Вы тут

Дадайце ў адзенне «пярчынку рашучасці»


або Што апрануць гэтай восенню?

Футра, карункі, кепі. Спадніцы-гафрэ, сукенкі-футляры і штаны а-ля Марлен Дзітрых. Пра гэтыя ды іншыя модныя тэндэнцыі сезона восень-зіма 2014/2015 нам распавяла мастак-мадэльер беларускага «Цэнтра моды» Вікторыя КОЛБ:

— Для моды гэтага сезона характэрны функцыянальнасць і зручнасць. Але яна не пазбаўлена індывідуальнасці. Таму кожная модніца пры выбары адзення павінна памятаць, што няправільна выбраная вопратка можа сапсаваць не толькі яе воблік, але і настрой. Перш за ўсё адзенне павінна быць камфортным.

Сезону восень-зіма 2014/2015 уласцівы наступныя чатыры тэндэнцыі.

20-16

Па-першае, мужчынскі стыль у адзенні. Ён застаецца актуальным яшчэ з мінулых сезонаў. Своеасаблівая дзяўчына-дэндзі, апранутая ў жакет і штаны мужчынскага стылю. Такія ансамблі вызначаюцца кансерватыўнасцю. Могуць быць адна- ці двухбортныя, з аксесуарамі ці без. Тэндэнцыя гэта прадыктавана сацыяльным статусам некаторых сучасных жанчын. Яны цяпер самастойныя, незалежныя, самадастатковыя. Зварот да такой вось «мужнасці» дапамагае падкрэсліць пярчынку рашучасці ў іх вобразе.

Па-другое, колер-блокі. Гэта калі ідзе спалучэнне ў адным ансамблі двух яркіх колераў, што стаяць побач у спектральным крузе.

Па-трэцяе, шырокае выкарыстанне футра. Доўга- і кароткаворсавага. У асноўным дызайнеры робяць акцэнт на яркія, насычаныя колеры. Стракацяць футравыя калекцыі на подыумах! Гэта не вельмі функцыянальна для штодзённага жыцця. Але смелыя какеткі могуць дазволіць сабе і такі ўбор.

Па-чацвёртае, спалучэнне ў ансамблі адценняў аднаго колеру. Чарнейшае за чорнае, напрыклад. Тут вопратка будзе адрознівацца па фактуры. Ці цалкам бэжавы строй. Нават аксесуары: капелюшы, сумкі, абутак — усё павінна быць у адным колеры.

20-17

Сукенкі могуць быць самай рознай даўжыні — міні, мідзі і максі. Максі часцей за ўсё выбіраюць для вечара. А для офіса лепш падыдуць сукенкі-футляры ці іншыя мадэлі не надта прылеглага сілуэту, завужанага ўнізе. Рукаў ушыўны, спушчаны ці цэльнакроены. У любым выпадку сукенку трэба выбіраць на свой густ. Колер тут, дарэчы, мае вялікае значэнне. Увогуле, колер і сілуэт — самае галоўнае пры выбары сукенкі. Калі два гэтыя складнікі падабраны ўдала, вы адшукалі найлепшы варыянт.

Для штодня падыдуць як клятчастыя сукенкі, так і аднатонныя. Выкананыя з шарсцяных ці полівіскозных матэрыялаў. Увогуле акцэнт у гэтым сезоне робіцца на натуральныя тканіны — каб скура дыхала.

Для вячэрніх строяў застаюцца актуальнымі сукенкі з карункамі, гіпюравыя, расшытыя бліскаўкамі, упрыгожаныя пёркамі. Даўжыня — пераважна максі. А паўпразрыстая тканіна дапаможа падкрэсліць сексуальнасць жанчыны.

У паліто гэтай восенню аддаецца перавага прамым сілуэтам. У тым ліку дызайнеры выкарыстоўваюць мадэлі «оўверсайз» — нібы вы апрануліся не са свайго пляча. Гэта значыць, што паліто большае за патрэбны памер.

Выразна прагледжваецца тэндэнцыя на спушчаную лінію пляча і сілуэты «а-ля 60-я» ў мужчынскім стылі. У модзе застаюцца трэнчы, курткі і паркі з падсцёжкай і без, якія асабліва падабаюцца моладзі. Паліто могуць быць аднатонныя, у клетку ці нават у гарошак, двухбортныя ці аднабортныя, натуральныя ці штучныя футравыя паліто ўсіх колераў. З цэльнакройнымі рукавамі і скарочанымі — 7/8 ці 3/4. Часцяком выкарыстоўваецца некалькі несупастаўных матэрыялаў аднаго колеру. Гэта надае вопратцы фактурнасць.

