Вы тут

Шаршатка


Шаршатка — самая знакамітая з іголак. Улюбёная «народная каралева», першародная, якая ніколі не была прынцэсай. Змораны пранізлівым холадам і ў выніку азораны прасвятленнем розуму, пра-пра...прапродак цяперашняга чалавека прыкладна 20 тысяч гадоў таму адразу вынайшаў якраз шаршатку, а не якую-небудзь іголачку-малюпашку, якой толькі і можна што вышываць дробненькім бісерам замілавальныя для вачэй малюнкі. Трэба ж было сшыць жывёльнымі жыламі целагрэйныя шкуры, каб абкруціцца імі, не сканаць ад ледніковай сцюжы — дык вось вам і шаршатка, з ашчэпка якой жывёльнай косткі ці суцэльнай косткі рыбіны...

29-16

Натуральна, што той далёкі-далёкі прашчур не ўсведамляў сябе беларусам, і зусім не таму, што жыў недзе на тэрыторыі цяперашняй Францыі або Швейцарыі. На той час яму дастаткова было толькі адрозніць сябе ад звяроў... А каб быў вынаходца беларусам, дык абавязкова ўчуў бы, як вялізная іголка з шаргаценнем прасоўваецца праз шкуру. Апошняе намаганне — і яна прарываецца разам з уцягнутай у шчылінку-вушка стоненай жылай: «Шарша-т-ка...» «Т-ка» — нібы корак з мікстуравай бутэлечкі адным рухам выцягнулі.

Згубіўшы шаршатку ў стозе сена, як ні круці, а маеш усё ж трошкі большую надзею знайсці яе, чым маленькую іголку. Але гэта я сказаў так, дзеля забаўкі.

Для мяне вельмі прывабнае тое, што «народная каралева» надзвычай літасцівая да сваіх састарэлых падданых.

Бывала, папросіць бабуля:

— Унучак, уцягні ў іголку нітку: колькі ні ўзіраюся, аніяк не магу вушка ўбачыць...

Тут жа падхопліваешся, спяшаешся хутчэй услужыць любай бабусі. Раз, два — і гатова. Прыемна, радасна, што дапамог, нібы якую вялікую справу зрабіў. Да таго ж міжволі ўсвядоміў, як табе яшчэ далёка да старасці — нібы да неба.

29-17

Але ніколі не прасіла мяне бабця ўцягнуць нітку ў шаршатку, сама спраўлялася: у шаршаткі ж куды большае вушка. Да таго ж задубелым на сіверы, звыклым курчыцца на цаўях грабель ды вілаў, на дзяржальнях сярпоў пальцам вясковых жанчын куды лацвей было падчас шыцця ўпраўляцца вялікай іголкай.

Няхай сабе шаршаткай не вельмі спрытна цыраваць тонкія шкарпэткі і панчохі, затое ёю зручна лапіць вопратку, асабліва з грубай тканіны, мужавы ватныя штаны ды фуфайкі. Іголачкай іх не абладзіш. А лапіць жа ў гады майго маленства даводзілася вельмі шмат: што і казаць, сялянская вопратка пры штодзённым завіханні на таку, пад шахой, у лесе, хляве хутка зношвалася, праціралася. А дзе ты на працадні што купіш? Ды і на мізэрную хрушчоўскую зарплату не разгонішся...

Мама, помню, дужа шмат лапіла — бацька ж, такі ў яго быў характар, шчыраваў на калгасным полі, не раўнуючы як на сваім. Дык шаршатка зноў і зноў выцягвалася з клубка моцных нітак. Лапікі мама рабіла спешна, накладныя, бывала, і з тканіны іншага колеру, бо толькі дурань імкнецца прытаіць ад людзей сваю беднату — саромеецца, як кавалер перад дзеўкамі.

А яшчэ мама ў маладыя гады прызвычаілася нават і вышываць шаршаткай. Не на пяльцах, вядома, а па тоўстым, шчыльным, пафарбаваным у чорны колер кужалі — наш беларускі арнаментальны ўзор, даволі вялікімі крыжыкамі, натуральна, каляровымі ніткамі... Атрымалася даволі прыгожая капа, якой доўгія гады маці засцілала адзін з ложкаў. Зберагаю гэты покрыў як прыемную згадку і па сёння...

Аднойчы, калі матуля на самоце жыла яшчэ ў вёсцы, прыехаў да яе ў выхадныя пагасціць-праведаць. Падаставаў з заплечніка харчы-пачастункі, а потым з другога засека — лёгкую хатнюю вопратку ды тэпці. Пераапрануўся, усунуў ногі ў мяккі абутак — авохці, з аднаго тэпця вялікі палец вытыркаецца. І не заўважыў, калі працерлася тканіна. «Прыеду ў горад, новыя куплю. Бяды такой...» — падумаў я і неўзабаве пачаў збірацца на рыбалку — балазе ботам маім зносу няма.

