25 Верасень, аўторак

Вы тут

Год беларускага старшынства — 365 спраў на карысць СНД


Фармальна перыяд старшынства Беларусi ў СНД яшчэ не скончыўся, як не скончыўся i каляндарны 2013 год. Але на пасяджэннi вышэйшага статутнага органа Садружнасцi Савеце кiраўнiкоў дзяржаў, якое запланавана на заўтра, 25 кастрычнiка, адбудзецца сiмвалiчная перадача старшынства Украiне. У свае новыя правы тая ўступiць толькi 1 студзеня будучага года, таму сёння самы час ацанiць папярэднiя вынiкi беларускага старшынства ў СНД.

Пастаянны паўнамоцны прадстаўнiк Беларусi пры статутных i iншых органах СНД Васiль Пугачоў лiчыць перыяд старшынства нашай краiны для Садружнасцi ў цэлым даволi эфектыўным:

— Традыцыйна кожны год у СНД абвяшчаецца нейкi агульны тэзiс, якi дапамагае сканцэнтраваць увагу краiн на тэме, аднолькава актуальнай для ўсёй Садружнасцi. Так, гэты год праходзiць пад знакам аховы навакольнага асяроддзя, што даволi сiмвалiчна для Садружнасцi.

Экалогiя — агульны клопат, як i тое, што застанецца нашым нашчадкам: лясы, жывёльны свет i ўсе раслiны, рэкi ды акiяны з усiмi насельнiкамi цi ўсё гэта на малюнках, у аранжарэях ды акварыумах. Для паветра, надвор'я, праблем клiмату i глабальнага пацяплення, тэхнагенных катастрофаў дзяржаўнай мяжы не iснуе. Менавiта такi падыход прапанаваў Мiнск. I, здаецца, быў пачуты ва ўсiх сталiцах СНД.

Асноўныя iнiцыятывы беларускага старшынства, накiраваныя на ўмацаванне патэнцыялу Садружнасцi, — гэта захады па павышэннi эфектыўнасцi ўзаемадзеяння дзяржаў СНД у частцы рэалiзацыi сумесных эканамiчных, iнвестыцыйных i iнавацыйных праектаў, у першую чаргу — у сферы мiжгалiновай i вытворчай кааперацыi. Па-за ўвагай iнтэграцыйнага органа не павiнна заставацца мiждзяржаўнае супрацоўнiцтва ў галiне космасу, транспарту, энергетыкi, сельскай гаспадаркi, тэлекамунiкацый, нана- i бiятэхналогiй. Нельга сказаць, што за год мы дабiлiся нейкiх ашаламляльных вынiкаў. Але зроблена галоўнае: усiм кiрункам супрацоўнiцтва адпаведнымi мерапрыемствамi, якiя праводзiлiся па iнiцыятыве i паўнавартасным удзеле беларускага боку, нададзены такi iмпульс, якi дазволiць супрацоўнiцтву актыўна развiвацца.

Канцэпцыя беларускага старшынства была сфармулявана проста i ёмка: «Iнтэграцыя на карысць чалавека». Таму галоўнымi тэмамi года сталi ўмацаванне добрасуседства, развiццё эканамiчнага супрацоўнiцтва краiн СНД, садзейнiчанне павышэнню даступнасцi экалагiчных тэхналогiй, пашырэнне дыялогу культур.

Усяго за гэты перыяд было арганiзавана i праведзена каля 70 мерапрыемстваў эканамiчнага, гуманiтарнага i мiжрэгiянальнага характару, арыентаваных на тое, каб iнтэграцыйныя працэсы прыносiлi канкрэтную карысць народам краiн Садружнасцi.

Экалагiчны акцэнт прысутнiчаў ва ўсiх iнiцыятывах. Не дзiва, што мерапрыемствы па «зялёнай» тэматыцы сталi цэнтральнымi. Менавiта па iнiцыятыве Беларусi прынята пагадненне аб супрацоўнiцтве краiн СНД у галiне аховы навакольнага асяроддзя, прайшла мiжнародная выстава-канферэнцыя «Чалавек, экалогiя, экапрадукцыя i тэхналогii», быў арганiзаваны ХI Рэспублiканскi экалагiчны форум i Мiжнародны «круглы стол» у Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, прысвечаны даступнасцi «зялёных тэхналогiй» у энергетыцы, выкарыстанню аднаўляльных крынiц энергii.

Тэма энергетычнай бяспекi, энергазберажэнне, выкарыстанне альтэрнатыўных крынiц сёння на парадку дня ўсiх краiн СНД. Таму дзясяткi аналагiчных мерапрыемстваў прайшлi ў многiх сталiцах Садружнасцi.

