Вы тут

Агульная эканоміка


Чый усё ж такі горад Смаленск? Беларускі? Рускі? Мы будзем доўга і, думаю, безпаспяхова спрачацца, высвятляючы гэта. Дзякуючы Саюзнай дзяржаве і Адзінай эканамічнай прасторы краін Мытнага саюза лічыць Смаленск «сваім» могуць і адны, і другія. Тым больш, што ён знаходзіцца якраз пасярэдзіне паміж дзвюма сталіцамі — Мінскам і Масквой. Таму адна з галоўных роляў у драматургічным творы пад назвай «эканамічныя стасункі Беларусі і Расіі» для старажытнага горада была прадвызначана. І гістарычна, і тэрытарыяльна, і проста лагічна. Прыгранічнае супрацоўніцтва паміж Смаленскай вобласцю і Беларуссю бліскуча выконвае зададзеную ролю. Але ёсць, як і ў любой працы, пэўныя хібы: бізнес незадаволены ўмовамі дзейнасці і ўказвае на некаторыя заканадаўчыя праблемы, беларускія будаўнікі працуюць толькі на ўмовах субпадраду і іншае. Усё гэта было агучана на пасяджэнні «круглага стала» па прыгранічным супрацоўніцтве, якое адбылося ў Смаленску.

1380663450347_2-9

Высокі тавараабарот

«Смаленская вобласць займае выключнае геаграфічнае становішча, — сцвярджае Ігар Скобелеў, намеснік губернатара Смаленскай вобласці. — Яна размешчана на перакрыжаванні асноўных транспартных шляхоў, якія ідуць з цэнтра Расіі ў Беларусь і краіны Балтыі, у краіны Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, а таксама з паўночнага захаду на поўдзень Расіі. Мы мяжуем з Магілёўскай і Віцебскай абласцямі, якія адыгрываюць ключавую ролю ў развіцці знешнеэканамічнай дзейнасці нашай вобласці». Тым больш што смалян увогуле складана назваць іншаземцамі: там норма беларуска-руская сям'я. Сам намеснік губернатара, як высветлілася, карэнны беларус. Па яго словах, адміністрацыя Смаленскай вобласці актыўна падтрымлівае расійска-беларускую інтэграцыю: «На тэрыторыі нашай вобласці дзейнічаюць больш за 80 арганізацый з беларускім капіталам. Беларусь з'яўляецца найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Смаленскай вобласці, уваходзіць у дзясятку краін — найбуйнейшых гандлёвых партнёраў і займае там першае месца. Знешнегандлёвы абарот у доларах ЗША склаў за 2012 год 1,637 млрд. Гэта больш за палову ўсяго тавараабароту вобласці. Пры чым гэта больш, чым у 2011 м, прыкладна на 20%. Агульны аб'ём тавараў, накіраваных у Беларусь у 2012 годзе, склаў 478,5 млн долараў. З Беларусі ў 2012 годзе да нас прыйшло імпарту на суму 1,158 млрд долараў. Гэта амаль 63% усяго імпарту». Дарэчы, экспарт у Беларусь складаецца з машын, абсталявання, транспартных сродкаў, чорных і каляровых металаў і хімічнай прадукцыі. Наш імпарт мае такую структуру: машыны, абсталяванне, харчовыя тавары, сельскагаспадарчая сыравіна і хімічная прадукцыя.

Здаровая канкурэнцыя

Уладзімір Архіпенкаў, прэзідэнт Смаленскай гандлёва-прамысловай палаты, пацвярджае сур'ёзнасць стасункаў з нашай краінай тым, што «з усімі гандлёва-прамысловымі палатамі рэгіёнаў Беларусі заключаны пагадненні, якія насамрэч напоўнены канкрэтнымі справамі». На думку кіраўніка палаты, тая колькасць прадпрыемстваў, якія створаны сумесна, — гэта вынік узаемнавыгаднай дзейнасці Беларусі і Смаленскай вобласці. Асобна Уладзімір Архіпенкаў адзначыў, што «пяць гадоў таму мы стварылі ў Смаленску Асацыяцыю гандлёва-прамысловых палат Прыдняпроўя. Сёння яна аб'ядноўвае 18 рэгіёнаў Расіі, Беларусі і Украіны. Пакуль яна выконвае больш інфармацыйную функцыю, але мы імкнёмся рэалізоўваць пэўныя праекты». Віктар Кажэўнікаў, начальнік дэпартамента эканамічнага развіцця Смаленскай вобласці, тлумачыць эфектыўнае супрацоўніцтва яшчэ і тым, што эканомікі Смаленскай вобласці і Беларусі, асабліва прыгранічных раёнаў, па структуры падобныя. «Гэта спрыяе як кааперацыі прадпрыемстваў, так і канкурэнцыі пэўных таваравытворцаў. Але гэта здаровая канкурэнцыя. Заўсёды ўзнікае пытанне наконт канкурэнцыі паміж краінамі з розным коштам фактараў вытворчасці, а тут гэтага няма. Умовы сапраўды падобныя», — запэўнівае чыноўнік. У якасці прыкладу ён прыводзіць некалькі сумесных праектаў: «Вытворчасць халадзільнікаў «Атлант» на базе ААТ «Айсберг», зборка трактароў «Беларус» на ААТ «Смалспецтэх». Акрамя таго, збіраемся будаваць птушкафабрыку ў Кардымаўскім раёне з дапамогай беларускага прадпрыемства ААТ «Сервалюкс». Хочам стварыць выставачны цэнтр «Забудова» для продажу будматэрыялаў».