Калі мы з сябрам вярнуліся з возера, я зноў утачыў ногі ў свае старэнькія тэпці і зноў здзівіўся: дзіркі не было! «Відаць, угледзела мая клапатлівая...»

— Мама, ты тэпаць зацыравала? — спытаўся, каб падзячыць.

— А няго ж...

Натуральна, што пасля такой матчынай увагі я аніяк не мог выкінуць на сметнік стары абутак і яшчэ доўга хадзіў у цёплых тэпцях па сваёй роднай хаце.

Калі зусім састарэлую маці я забраў да сябе ў горад, дык аднойчы (балазе патрапілася на вочы) купіў ёй новенькую шаршатку. Не старога ўзору, трохі інакшую, больш доўгую, не такую спрытную, як ранейшыя, можа, адмысловую, для падшывання валёнак ці што... Другой не было. Але гэта мяне не засмуціла: усё адно ўжо знямоглая ад старасці мама не магла ды і не мела патрэбы што-небудь шыць-цыраваць. Мне хацелася, каб яна проста патрымала яе ў руках — як згадку аб сваіх маладых гадочках, ды ўторкнула ў які клубок як усё яшчэ неабходную, незаменную ў жыцці рэч.

Усе мы, каб вы ведалі, сваёй парой тулімся не ў адной матчынай абалонцы, а ў дзвюх, толькі пачаргова. Спачатку — ва ўлонні, і потым штогод святкуем дзень выхаду з яго — нарадзіліся, дзякаваць Богу, пабачылі белы свет! А далей — ідзём пад матчыным покрывам, сатканым з малітваў, перасцярог, наказаў, ушчуванняў, просьбаў, зноў малітваў, шапатлівых настаўляльных закідаў, павучэнняў, зноў малітваў, малітваў...

А калі гэты покрыў спадае долу, на сыпучы грудок — жыві, небарака, пад голым небам. Нікому не дадзена ўзняць яго, атуляльны матчын покрыў, узвысіць хаця б да аблокаў, расхінуць хаця б да ніткі далягляду. І аніяк не падлезці пад яго ніцма, нават самай маленькай казюркай. Хіба толькі апалае лісце зграбеш грабелькамі... О, як потым пашкадуеш, што болей ніхто на свеце не даруе табе вялікую ці малую правіну (усе яны, да адной, куды меншыя, чым матуліна сэрца) так, як умее дараваць яна. Ніхто, нават Бог. А калі і даруюць, дык усё адно не асветляць сваім дараваннем душу, а то і засмуцяць цябе, зніякавелага. Лічы, сіротка, дні жалобы... Над табой толькі покрыў Божай — усіхнай, а не тваёй — маці. Ты абагулены, і памножаны, але цябе паменела на гэтым свеце.

Іншым разам я думаю: а покрыў сваіх матулечак, няхай сабе і не з такіх трапна-дасяжных малітваў, не з такога наўпроставага звяртання менавіта да Збавіцеля, людзі адчувалі над сабой і да нараджэння Ісуса. Можа, гэта якраз той выпадак, калі чалавечая існасць амаль што роўная Божай і, не пабаюся сказаць, з'яўляецца першаіснай, а покрыў Багародзіцы, нібы рознакаляровая коўдра, сшыты ў тым ліку і з покрываў нашых матуль...

Раніцай, калі прачнецца, памыецца маці, я штораз зазіраю ў яе пакой і пытаюся:

— Мама, ты памалілася? Сняданак гатовы...

Напрыканцы сваіх малітовачак, звяртаючыся з просьбамі да Бога, маці вышэптвае маё імя ды імёны сваіх унучак, праўнучак, зусім яшчэ маленькага праўнука, іншых родных і блізкіх. Нягледзячы на тое, што з кожным годам шэпт маёй старэнькай робіцца цішэйшым і цішэйшым, яе покрыў нада мной, як я адчуваю, па-ранейшаму ахоўна-шчыльны. І калі я, нябога, трохі схіблю ў жыцці, збочу з бойнай, натаптанай продкамі дарогі, спатыкнуся і такім чынам прарэджу ў якім месцы або, яшчэ горш, прадзіраўлю матулін покрыў, дык яна, даражэнькая, тут жа зацыроўвае яго шаршаткай сваёй пранікнёнасці з уцягнутай у яе ніткай самай песняслоўнай малітвы. А калі незнарок, з паспешлівасці ўколе ёю Бога, дык няхай Ён не надта сярдуе: мая гаротніца-матуля з душой, да галавешкі абпаленай вайной, працятай незагойнай ранай страты адзінай, памерлай ад цяжкай хваробы дачушкі, мае права на такую неабачлівасць...

Сяргей РУБЛЕЎСКІ

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.