Вы тут

«Марскі Сталінград» беларускіх пехацінцаў


Міжнародны грамадска-патрыятычны праект «Марское братэрства — непарушна!» аб'ядноўвае ветэранаў ваенна-марскога флоту з Беларусі і Расіі. Пра многія маштабныя акцыі праекта мы ўжо расказвалі. У рамках адной з іх — «Марскі Сталінград» — былыя маракі сабраліся ў беларускай сталіцы і ўзгадалі подзвігі нашых землякоў.

— Галоўная мэта акцыі — вярнуць гісторыі забытыя імёны яе герояў, — зазначыў аўтар і кіраўнік праекта «Марское братэрства — непарушна!» Арсеній КРЫЦКІ. — Мала хто ведае, што Беларусь — радзіма 47 адміралаў. Цэнтральнай падзеяй праекта стане адкрыццё помніка-мемарыяла ваенным маракам-беларусам: марскім пехацінцам, падводнікам, лётчыкам, якія неслі баявую вахту на марскіх прасторах ад Калінінграда да Уладзівастока.

1381959441444_17-31

Сапраўды, у Беларусі дагэтуль няма ніводнага помніка, які нагадваў бы пра багатую флоцкую гісторыю нашай краіны. А між іншым, амаль 200 тысяч беларусаў служылі ў савецкім ваенна-марскім флоце. У бліжэйшыя гады сітуацыя будзе выпраўлена: у Мінску з'явіцца манумент маракам-беларусам. Акрамя таго, нашы ветэраны ваенна-марскога флоту ў хуткім часе плануюць стварыць уласную арганізацыю. У перспектыве і больш маштабныя задумы — будаўніцтва вучэбнага флоту Саюзнай дзяржавы і магчымасць марской адукацыі як для расійскай, так і для беларускай моладзі.
— Безумоўна, акцыя, якая праводзіцца ў рамках праекта «Марское братэрства — непарушна!», важная і вельмі неабходная, — падкрэсліў намеснік кіраўніка прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Анатоль КАМІСАРЧУК. — Прайшло шмат гадоў, нешта забываецца, а нешта і наўмысна замоўчваецца, гісторыя пачынае скажацца. І ў гэтых умовах важна паказаць, што мы сваю гісторыю памятаем, шануем і не забываем.
Акцыя «Марскі Сталінград» скіравана на тое, каб узгадаць пэўныя гістарычныя моманты і подзвігі. Узяць хаця б подзвіг нашых дэсантнікаў у горадзе Новарасійску, у вызваленні якога ўдзельнічаў ураджэнец Баранавічаў Георгій Нікіціч Халасцякоў. Пазней ён стаў Героем Савецкага Саюза. На Кубані нашага земляка памятаюць і любяць: ён — ганаровы грамадзянін Новарасійска і Геленджыка, яго іменем названы вуліцы гэтых гарадоў.
— У пытаннях памяці мы адзін народ: Беларусь і Расія былі адзінымі ў барацьбе з ворагам, адзіныя яны і ў памяці аб Вялікай Перамозе, — перакананы начальнік аддзела Расваенцэнтра пры ўрадзе РФ Аляксей ГАРДЗІЕНКА. — Праект «Марскі Сталінград», які ажыццяўляецца на тэрыторыі дзвюх дзяржаў, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Новарасійска і Таманскага паўвострава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта была адна з найцяжэйшых аперацый Вялікай Айчыннай вайны. І нягледзячы на тое, што яна мела стратэгічны і тактычны поспех ваенных рашэнняў, што былі прыняты савецкім камандаваннем, усё-такі тая ахвярнасць, якая была прынесена на алтар Перамогі ў гэтых баях, вядома ва ўсёй сусветнай марской гісторыі. Таму, перш за ўсё, мы аддаём даніну памяці загінулым — а гэта некалькі тысяч маракоў.
Так склалася, што вызваленне Новарасійска і Таманскага паўвострава ад гітлераўцаў супала з адраджэннем марской пяхоты. Няма такога роду войск, які б так моцна пацярпеў у гады Другой сусветнай вайны. У 1949 годзе гэты род войск быў папросту ліквідаваны. І толькі ў 1963 годзе было прынята рашэнне аб яго аднаўленні. І служба многіх беларусаў потым праходзіла ў часцях марской пяхоты на ўсіх чатырох флатах.

Вераніка КАНЮТА.


Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.