Вы тут

Рэальны сектар мае патрэбу ў стымуляванні


Стымуляванне рэальнага сектара эканомікі і нарошчванне экспарту павінны стаць аднымі з галоўных прыярытэтаў у 2014 годзе. На гэтым акцэнтаваў увагу прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна. Тут разглядаліся праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту, а таксама асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі на будучы год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр эканомікі Мікалай Снапкоў сказаў, што нарошчванне экспарту з'яўляецца галоўным фактарам росту эканомікі краіны. Перш за ўсё за кошт павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі і выкарыстання фінансавых інструментаў, што і стане асновай павышэння прадукцыйнасці працы і росту заработнай платы. Тэмп росту паказчыка экспарту тавараў і паслуг у 2014 годзе згодна з праектам указа «Аб важнейшых параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2014 год» вызначаны на ўзроўні 107,2 працэнта.

«На працягу дзесяцігоддзя аснову даходаў ад экспарту Беларусь атрымлівала ад трох галін: нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі, калію, чорнай металургіі. Менавіта яны фарміравалі да 48 працэнтаў экспартных патокаў. Максімум быў у 2012 годзе, — адзначыў Мікалай Снапкоў. — Менавіта іх скажаючы ўплыў на агульны экспарт адчуваецца сёння». Паводле ацэнак Мінэканомікі, экспарт у Расію ў 2014 годзе дасягне 110 працэнтаў. Такім чынам, адзначыў кіраўнік ведамства, для дасягнення ўзроўню 2012 года экспарт у іншыя краіны (акрамя Расіі і краін Еўрапейскага саюза) павінен быць забяспечаны за кошт 100-працэнтнай загрузкі магутнасцяў прадпрыемстваў па вытворчасці сельгасмашын, трактароў, аўтамабіляў, аўтобусаў, цэменту, шын, свініны, цукру, абутку. Ён дадаў, што ў аснову карэкціроўкі прагнозу на 2014 год пакладзена адпаведнасць фінансавых магчымасцяў і патрэб эканомікі ў наступным годзе.

Так, напрыклад, рост ВУП, паводле разлікаў Мінэканомікі, у 2014 годзе прагназуецца на ўзроўні 2,4 працэнта супраць раней прагназаваных 5,7 працэнта. Паказчык па прыцягненні прамых замежных інвестыцый устаноўлены ў аб'ёме $2,5 млрд.

«На гэты час у прагнозе 2014 года перагледжаны ўзровень інфляцыі да 14,5 працэнта (снежань да снежня). Гэта абумоўлена рэалізацыяй у плане стабілізацыі задачы па скарачэнні перакрыжаванага і бюджэтнага субсідзіравання і павышэння ўзроўню пакрыцця насельніцтвам затрат на жыллёва-камунальныя паслугі да 50 працэнтаў, а таксама ростам цэн на транспарт», — дадаў Мікалай Снапкоў.

Па выніках пасяджэння прэм'ер-міністр адзначыў, што згодны з агульнымі падыходамі фарміравання бюджэту на 2014 год, пры гэтым ён лічыць, што ў будучым годзе неабходна рэзкае зніжэнне стаўкі рэфінансавання. Міхаіл Мясніковіч даручыў у бліжэйшы час дапрацаваць праекты бюджэту і прагнозаў сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучы год. У дакументах, паводле слоў кіраўніка ўрада, павінны быць адлюстраваны падыходы, якія забяспечваюць развіццё эканомікі краіны.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.