Вы тут

У адным танцы з зоркамі


Адзін з сёлетніх лаўрэатаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў — 18-гадовы студэнт І курса факультэта камп'ютарных сістэм і сетак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Дзмітрый МІХАЙЛАЎ. Ён стаў ім дзякуючы сваім поспехам на 9-й міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы. Спаборніцтвы праходзілі гэтым летам у Інданезіі, і там Дзмітрый заваяваў бронзавыя медалі конкурсу. 


Беларуская каманда на алімпіядзе ў Інданезіі. Дзмітрый — у цэнтры.

 — Насамрэч, цікаўнасць да астраноміі была вынікам любові да фізікі, — усміхаецца хлопец. — Фактычна астраномія — гэта тая ж фізіка, толькі ў большых маштабах, сусветных. Таму і заданні на алімпіядах звычайна нагадваюць фізічныя. Скажам, ёсць умоўны метэарыт, які па нейкай траекторыі з пэўнай хуткасцю рухаецца ў бок Зямлі. Трэба пралічыць, ці сутыкнецца ён з нашай планетай. Калі так, то колькі энергіі выдзеліцца пасля ўдару, калі не — на якой адлегласці ён пройдзе. Але практычны аспект ніхто не адмяняў: ёсць і заданні на веданне зорнага неба, і ўменне арыентавацца ў прасторы пры дапамозе зорак.

У алімпіядах па астраноміі Дзмітрый пачаў удзельнічаць яшчэ ў 9 класе, прытым што ў школьным курсе выкладанне гэтага прадмета пачынаецца толькі ў 11-м. Ён наведваў факультатыў, арганізаваны маладой настаўніцай, якая сама раней брала ўдзел у такіх конкурсах. Сёлета па выніках рэспубліканскай алімпіяды адзінаццацікласнік сталічнага ліцэя №2 увайшоў у лік васьмі найлепшых. Пасля выніковага адбору быў вызначаны спіс з пяці чалавек, якія і накіраваліся ў Інданезію.

— Нас добра падрыхтавалі, таму абышлося без нечаканасцяў, — кажа хлопец. — Падчас тэарэтычнага этапу трэба было рашаць задачы. У туры па аналізе даных — вызначыць, пра якое нябеснае цела ідзе размова, вылічыць іншыя параметры, пабудаваць графікі і г.д. Напрыклад, сказаць, якога тыпу зорка «загадана», і назваць іншыя яе характарыстыкі. Яшчэ было два практычныя этапы па назіранні за зорным небам. Першы — у планетарыі. Там прасілі знайсці якую-небудзь яркую зорку, адшукаць лішні аб'ект на небе ці, напрыклад, вылічыць час сутак па зорках. Другі праходзіў у будысцкім храме Барабудур. За некалькі гадзін да пачатку нам раздавалі міні-тэлескопы ў разабраным відзе: трэба было іх сабраць, навесці на Месяц, намаляваць, дзе праходзіць лінія раздзелу асветленай і неасветленай частак (у астранамічнай тэрміналогіі яе называюць тэрмінатарам), знайсці паўднёвы і паўночны полюсы спадарожніка і кратар Ціха, названы ў гонар дацкага астранома Ціха Браге. Яшчэ прасілі па памяці замаляваць участак зорнага неба. Астранамічная памяць хлопца сапраўды ўражвае. Па маёй просьбе ён лёгка пералічвае назвы ўсіх зорак, якія складаюць «коўш» Вялікай Мядзведзіцы, узгадвае самыя розныя лічбы і астранамічныя тэрміны...

Не дзіва, што беларуская каманда выступіла на высокім узроўні — Дзмітрый і прадстаўніца Ліцэя БДУ Настасся Капінская заваявалі бронзавыя медалі. Дзякуючы паспяховым выступленням на алімпіядах, цэнтралізаванае тэсціраванне Дзмітрыю здаваць не прыйшлося. Для атрымання вышэйшай адукацыі хлопец выбраў БДУІР, аб чым не шкадуе. Яму заўсёды хацелася займацца праграмаваннем, а на факультэце камп'ютарных сістэм і сетак даюць, па яго словах, найлепшую базу для развіцця ў любым кірунку. Ужо ёсць і свой праект — разам з сябрамі яны плануюць распрацоўку камп'ютарнай гульні ў жанры стратэгіі. Перспектыва займацца спартыўным праграмаваннем яму таксама даспадобы.

Дарэчы, на фізіцы і IT цікаўнасці Дзмітрыя не заканчваюцца. Хлопец сам кажа, што любому фізіку трэба цікавіцца лірычным, а кожнаму лірыку не забывацца на фізічнае. Думку ён падцвярджае ўласным прыкладам — ужо шмат гадоў іграе на фартэпіяна і саксафоне, а яшчэ займаецца... ірландскімі танцамі.

— Мне ўвогуле імпануе культура Ірландыі, а танцы — адна з самых яскравых яе праяў. Зацікавіўся, калі вучыўся ў ліцэі. Наш выкладчык гісторыі таксама танцаваў і паралельна арганізаваў нешта накшталт гуртка. Пасля аднаго з іх канцэртаў прыйшоў на заняткі, неяк так і «ўцягнуўся». Ёсць калектыўныя танцы — кейлі. Іх структура жорстка прапісана, таму ніякай імправізацыі там няма, ацэньваецца ў першую чаргу выканаўчае майстэрства, сінхроннасць, — кажа хлопец. — А вось у сольных — на кожны рытм музыкі свае кампазіцыі, шмат розных рухаў. Гэта весялей, больш прасторы для творчасці.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.