Ва ўсiм свеце назiраецца павышаная цiкавасць да выкарыстання ў розных галiнах эканомiкi аднаўляльных крынiц энергii. У дзяржаў — удзельнiц СНД ёсць у гэтай галiне неблагi патэнцыял. Кiруючыся мэтамi развiцця альтэрнатыўнай энергетыкi, у Беларусi i Украiне ёсць «зялёны» тарыф (тарыф на падключэнне), якi з'яўляецца эканамiчным i палiтычным механiзмам, прызначаным для залучэння iнвестыцый у тэхналогii выкарыстання аднаўляльных крынiц энергii.

Сутнасць увядзення спецыяльных тарыфаў у тым, што дзяржава або насельнiцтва купляе ў бiзнесменаў энергiю па спецыяльным, павышаным тарыфе.
I пабудова «чыстых» электрастанцый становiцца эканамiчна прывабнай.

Развiццё эканомiкi аднаўляльных крынiц энергii iдзе ва ўсiх дзяржавах Садружнасцi, але рознымi тэмпамi i па розных кiрунках. У Кiргiзii, Расii i Таджыкiстане з iх горнымi рэкамi ёсць значны патэнцыял развiцця вялiкай гiдраэнергетыкi, у Казахстане — ветра- i гiдраэнергетыкi, у Арменii — малой гiдраэнергетыкi, у Беларусi, Малдове i Расii — выкарыстання энергii з бiямасы. У Азербайджане, Украiне, Туркменiстане i Узбекiстане актыўна выкарыстоўваецца энергiя сонца i ветру.

Агульнай для дзяржаў Садружнасцi з'яўляецца неабходнасць дадатковага развiцця эканамiчных стымулаў выкарыстання сучаснай энергетыкi з улiкам моцнай канкурэнцыi з боку традыцыйнай. Дарэчы, гэтая праблема не ўнiкальная, з ёй сутыкнулiся ўжо многiя краiны свету. Беларускiя эксперты лiчаць, што трэба творча ўлiчваць досвед краiн, якiя прайшлi гэты шлях.

Таму па iнiцыятыве Беларусi пытанне аб канцэпцыi супрацоўнiцтва ў сферы выкарыстання аднаўляльных крынiц энергii i плане першачарговых мерапрыемстваў ўключаны ў парадак дня чарговага пасяджэння Савета кiраўнiкоў урадаў СНД, якое, як плануецца, пройдзе 20 лiстапада ў Санкт-Пецярбургу.

Аўтарытэтнай пляцоўкай, дзе праз прызму экалогii разглядаўся ўвесь спектр пытанняў мiждзяржаўнага супрацоўнiцтва, стаў мiнскi Форум творчай i навуковай iнтэлiгенцыi краiн Садружнасцi. Форум традыцыйна збiрае навукоўцаў, практыкаў, людзей, якiя прымаюць рашэннi, i моладзь, палёт фантазii якой яшчэ не абмежаваны вопытам, адказнасцю i ўвогуле стомленасцю жыццём. Дыскусii былi гарачымi, але менавiта спрэчкi здольны высечы тую iскру, якая стане азарэннем.

Галоўнай высновай амаль усiх дыскусiй форуму стала разуменне таго, што ад экалагiчнай свядомасцi трэба пераходзiць да экалагiчнага мыслення. Гэтага немагчыма дабiцца без сумесных намаганняў у сферы адукацыi, без акумулявання сучаснага вопыту i перадачы яго ўсiм зацiкаўленым суб'ектам. Менавiта таму на форуме было прынята рашэнне стварыць пастаянна дзейны навуковы клуб СНД — на ўзор вядомага i аўтарытэтнага «Рымскага клуба».

Але зразумела, што найбольш важкiм мерапрыемствам у рамках беларускага старшынства ў Садружнасцi з'яўляецца пасяджэнне кiраўнiкоў дзяржаў, якое адбудзецца заўтра, 25 кастрычнiка. Самiт прэзiдэнтаў, нягледзячы на запланаваны парадак сустрэчы з 17 пытанняў, — гэта больш палiтычнае мерапрыемства, гэта пратакол, урачыстасць. Таму прыемна, што на запрашэнне аб ўдзеле ў мiнскай сустрэчы прэзiдэнтаў краiн СНД адгукнулiся ўсе лiдары. Тым больш што з боку Мiнска для дарагiх гасцей таксама падарунак — сустрэча лiдараў краiн СНД адбудзецца ў новым палацы Незалежнасцi, якi толькi напярэдаднi быў здадзены будаўнiкамi.

Так што iх работу будуць прымаць i ацэньваць адразу на самым высокiм узроўнi.

Ларыса РАКОЎСКАЯ.

Загаловак у газеце: Васiль Пугачоў: «Год беларускага старшынства — не 365 дзён, а 365 спраў на карысць СНД»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. 

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.