Вы тут

Сем’і з дзецьмі: дзяржпадтрымка мацярынскага "капіталу"


Ці стаіць яшчэ на парадку дня пытанне аб увядзенні ў нашай краіне мацярынскага капіталу? Якія далейшыя меры плануюцца ў Беларусі па падтрымцы сем'яў з дзецьмі? На гэтыя і іншыя пытанні можна было атрымаць адказы падчас анлайн-канферэнцыі на сайтах Мінпрацы і сацыяльнай абароны і БЕЛТА. У ёй прынялі ўдзел намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр РУМАК, прадстаўнікі аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

— У якім аб'ёме выплачана матэрыяльная дапамога беларускім сем'ям на падрыхтоўку дзяцей да школы? Ці аднолькавая яна ў раёнах?

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр РУМАК:

— У рамках Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі, з 2012 года робіцца штогадовая выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да навучальнага года сем'ям, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, якія навучаюцца ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, у памеры да 30% бюджэту пражытачнага мінімуму, дзеючага на 1 жніўня каляндарнага года, на кожнага навучэнца. Бюджэт пражытачнага мінімуму на 1 жніўня 2013 года складае 1026290 рублёў. Матэрыяльная дапамога аказваецца ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі, зыходзячы з магчымасцяў мясцовых бюджэтаў.

Зараз выплата матэрыяльнай дапамогі працягваецца. Вынікі будуць падведзены да 1 кастрычніка.

— Планавалі для жанчын, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў, арганізаваць бясплатныя курсы па павышэнні кваліфікацыі або атрыманні новай прафесіі. На якой стадыі гэтае мерапрыемства?

Аляксандр РУМАК:

— У 2011 годзе Мінпрацы і сацабароны выходзіла з прапановай па змяненні і дапаўненні заканадаўства аб занятасці, у тым ліку аб прадастаўленні жанчынам, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, магчымасці праходжання прафесійнага навучання па накіраванні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Аднак унясенне названых змяненняў і дапаўненняў у цэлым падтрымана не было. Такім чынам, цяпер праходжання прафесійнага навучання па накіраванні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне жанчынамі, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, заканадаўча не прадугледжана, бо гэтая катэгорыя грамадзян адносіцца да занятага насельніцтва і не можа быць зарэгістравана ў якасці беспрацоўнага. У адпаведнасці з заканадаўствам аб занятасці, на прафесійнае навучанне могуць быць накіраваны толькі грамадзяне, якія ва ўстаноўленым парадку зарэгістраваны ў якасці беспрацоўнага.

— Калі будзе створана сістэма льготнага крэдытавання шлюбных пар, якія пакутуюць на бясплоддзе, для правядзення экстракарпаральнага апладнення?

 

Аляксандр РУМАК:

— Праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае прадастаўленне грамадзянам Беларусі крэдыту на льготных умовах для правядзення аплаты экстракарпаральнага апладнення, распрацаваны Міністэрствам аховы здароўя і прадстаўлены на разгляд ва ўрадзе.

— Ці плануецца ўстанавіць у Беларусі адміністрацыйную адказнасць за нясвоечасовую выплату дзіцячых дапамог? Ці патрэбна такая мера?

Аляксандр РУМАК:

— Дзяржаўныя дапамогі, прызначаныя па месцы працы, выплачваюцца ў дні, устаноўленыя для выплаты заработнай платы. Пры гэтым выплата дапамог, назначаных па месцы працы, ажыццяўляецца ў лік налічаных абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

У выпадку нясвоечасовай выплаты заработнай платы ва ўстаноўленыя тэрміны або пры недахопе страхавых узносаў фінансаванне выплаты дапамог ажыццяўляецца органамі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Акрамя таго, Законам Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2012 года "Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей" і Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 № 498 "Аб дадатковых мерах па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб" прадугледжана магчымасць абскарджання дзеянняў наймальніка і органаў Фонду пры невыкананні імі заканадаўства аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, у вышэйстаячыя органы Фонду, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны або ў суд.

Цяпер пытанне аб устанаўленні адміністрацыйнай адказнасці наймальніка за нясвоечасовую выплату дапамог прапрацоўваецца Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны.

— Ці вызвалены ўжо ад прызыву на ваенную службу, службу ў рэзерве бацькі, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей?

Кансультант аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана БЕЛАШ:

— Законапраект, які прадугледжвае вызваленне ад прызыву на ваенную службу бацькоў, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, распрацаваны Міністэрствам абароны і разгледжаны ў першым чытанні.

