Вы тут

Новая каралева прыгажосці жыве на Філіпінах


А беларуска Вераніка Чачына заваявала тытул «Міс Suрrаnаtіоnаl Еўропа»

Вечарам мінулай пятніцы ў Мінску фінішаваў міжнародны конкурс прыгажосці «Mіss Suрrаnаtіоnаl 2013». Прадстаўніцы 83 краін (напярэдадні фіналу з дыстанцыі сышлі 2 ўдзельніцы — прадстаўніцы Шатландыі і Кюрасаа) радавалі вока гледачоў і строгага журы зладжанымі танцамі, каларытнымі нацыянальнымі строямі ды вячэрнімі ўборамі, а таксама абавязковымі для падобных мерапрыемстваў выхадамі ў купальніках. Акрамя прысутных — дарэчы зала Палаца спорту была запоўненая да стану «носа не ўбіць» — за спаборніцтвам самых абаяльных і прывабных маглі сачыць тэлегледачы ў больш як 100 краінах свету.

1378768140486_1

Экзотыка, джаз і чатыры кароны

Наколькі сур'ёзнай будзе барацьба паміж прыгажунямі і складаным выбар для журы, стала зразумела ўжо з першых хвілін імпрэзы, падчас выхаду ў нацыянальных строях. Падзеленыя па частках свету — Амерыка, Афрыка, Азія і Акіянія, Еўропа — дзяўчаты дэманстравалі без перабольшання ашаламляльнае відовішча. Крылы цудоўных матылькоў і птушак, дзівосныя кароны і маскі ў якасці галаўных убораў, золата і жамчужныя каралі, развясёлыя цыганскія матывы, веліч імператарскіх палацаў і падкрэсленая сціпласць сялянскага побыту — усё змяшалася ў адзіным калейдаскопе. «Міс Габон» Хілары Марсі Онда выйшла на сцэну басанож, «Міс Данія» Александрыя Айсінгер з'явілася ў вобразе гламурнага вікінга, а «Міс Тайланд» Тханіяпорн Шрысен уражвала накладнымі меднымі пазногцямі неверагоднай даўжыні. Што прыемна, на агульным стракатым фоне не згубілася беларуская канкурсантка. 17-гадовая Вераніка Чачына дэманстравала версію нацыянальнага касцюма ад дызайнера Наталлі Ляхавец — белая атласная сукенка з вышываным сіне-блакітным арнаментам, упрыгожаная стразамі Свароўскі, і сінім шаўковым шлейфам, распісаным з унутранага боку відамі Браслаўскіх азёраў (гэты малюнак выконваў мастак Андрэй Лагун). Капялюшык у выглядзе вялізнай валошкі для яркай бландзінкі Веранікі прыдумаў беларускі стыліст Аляксандр Кірынюк. Праўда, аналагічную кароткую сукенку з пышнай спадніцай і вельмі падобнае ўпрыгожанне ў выглядзе чырвоных макаў прадставіла «Міс Украіна» Кацярына Сандулава, так што складвалася ўражанне, нібыта дзяўчаты загадзя дамовіліся...

Як і абяцалі арганізатары, музычныя паўзы паміж дэфіле прыгажунь запоўнілі выключна айчынныя артысты — удзельніца «Еўрабачання-2013» Алена Ланская і джазавы калектыў Аляксандра Ліпніцкага Sуmрhоnіс Drіvе Оrсhеstrа, а таксама сярэбраныя прызёркі Алімпійскіх гульняў у Лондане па мастацкай гімнастыцы. Як патлумачыла рэжысёр-пастаноўшчык фінальнага шоу Анжаліна Мікульская, музычных нумароў знарок зрабілі няшмат, каб празмерна не зацягваць, а галоўнае, каб увага публікі і журы канцэнтравалася менавіта на ўдзельніцах конкурсу. Тым больш паглядзець было на што нават самым прыдзірлівым. Першы выхад у купальніках, дэфіле ў вячэрніх уборах, яшчэ два выхады: «снежны» ў бялізне і футравых аксесуарах і «пляжны» ў флюарэсцэнтных купальніках і, нарэшце, дэфіле ў вячэрніх сукенках беларускіх дызайнераў...

1378768143592_2

У шчаслівую дваццатку фіналістак, паміж якімі працягвалася барацьба за перамогу, рашэннем журы ўвайшлі прадстаўніцы Венесуэлы, Пуэрта-Рыка, Аўстраліі, Польшчы, Габона, Канады, Тайланда, Інданезіі, Віргінскіх астравоў, Люксембурга, Індыі, Мексікі, М'янмы, Філіпін, Расіі, Латвіі, Турцыі, Бразіліі, Украіны і, да нашай радасці, Беларусі.

