Вы тут

Формы малыя, а памяць доўгая


Добрую памяць пакінулі пра сябе ў Ашмянах майстры садова-паркавага дызайну з усіх раённых прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гродзеншчыны.

Пасля конкурсу прафесійнага майстэрства «Кветкавыя фарбы» ў розных кутках горада з'явілася 17 кампазіцый — адна за адну прыгажэйшыя! Палюбавацца імі змогуць не толькі мясцовыя жыхары, але і госці, якія прыедуць у Ашмяны на абласныя «Дажынкі» і эканамічную выставу «Паўночны вектар Гродзеншчыны».

Ужо традыцыйна раёну, дзе праводзіцца свята аграрнікаў, «падстаўляе плячо» бюджэт вобласці, і распачынаецца навядзенне «марафету». І не па дробязях, а даволі значна. Напрыклад, у Ашмянах плануецца заасфальтаваць каля 6 кіламетраў вуліц і 1,7 кіламетра дваровых тэрыторый, прычым з пракладкай сетак і камунікацый; адрамантаваць фасады шэрагу будынкаў. Зразумела, гэта патрабуе значных фінансавых, матэрыяльных і працоўных затрат. Аднак толькі бюджэтнымі ўкладаннямі справа не абмяжоўваецца, зазначае старшыня Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч

. Неўзабаве трэба ўвесці два важныя для тутэйшых жыхароў, для здаровага ладу жыцця аб'екты — першую чаргу фізкультурна-аздараўленчага комплексу і футбольнае поле. Каб талакой дапамагчы са сродкамі, з добраўпарадкаваннем, вырашылі арганізаваць раённы суботнік.

1379453777276_18-18

Акрамя таго, ашмянцы апошнім часам упрыгожваюць горад так званымі малымі архітэктурнымі формамі. Прастора для ідэй у гэтай сферы неабмежаваная і наперадзе, мусіць, яшчэ шмат творчых знаходах. А пакуль — «ліст у канверце» каля пошты, «матылёк» каля ўнівермага, «дрэўца з райскімі яблычкамі» каля будынка ТАА «Будаўнік», «чалавечак з гарбузом» каля кавярні «Галактыка», «карэта з гарбузом» на вуліцы Чырвонаармейскай...

А які палёт фантазіі можа адбыцца дзякуючы, здавалася б, звычайным кветкам! Напрыклад, конкурсная кампазіцыя ашмянскіх кветкаводаў на чале з інжынерам садова-паркавага дызайну Вольгай Вайцяхоўскай пабудавана вакол... парусніка. Іх калегі з Ліды быццам запрашаюць у майстэрню мастака. На смаргонскім падворку — хатка з кветкавым дахам і калодзеж-журавель. На ваўкавыскім — вятрак. На дзятлаўскім — паравозік з вагончыкамі...

Дарэчы, удзельнікі конкурсу прыехалі ў Ашмяны з уласнымі кветкамі і іншымі матэрыяламі. Яны атрымалі ад гаспадароў пляцоўкі ў розных месцах горада і, як мае быць на спаборніцтвах, аднолькавы адрэзак часу для ўвасаблення сваіх «кветкавых» ідэй — тры гадзіны. Сярод сямі камандаў першай групы перамаглі лідчане, на другім месцы — гродзенцы, на трэцім — смаргонцы. У другой групе сярод дзесяці камандаў лепшымі прызналі кветкаводаў з Ашмян, Дзятлава і Скідаля. Акрамя таго, вызначылі лаўрэатаў у сямі намінацыях, у тым ліку за ўвасабленне нацыянальнага каларыту.

— Конкурсныя работы ацэньвала прафесійнае журы са спецыялістаў па пытаннях зялёнага будаўніцтва і кветкаводства. Не засталіся абыякавымі і многія гараджане — цэлымі сем'ямі прыходзілі палюбавацца на кампазіцыі, — кажа намеснік дырэктара Ашмянскага РУП ЖКГ Кацярына Лукашэвіч.

Каб потым, магчыма, зрабіць гэтак жа прыгожа і каля сваіх дамоў.

Хаця пасля конкурсу не абышлося і без лыжкі дзёгцю — пашкоджання кампазіцый. І гэта таксама нашы рэаліі, на жаль...

На здымках: кампазіцыі майстроў садова-паркавага дызайну з Ашмян і Ліды.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.