— Планавалася прадаставіць паслугі нянькі няпоўным сем'ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, і сем'ям, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей-інвалідаў, — да дасягнення дзецьмі-інвалідамі ўзросту 4 гадоў, а таксама сем'ям пры нараджэнні двайнят і больш дзяцей — да дасягнення дзецьмі трохгадовага ўзросту. Калі пачнуць аказваць гэтую паслугу?

Святлана БЕЛАШ:

— Сёлета ў першым паўгоддзі зацверджана нарматыўна-прававая база, якая рэгулюе парадак прадастаўлення паслуг нянькі. Каб атрымаць гэтую паслугу, неабходна звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы жыхарства.

— Згодна з новымі правіламі прызначэння бальнічных, у якім памеры будуць выплачвацца дэкрэтныя маладой жанчыне, якая прыйшла на працу адразу пасля заканчэння ўстановы адукацыі і не плаціла раней узносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва?

Галоўны інспектар-урач аддзела сацыяльнага страхавання Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Мінпрацы і сацабароны
Святлана МАЦУЛЕВА:

— Жанчынам, якія працуюць на аснове працоўных дагавораў (кантрактаў), членства (удзелу) у юрыдычных асобах любых арганізацыйна-прававых формаў за якіх, а таксама якімі ў выпадках, устаноўленых заканадаўствам, абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне выплачваліся менш чым за 6 месяцаў да ўзнікнення права на дапамогу па цяжарнасці і родах, гэтая дапамога прызначаецца ў мінімальным памеры.

Мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах у месяц устанаўліваецца ў памеры 50% ад найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага Саветам Міністраў Беларусі за два апошнія кварталы адносна кожнага месяца водпуску па цяжарнасці і родах.

— Ці плануецца ў Беларусі адкрыццё прытулкаў для непаўналетніх маці з дзіцем?

Святлана БЕЛАШ:

— Рашэнне аб адкрыцці прытулкаў для непаўналетніх маці з дзіцем прымаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. У Мінску такі прытулак адкрыты.

— У Беларусі шмат кажуць аб падтрымцы шматдзетных сем'яў, нямала робіцца ў гэтым кірунку. Пашану і павагу аказваюць шматдзетным маці. Але ці не прыйшоў час павышаць статус бацькі шматдзетнага сямейства? У першую чаргу, даўшы яму тыя ж працоўныя льготы, што і шматдзетным мамам. Якія меры плануе міністэрства ў гэтым кірунку?

Аляксандр РУМАК:

— Безумоўна, у маці першаснае права на атрыманне працоўных і сацыяльных ільгот па прыродзе мацярынства — выношвання дзяцей, нараджэння дзіцяці, кармлення. Разам з тым, заканадаўства аб працы (у прыватнасці, арт. 271 Працоўнага кодэкса)прадугледжвае распаўсюджванне гарантый у частцы недапушчэння скасавання працоўнага дагавора па ініцыятыве наймальніка, акрамя выпадкаў ліквідацыі арганізацыі, спынення дзейнасці ІП, а таксама па падставах, прадугледжаных пп. 4, 5, 7, 8 і 9 артыкула 42 Працоўнага кодэкса і пунктамі 1 — 3 артыкула 47 ПК РБ, бацькам, якія працуюць і якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці замест маці. Акрамя таго, Указам Прэзідэнта Беларусі ад 4.12.2000 года № 180 прадугледжана падаўжэнне (заключэнне новага) кантракта бацьку, які знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў (да заканчэння названага водпуску), альбо бацьку, які датэрмінова пачаў працаваць альбо які выйшаў з такога водпуску — да дасягнення дзіцем узросту 5 гадоў.

Артыкулам 265 ПК РБ прадугледжана права бацьку на прадастаўленне аднаго вольнага ад працы дня ў тыдзень (месяц).

— Ці стаіць яшчэ на парадку дня пытанне аб увядзенні мацярынскага капіталу ў Беларусі?

Кансультант аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана КОВАЛЬ:

— Гэтае пытанне прапрацавана НДІ працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў рамках выканання Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады. Па выніках навукова-даследчай работы зроблены вывад аб тым, што ўвядзенне дадатковых мер эканамічнай падтрымкі сям'і ў рамках сямейнага капіталу мэтазгодна з 2016 года. Пры распрацоўцы праекта Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі да 2020 года гэтае пытанне будзе разглядацца з улікам фінансавых магчымасцяў дзяржавы.

Падрыхтавала
Святлана БУСЬКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.