Перад тым, як раскрыць інтрыгу «Mіss Suрrаnаtіоnаl», суддзі абвясцілі пераможцаў яшчэ ў некалькіх намінацыях. Так, узнагароду за лепшы нацыянальны касцюм атрымала экзатычная залатая дзяўчына-птушка «Міс Нікарагуа» Аляжандра Грос. Званне «Міс Інтэрнет» па выніках папярэдняга галасавання заваявала прадстаўніца М'янмы Хін Вінт Ва, якая набрала ў 2,5 раза больш галасоў, чым бліжэйшая саперніца з Тайланда. За пару дзён да фіналу «Міс Сяброўства» стала прадстаўніца Макаа Сара Лейшан, якую выбралі ўжо самі дзяўчаты. «Міс Азія і Акіянія» стала аўстралійская ўдзельніца Эсма Воладэр, «Міс Амерыка» — бразільская прыгажуня Ракель Бенэці, «Міс Афрыка» — канкурсантка з Габона Хілары Марсі Онда, а тытул «Міс Еўропа» дастаўся нашай Вераніцы Чачынай. Большасць з названых прызёрак відавочна засумавалі, зразумеўшы, што шансаў на галоўную карону ў іх амаль не засталося, і ўсё ж дзяўчаты «трымалі марку», ззяючы ўсмешкамі.

1378768145311_3

Акрамя галоўнай кароны, дарэчы, былі раздадзены яшчэ чатыры — па колькасці абраных віцэ-міс. Самую маленькую з іх атрымала 4-я віцэ-міс з Віргінскіх астравоў Эсоніка Вейра, крыху большая дасталася 3-й віцэ-міс — «міс Інданезія» Какордзе Істры Крыснанда Відані, яшчэ дзве ўпрыгожылі галовы 2-й віцэ-міс Лейлы Косе з Турцыі і 1-й віцэ-міс Джазеліны Маралес з Мексікі.

А каралевай прыгажосці і новай гаспадыняй кароны, якую перадала сваёй спадкаемцы «Mіss Suрrаnаtіоnаl 2012» беларуска Кацярына Бурая, стала 21-гадовая філіпінка Муція Джаана Датул — першая ў гісторыі конкурсу пераможца з Азіі. Між іншым, як адзначылі замежныя аглядальнікі конкурсу, на рахунку Філіпін — перамогі ў 4 з 5 вядучых конкурсаў прыгажосці ў свеце. Калі ў сёлетнім конкурсе «Міс Свету», які фінішуе 28 верасня, Філіпінам таксама ўсміхнецца ўдача, як прагназуюць многія спецыялісты, гэта будзе адзіная краіна, якая заваявала Гран-пры «Вялікага шлема» прыгажосці!

Пасля балю

...Не паспелі яшчэ сціхнуць апладысменты публікі, як на сцэне выбухнуў феерверк эмоцый. Адны дзяўчаты кінуліся віншаваць і абдымаць пераможцу, ласкава сціраючы ёй слёзы радасці, каб не пацякла туш, другія далі волю расстроеным пачуццям. Аргенцінская прыгажуня, якой прыхільнікі цалавалі рукі і запэўнівалі, што яна — найлепшая, ледзьве стрымлівала слёзы, а заплаканая расіянка Яна Дубнік не звяртала ўвагі на суцяшэнні свайго маладога чалавека. «Міс Венесуэла» Ані Фуэнмаёр, наадварот, усміхалася так шырока, нібыта менавіта яна выйграла конкурс, і палка абдымала сваіх братоў і бацьку, якія актыўна падтрымлівалі дзяўчыну падчас шоу. «Беларусь! Беларусь, пліз, фота!» — навыперадкі клікалі да сябе іншыя ўдзельніцы нашу Вераніку Чачыну. Да яе ледзьве прарвалася з віншаваннямі і пацалункамі мама — гэткая ж зграбная, як і дачка, бландзінка.

1378768147366_4

— Мы за Вераніку вельмі рады. Хоць і хацелася большага, натуральна, — прызналася «Звяздзе» Ірына Анатольеўна. — Бо вельмі шмат працавалі на самы высокі вынік. Але я рада ўжо таму, што нарэшце дачка прыедзе дадому і пабудзе з намі — падчас конкурсу не ўдавалася ні ўбачыцца, ні пагаварыць... Нагатую любімых страў, накармлю дачку як след.

— Яна ж удвая схуднела ў параўнанні з тым, якой была да конкурсу, — дадаў бацька Веранікі.

Як высветлілася крыху пазней, родныя абсалютна дакладна ўгадалі памкненні дзяўчыны. «Вельмі хачу пабыць са сваімі роднымі (я не бачыла іх тры тыдні), паесці і проста адпачыць», — пацвердзіла Вераніка.

