Вы тут

Час прымірыў усіх


«Героі Першай сусветнай»

Ва ўсім свеце 11 лістапада ў 11 гадзін раніцы праходзіць агульнанацыянальная хвіліна маўчання. Людзі носяць каля сэрца чырвоныя макі, зробленыя з паперы, як сімвал пралітай крыві. Менавіта ў гэты дзень у 1918 годзе была пастаўлена фінальная кропка ў Першай сусветнай вайне, было падпісана пагадненне аб спыненні агнявых дзеянняў. Сёлета і ў беларускай сталіцы гэты дзень прайшоў пад знакам успамінаў пра мінулыя падзеі: адбылася прэзентацыя кнігі Вячаслава Бандарэнкі «Героі Першай сусветнай».

1384321175748_13-27

Гэтае выданне ўяўляе сабой 12 нарысаў — кароткіх біяграфій людзей, якія назаўсёды ўпісалі свае імёны ў гісторыю тых часоў. Сярод іх — выдатны палкаводзец і камандзір баявога карабля, сын вялікага князя і просты данскі казак, першы ў Расійскай імперыі лётчык-знішчальнік і сястра міласэрнасці, ваенны святар і бравы гусарскі афіцэр…

Кніга выйшла ў расійскім выдавецтве «Маладая гвардыя» ў прэстыжнай Серыі «ЖЗЛ» — «Жыццё знакамітых людзей» — накладам у 6000 экзэмпляраў. Аднак аўтар адзначае, што наўмысна рабіў яе з беларускім ухілам, бо лёсы многіх герояў, апісаных у кнізе, цесна звязаны з Беларуссю.

Выданне мае выдатную паліграфічную якасць. Яно дапоўнена старымі здымкамі, якія раней нідзе не друкаваліся. Сярод іх, напрыклад, унікальныя фота, зробленыя ў разбураным у 1915 годзе Брэсце. Вячаслаў Бандарэнка адзначае:

— Калі мы згадваем гэтую вайну менавіта ў сувязі з Беларуссю, то не можам не звярнуць увагу на тое, што яна нязмушана ўпісвае гісторыю нашай краіны ў агульнаеўрапейскі і сусветны кантэкст. Бо сярод ваеннаслужачых, якія змагаліся на нашай тэрыторыі, акрамя суайчыннікаў, былі самыя розныя людзі. На баку Рускай арміі тут змагаліся польскія, чэхаславацкія, і латышскія стралкі. Нягледзячы на тое, што Балгарыя аказалася сярод краін-ворагаў, у Рускай арміі былі і балгары. Мала хто ведае, што за нас тады ваявалі французскія лётчыкі… Калі разглядаць праціўнікаў, то Аўстра-Венгерская армія ўяўляла сабой вінегрэт: аўстрыйцы, венгры, харваты, сербы, славенцы, украінцы, немцы… Часта на нашай зямлі разыгрываліся поўныя жаху сцэны, калі з розных бакоў фронту маглі сыходзіцца прадстаўнікі адной нацыі. Але час усіх прымірыў. Сёння ў Беларусі можна знайсці вайсковыя могілкі, на якіх побач ляжаць былыя ворагі.

Гэтае выданне можна лічыць невялікай крыхой у даніне памяці, якая нашым загінулым прадзедам не была аддадзена. Героям Першай сусветнай не ўручалі юбілейных медалёў, не выплачвалі спецыяльных пенсій. У памяць аб іх не запальваюць Вечны агонь, і кветкі на Дзень Перамогі ім прыносяць вельмі рэдка. Таму так, у біяграфіях, напісаных па-мастацку цікава і надзвычай праўдзіва, лёсы рэальных герояў выплываюць з забыцця.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.