Прыцягальныя ўмовы

Чамусьці яны не на нашым баку. Генадзь Якаўлеў, першы намеснік начальніка дэпартамента Смаленскай вобласці па прамысловасці, транспарце і дарожнай гаспадарцы, адказваючы на пытанне «Звязды» аб тым, ці ствараюць смаленскія прадпрымальнікі вытворчасці ў Беларусі, паведаміў: «На розных этапах нашага ўзаемадзеяння былі розныя ўмовы гаспадарання ў дзвюх краінах. І гэта паўплывала на колькасць сумесных прадпрыемстваў, якія з'яўляліся на пэўным этапе ў той ці іншай краіне. Сёння ў нас каля 80 сумесных прадпрыемстваў. А на тым баку (у Беларусі. — Аўт.) мы можам сказаць толькі аб 3—5 прадпрыемствах, бо ўмовы гаспадарання на расійскім баку больш прыцягальныя для вядзення бізнесу».

Вываз капіталу ў Беларусь?

І гэта не адзіная праблема. Генеральны дырэктар ТАА «Гломан», якое займаецца будаўнічай вытворчасцю, Іван Якушаў канстатуе цяжкасці пры супрацоўніцтве з беларускімі калегамі ў заканадаўстве: «Сітуацыя з палітыкай уліку ПДВ пры экспарце ў Беларусь вельмі пужае многія кампаніі сярэдняга і малога бізнесу. Мы разумеем, што калі мы працуем з Расіяй, а частку тавараў ці паслуг экспартуем у Беларусь, то потым маем падатковыя праверкі. Тут трэба дапрацаваць яшчэ. Можа быць, можна стварыць на базе Смаленскай вобласці нейкую свабодную эканамічную прастору, дзе мы не будзем кампенсаваць ПДВ, а ў Беларусі не будуць плаціць пры працы са смаленскімі кампаніямі. Тады мы вельмі моцна зменім сітуацыю з тавараабаротам». У той жа час Іван Якушаў «паскардзіўся» на даволі хітрую і эфектыўную працу беларусаў на смаленскай зямлі: «Беларусы працуюць у нас вельмі эфектыўна і ў многім нас значна апярэджваюць. Мы ладзім выставы-кірмашы смаленскіх тавараў, якія накіраваны на падтрымку смаленскіх таваравытворцаў. Беларускія партнёры вельмі актыўна ўдзельнічаюць у гэтых выставах. Атрымліваецца, што каўбасу мы з'ядзім, а грошы ўвозяцца назад у Беларусь. І яшчэ: для мяне стала адкрыццём, што ў кожнай кампаніі-забудоўшчыку ў Мінску ёсць штатны супрацоўнік па продажы нерухомасці, які знаходзіцца ў Маскве ці Санкт-Пецярбургу. У мяне ў самога жонка беларуска. І мы назіраем пэўны вываз капіталу ў Беларусь».

Узор для сельскай гаспадаркі

Пэўную зайздрасць выклікаюць у смалян і нашыя сельскагаспадарчыя поспехі. Таццяна Рыбчанка, начальнік дэпар-
тамента Смаленскай вобласці па сельскай гаспадарцы і харчаванні, заяўляе: «Мы абапіраемся на тэхналагічныя дасягненні і вопыт Беларусі ў вядзенні сельскай гаспадаркі. Мы разумеем, што рэспубліка вельмі далёка прасунулася ў гэтым пытанні. Для нас абмен гэтым вопытам вельмі важны. Мы штогод з'яўляемся ўдзельнікамі выставы «Бел-
агра». Нашы спецыялісты нават навучаюцца ў Беларусі ў межах павышэння кваліфікацыі. Таксама мы хочам заключаць канкрэтныя дагаворы. Напрыклад, нас цікавіць вырошчванне яравога і азімага рапсу. І мы хочам выкарыстаць беларускія тэхналогіі і назапашаны вопыт».

Беларусы будуюць Расію?

Уладзімір Архіпенкаў таксама паведаміў, што «вельмі шмат беларусаў працуе на будоўлях. І будуюць якасна». Намеснік губернатара вобласці дапоўніў, што «да нас больш выгадна ехаць на заробкі». Такім чынам, каля 30% работ, якія вяліся падчас падрыхтоўкі Смаленска да святкавання 1150 годдзя былі выкананы беларускімі кампаніямі. Але ў асноўным гэта быў субпадрад. Афіцыйнымі падрадчыкамі былі расійскія кампаніі. На маю думку, гэта зразумела, бо расіянам трэба ж было таксама зарабіць. Беларускія кампаніі просяць менш грошай за працу, а таму на розніцы паміж заказам для падрадчыка і субпадрадчыка можна добра зарабіць. Думаю, што беларускім будаўнікам было б больш выгадна выйграваць тэндары самім. Тым больш, расійскія калегі кажуць, што гэта цалкам верагодна.
Студэнты вяртаюцца на радзіму
Людміла Іванічэнка, начальнік дэпартамента Смаленскай вобласці па адукацыі, навуцы і справах моладзі, агучыла цікавую лічбу: «40% студэнтаў, якія навучаюцца ў Смаленску, — беларусы (гэта каля 5—6 тысяч чалавек). 80—90% з іх вяртаюцца ў Беларусь. Застаюцца тыя, хто ажаніўся ці знайшоў выгаднае месца працы». Дарэчы, многія навучаюцца па мэтавым накіраванні, таму расійскі бюджэт нічога не губляе — адукацыю аплачваюць прадпрыемствы. А вось у Беларусі навучаецца не больш за 5% студэнтаў-смалян.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ,фота аўтара.
г. Смаленск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.