«Mіss Suрrаnаtіоnаl 2013» Муція Джаана Датул, справіўшыся з першым радасным шокам, расказала, што пасля перамогі ў нацыянальным конкурсе прыгажосці ўзяла паўзу ў вучобе, але ў планах у яе — стаць паспяховай жанчынай і навучыць іншых дзяўчат, як дасягаць поспеху, у тым ліку ў конкурсах прыгажосці.

— Я вельмі ўдзячная Беларусі за магчымасць праявіць сябе ў гэтым конкурсе. У маім сэрцы назаўжды застануцца найлепшыя ўспаміны пра вашу краіну. Самае яркае, напэўна, — наш візіт у Белавежскую пушчу і дамок Дзеда Мароза. Я нібыта трапіла ў казку, адчувала сябе дзіцем і паўсюдна фатаграфавалася... Вельмі спадзяюся, што і беларусы змогуць убачыць і ацаніць хараство маёй роднай краіны — запрашаю ўсіх вас наведаць Філіпіны!

Атрыманы прыз — 25 тысяч долараў — дзяўчына плануе выдаткаваць на лячэнне сваёй хворай маці. А напрацягу наступнага года яна будзе выконваць абавязкі каралевы прыгажосці — удзельнічаць у модных паказах і шматлікіх дабрачынных мерапрыемствах у розных краінах свету, здымацца ў рэкламе.

Мінулыя тры тыдні для ўсіх канкурсантак былі хоць і цікавымі і насычанымі, але вельмі напружанымі і няпростымі. Таму на пытанне «Звязды» аб тым, чаго больш за ўсё хочацца пасля конкурсу, дзяўчаты наперабой загаманілі:

— Найперш выспацца як след! А потым паесці.

— Біг-мак і вішнёвая кола!

— Ооо, і зняць, нарэшце, абцасы!

— А я думаю пра тое, хто б мне дапамог сабраць чамаданы, бо заўтра трэба ўжо адлятаць дадому...

Зрэшты, у некаторых дзяўчат будзе час і адпачыць, і крыху пагуляць па горадзе, а таксама набыць беларускія сувеніры — апошнія ўдзельніцы конкурсу «Mіss Suрrаnаtіоnаl 2013» пакінуць нашу краіну напрыканцы гэтага тыдня.

Думкі ўголас

Можна доўга спрачацца аб тым, ці з'яўлюцца шоўмен і тэлевядучы Іван Вабішчэвіч і алімпійскі чэмпіён у грэблі на каноэ Аляксандр Багдановіч настолькі дасведчанымі знаўцамі дзявочай прыгажосці, каб увайсці ў склад міжнароднага журы. Можна не пагадзіцца з тым, што джазавы калектыў Аляксандра Ліпніцкага, роднага брата спявачкі Б'янкі, больш варты прадставіць музычную культуру Беларусі, чым «Песняры» ці «Стары Ольса». Можна да хрыпаты абмяркоўваць, наколькі неабходныя стразы Свароўскі ў нацыянальным уборы.
Але, па вялікім рахунку, гэта справа густу. Арганізатары ж абяцалі яркае, запамінальнае і высокатэхналагічнае шоу міжнароднага ўзроўню — яны гэта шоу зрабілі.

І, між іншым, атрымалі падзякі з многіх краін.

Асабіста мяне засмуціў іншы момант. Колькі ні ўглядалася ў залу, так і не ўбачыла ў руках гледачоў беларускіх сцягоў, маленькіх сцяжкоў ці хоць бы проста кветак. Чамусьці група падтрымкі Венесуэлы (чалавек 10) і сцяг прынесла, і за сваю прадстаўніцу (дый за беларуску таксама!) так горача «хварэла», што пазайздросціць варта. Суайчыннікі ж абмежаваліся апладысментамі і традыцыйнымі каментарамі на інтэрнэт-форумах пра тое, «як трэба было зрабіць, каб было лепш». Так і не навучыліся цаніць сваё і сваіх?..

Такія розныя

Большасць удзельніц сёлетняга конкурсу — студэнткі. Але ёсць і тыя, хто выйшаў у самастойнае дарослае жыццё: пераважна гэта мадэлі, актрысы. Самыя незвычайныя прафесіі сярод канкурсантак — у прадстаўніцы Нідэрландаў (яна медсястра, спецыялізуецца на псіхічных расстройствах) і Ганы (сакратарка прынца).

Самая маладая ўдзельніца прыехала з Гвадэлупы, ёй 17 гадоў, а самая дарослая з усіх — 27-гадовая канадка Сюзет Хернандэс.

Самая мініяцюрная — Ана Родас з Гватэмалы, яе рост усяго 167 сантыметраў, а самая высокая — прадстаўніца Камеруна Джаана Лоіс Меджа (181 см).

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Фота БЕЛТА.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.