Не выходзяць з моды А-падобныя спадніцы з падкрэсленай лініяй таліі. Не саступаюць і мадэлі, завужаныя ўнізе, сілуэта прамаго, гафрэ і плісэ. Модна асіметрыя. Яна можа праяўляцца ў дэталях (накладныя кішэні) ці ў кроі (мадэлі з запахам). Даўжыня выкарыстоўваецца самая розная — ад міні да максі. Часцей за ўсё, зразумела, жанчыны выбіраюць аптымальнае мідзі. Спадніцы максі таксама актуальныя, тым больш што яны дапамаюць жанчыне прыхаваць праблемныя зоны. А «хіт» сезона — спадніцы са скуры. Пажадана тонкай і натуральнай.

Класічныя чорныя штаны ўстойліва трымаюцца як на подыумах, так і ў нашых шафах. Для офіса зручнымі будуць яны ж, але ўжо са стрэлкамі ці кансерватыўна шырокія. «Разынкай» сезона з'яўляюцца штаны а-ля Марлен Дзітрых са складкамі каля пояса. У расфарбоўцы пераважна сустракаецца клетка, палоска ці аднатон: чорны, каньячны, гарчычны, бледна-жоўты.

У абутку перавага аддаецца абцасам тоўстым, устойлівым, скошаным, а таксама шпількам. У модзе застаюцца ўлюбёныя жанчынамі чорныя лодачкі і «лакіроўкі». А туфлі з абцасамі-цвікамі падыдуць для асаблівых жанчын. Насы мусяць быць завостранымі і П-падобнымі. Для моладзі дызайнеры прапаноўваюць красоўкі на плоскай падэшве ці на платформе (снікерсы). Або вельмі брутальныя — з байкерскай атрыбутыкай і «трактарнай» шырокай падэшвай.

У галаўных уборах перамагаюць футравыя мадэлі і вязаныя ці з палітовай тканіны берэты. Насіць апошнія можна класічна ці на бок — як модніца пажадае. У шапках гэтага сезона аднолькава выкарыстоўваецца буйная і дробная вязкі.

Застаюцца актуальнымі капелюшы, але яны крыху мяняюць сваю форму: ужо высокія з вузкімі палямі. Асаблівым попытам карыстаюцца кепі, якія падыйдуць для спартыўнага стылю ці класічнага ансамбля.

Папулярныя сярод жыхарак Беларусі легенсы ў гэтым сезоне таксама сустракаюцца. Але іх пажадана насіць толькі тады, калі гэта дазваляе фігура. У іншым выпадку легенсы можна замяніць штанамі-дудачкамі ці іншымі вузкімі мадэлямі.

Сярод колераў перавага аддаецца кобальту, сіняму, бэзаваму, гарчычнаму, адценням чырвонага і каньячнага. Што тычыцца прынтоў, карыстаюцца попытам сюжэты флоры і фаўны: леапарды, тыгры, зебры, гепарды, а таксама кветкі. Не адступаюць і геаметрычныя матывы.

Жанчынам зусім не абавязкова апранацца цалкам па-мужчынску. Дастаткова выкарыстаць адну такую рэч, а астатнія — класічныя. Гэта будзе таксама модна, бо змяшэнне стыляў у гэтым сезоне лічыцца актуальным.

Для пышных дам падыдуць А-падобныя спадніцы і спадніцы-алоўкі ці сілуэт, завужаны знізу. Таксама паліто «оўверсайз» зможа апрануць кожная жанчына — ад 42-га да 56-га памеру. Мадэль можа быць 46-га памеру, а падыдзе жанчыне 50-га. Прыгожа будзе выглядаць на даме, якая не мучыць сябе дыетамі, паліто з запахам, паліто-трансформер. Яны ўніверсальныя, камфортныя і не перашкаджаюць руху. Штаны лепш выбіраць даўжыні 7/8 — па шчыкалатку.

— У наступным сезоне ды і ўвогуле па жыцці жанчынам рэкамендуецца... палюбіць сябе, — кажа Вікторыя. — Да мяне часта прыходзяць заказчыцы і кажуць: «Зрабіце мяне больш стройнай». Гэта, вядома, магчыма выканаць з дапамогай канструктыўных прыёмаў. Але... Перш за ўсё чалавек павінен палюбіць сябе такім, які ён ёсць. Прыняць сябе і сваю знешнасць. І тады не толькі адзенне, але і ўсё ў жыцці будзе мець прывабныя, на ўсе часы модныя колеры.

Вераніка ПУСТАВІТ

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.