Вы тут

Так i з'еў бы!


АТН накрые стол «у савецкiм стылi»

Што агульнага памiж рыжскiмi шпротамi i селядцом iвасi, «Савецкiм шампанскiм» i «Кiеўскiм» тортам, плаўленым сырком «Дружба», шакаладам «Алёнка» i марозiвам за 20 капеек? Усё гэта — харчовыя сiмвалы Савецкага Саюза, якiя займалi пачэснае месца ў святочным i паўсядзённым меню мiльёнаў грамадзян вялiкай краiны...

Потым гэтыя прадукты знiклi з прылаўкаў савецкiх гастраномаў, дый самi гастраномы не вытрымалi нашэсця супермаркетаў. Але настальгiя па «тым самым» смаку засталася. Узгадаць яго беларусам дапаможа праект Агенцтва тэленавiн «Лёс гiгантаў-2» пад кодавай назвай «Гастраном».

Першы праект «Лёс гiгантаў» з поспехам прайшоў не толькi ў Беларусi, атрымаўшы па вынiках 2012 года Гран-пры ў прафесiйным конкурсе «Тэлевяршыня». Дакументальным цыклам гiсторый пра ўзлёт i падзенне найбуйнейшых прадпрыемстваў i марак СССР (Саратаўскi авiязавод, «Булгартытунь», «Уралмаш», «РАФ», матацыклы «Ява», аўтобусы «Iкарус» i шмат iншых) зацiкавiлiся i ў Расii, дзе шэраг рэгiянальных тэлеканалаў набыў правы на яго паказ.

— Мы доўга думалi, пра што яшчэ з савецкага мiнулага можна распавесцi. А тэма ляжала на паверхнi. Аднойчы нехта з маскоўскiх калег сказаў: «Якая смачная ў вас каўбаса — як савецкая!» — прыгадвае кiраўнiк АТН Кiрыл Казакоў. — Мы зачапiлiся за гэтую фразу i вырашылi зрабiць 10-серыйны цыкл пад агульнай назвай «Гастраном» — пра вядомыя калiсьцi прадуктовыя савецкiя брэнды i пра тое, што ад iх засталося цяпер.

Да пытання тэлевiзiёншчыкi падышлi грунтоўна: над праектам працавалi выключна аўтары, старэйшыя за 30 гадоў, хто сапраўды паспеў у дзяцiнстве зведаць смак «савецкiх» прадуктаў. А здымкi вялiся амаль паўгода на тэрыторыi некалькiх краiн — Расii, Беларусi, Украiны, Латвii i нават Германii, дзе, як высветлiлася, на аснове натуральнага рыслiнгу выраблялi сапраўднае «Савецкае шампанскае». Нямала намаганняў давялося прыкласцi i для таго, каб знайсцi для здымак аўтэнтычныя рэчы — напрыклад, вагi савецкага часу.

— Людзi дапытлiвыя, у прынцыпе, збольшага недзе чулi або чыталi пра ўсе гэтыя факты, — заўважае Кiрыл Казакоў, якi выступае ў якасцi вядучага «Лёсу гiгантаў-2». — Але мы i не прэтэндуем на сенсацыйныя адкрыццi i не сцвярджаем, што вырабленыя па савецкiх рэцэптах прадукты — найсмачнейшыя ў свеце. Задумка была зусiм iншая: напярэдаднi Новага года сабраць гледачоў каля тэлевiзараў i «смачна», цiкава распавесцi пра ўлюбёныя прадукты з iх дзяцiнства цi маладосцi.

Навошта ў «Доктарскую» каўбасу дадавалi салетру, цi праўда, што шпроты ў бляшанку ўкладваюцца ўручную, якой «пароды» насамрэч селядзец iвасi i з кiм судзiлася ўжо дарослая гераiня шакаладкi «Алёнка»? Пра ўсё гэта i не толькi — у перадсвяточным меню ад АТН. Пачнецца тэлевiзiйная дэгустацыя з шампанскага, а завершыцца, як заведзена, дэсертам — «Кiеўскiм» тортам.

Калi:

з 16 снежня па буднях.
Дзе: «Беларусь 1».

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.