перасоўвацца на невялікія адлегласці. У такой форме зімуе большасць відаў самага вялікага сямейства — совак, або начніц. Вусені мядзведзіцы перад спячкай плятуць сабе кокан: у камфортным сховішчы яны адчуваюць сябе абароненымі ад непагадзі і галодных драпежнікаў. На стадыі кукалкі зімуюць шкодныя прадстаўнікі бялянак: капусны бялян, бялянка бручкавая і рэпавая.

Яйка лічыцца самай уразлівай і крохкай формай матыля. Нямногія віды прыстасаваліся да зімоўкі ў такім «рызыкоўным» выглядзе. У асноўным гэта асеннія начныя віды — напрыклад, пядзенікі зімні і чубаты. Выгада ад падобнай зімоўкі таксама ёсць: позняй восенню на матылькоў не палююць кажаны і птушкі, якія ўжо адляцелі ў вырай. А ўвесну маладыя вусені пачнуць харчавацца спажыўнымі маладымі лісцікамі, з-за чаго наносяць вялікую шкоду лясным культурам. На стадыі яйка зімуе матыль-чырвонакніжнік мнемазіна, альбо чорны апалон. Прачынаюцца матылі ў асноўным падчас цвіцення нектараносных раслін, то бок у канцы красавіка—пачатку мая.

Анатоль Кулак адзначае, што частцы відаў цяжка адаптавацца да кліматычных змен і тэарэтычна яны могуць знікаць, як, напрыклад, жыхары верхавых балот перламутраўкі фрэя і фрыга. Тым не менш апошнім часам навукоўцы сталі часцей знаходзіць цеплалюбівыя віды матылёў.

Цікава, што ў далёкім мінулым, як мяркуюць навукоўцы, матылькі не ўпадалі ў спячку. Яны маглі перажываць усе стадыі пераўтварэння па некалькі разоў за год. Дарэчы, частка нашых відаў сёння так сябе і паводзіць, праўда, толькі ў цёплы час. З надыходам халадоў альбо, наадварот, гарачага і засушлівага сезона, калі немагчыма харчавацца ці актыўна рухацца, у працэсе эвалюцыі лускакрылыя пачалі адаптавацца да новых умоў. Для нашых шырот найбольш спрыяльнай лічыцца зімоўка матылёў у стадыі вусеня і кукалкі.

Кацярына РАДЗЮК

Фота Анатоля КУЛАКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.