Вы тут

Радзіма як адчуванне


Каб быць на сваёй зямлі сапраўды сваім, трэба з ёй — як у шлюбнай клятве: «...у багацці і беднасці, у горы і радасці»

У Остэндзе, на суровым узбярэжжы бельгійскай Фландрыі, сустрэць рускамоўных адпачывальнікаў амаль нерэальна: паўночней сусветна вядомага Бруге турысты звычайна не заязджаюць. Мы і з гэтымі пазнаёміліся выпадкова: дзеці адно аднаго пачулі ў рознагалосым натоўпе. «Мама, гэтая дзяўчынка размаўляе па-руску!» — на ўвесь пляж захоплена крычала пяцігадовая Маша, цягнучы за руку смуглявую сарамлівую Еву. Хутка падышла і Евіна маці Людміла, і ўжо нават не трэба было пытацца, адкуль яна: славяне адно аднаго пазнаюць здалёк. А гэтую так і хацелася адразу назваць зайздросна-ласкава — «хахлушка», такая крамяная ў яе постаць, столькі жыццядайнай цеплыні ў вачах. Яна сапраўды нарадзілася і вырасла ва Украіне, але, расказваючы пра сваё жыццё, здаецца, нават і часцей, чым трэба было, падкрэслена вымаўляла: «Я — бельгійка». (Знаёмыя мясцовыя жыхары толькі паблажліва ўсміхаліся: у гэтай краіне ты альбо фламандзец, або валонец, або з правінцыі Брусель. «Бельгіец у нас толькі кароль», — жартуюць яны, і ў гэтым жарце амаль сто працэнтаў праўды. Зрэшты, эмігранты, для якіх гэта краіна стала другой Радзімай, да жартаў на такія сур'ёзныя тэмы не схільныя і гатовы падкрэсліваць свой патрыятызм у любой сітуацыі).

Людміла з сям'ёй трапіла ў Еўропу задоўга да хваляванняў ва Украіне. Яны з мужам жылі ў славутым яшчэ з часоў Суворава Ізмаіле — там, дзе Дунай упадае ў Чорнае мора. Вялікі міжнародны порт у канцы 1980-х — пачатку 1990-х быў сапраўдным востравам райскага жыцця ў краіне, дзе ўсе жылі па картках ды талонах у час суцэльнага дэфіцыту. Але райскае заможнае жыццё ва ўжо незалежнай Украіне скончылася хутка: разгарэўся балканскі канфлікт, увялі эмбарга на тавары з былой Югаславіі, і калісь багаты порт з мільённым тавараабаротам пачаў хутка занепадаць. Муж Людмілы Анатоль, спецыяліст па цяжкіх партовых машынах, застаўся без працы, яна сядзела ў дэкрэтным са старэйшай дачкой, і выплаты па доглядзе дзіцяці былі такія мізэрныя, што не хапала часам нават на малако. Маладая сям'я апынулася на мяжы выжывання. Параіўшыся, рашылі шукаць шчасце ў Еўропе. Анатоль паехаў у Чэхію, працаваў там падсобным рабочым, пасля перавёз туды сям'ю. Яны яшчэ некалькі гадоў блукалі па суседніх краінах у пошуках лепшай долі. Дадому цягнула, але палохалі цяжкасці, якія там чакалі: невялікая зарплата, сацыяльная неўладкаванасць. Нарэшце землякі параілі паехаць у Брусель. Пераначаваўшы з дзіцем літаральна на вуліцы, яны трапілі-такі ў Міністэрства замежных спраў і атрымалі від на жыхарства і працу: Еўропе цяпер патрэбны маладыя і здаровыя, згодныя на любую работу...

Цяпер, калі з часу іх блуканняў мінула ўжо больш за дзесяць гадоў, калі пабудаваны свой прасторны дом, ёсць усе выгоды шматдзетнай сям'і (у іх нарадзіліся яшчэ дзве дачкі), вывучана французская мова, атрымана грамадзянства, ёсць добрая праца, і нават маці, якую забралі да сябе, гатуе боршч з галушкамі, — чаго б, здавалася, яшчэ жадаць? Чаму гэтая маладая жанчына, у якой ёсць усё для простага шчасця, з такой прагнай зайздрасцю распытвала, як я буду вяртацца дадому, хто мяне там чакае, як мы з сям'ёй праводзім выхадныя, ці любіць мой брат лавіць рыбу, якія ў нашым лесе растуць грыбы... У сваім жыцці я ўжо бачыла такіх знесеных лёсам людзей без Радзімы, і ўсіх іх аб'ядноўвае аднолькавая туга па нечым нязбытным і няспраўджаным. Яны яе ўтойваюць за весялосцю, за знешнім дабрабытам. Але яна павольна і наканавана льецца з іх вачэй, калі яны гавораць нават пра нейкія дробязі, звязаныя з пакінутымі роднымі мясцінамі, куды няма вяртання.

Маім новым знаёмым «бельгійцам» з тыповым украінскім прозвішчам таксама няма куды вяртацца. Не з-за вайны — іх родны дом далёка ад зоны канфлікту. Не з-за таго, што гэты дом прададзены: яны лёгка могуць купіць новы. Проста для сваёй шматпакутнай Радзімы яны ўжо чужыя. Бо, каб быць на сваёй зямлі сапраўды сваім, трэба з ёй — як у той шлюбнай клятве: «...у багацці і беднасці, у горы і радасці». І яны гэта не толькі адчуваюць падсвядома — асэнсавана разумеюць. Людміла, якая на Радзіме скончыла гістфак, аднойчы сказала: «Ведаеш, у старажытных славян было такое паняцце — срэбная нітачка. Гэта нябачная сувязь з роднымі людзьмі і роднай зямлёй. Адсюль і наша туга па памерлых блізкіх, і наша настальгія, калі мы далёка ад роднага дома. Калі ж гэтая нітачка рвецца, чалавек перастае быць самім сабой, ён страчвае самую важную ў жыцці апору. Здаецца, у нас з Толем гэтая нітачка ўжо вось-вось абарвецца, а ў нашых дзяўчынак яе і не будзе ніколі...» Пасля, сцепануўшы плячыма, весела загаварыла пра тое, што хутка паедуць на машыне ў Іспанію: «У нас цяпер уся Еўропа — радзіма. Праўда, сама Еўропа пакуль пра гэта не ведае...»

Яна днямі са свайго Льежа мне пісьмо на электронную пошту прыслала. Просіць удакладніць, ці можа яе мама, якой амаль семдзесят гадоў, пераехаць у Беларусь і атрымаць грамадзянства. Маці нарадзілася і вырасла тут, на Віцебшчыне. Цяпер у сястры памёр муж, і тая кліча яе да сябе ў вялікі дом дзесьці пад Сянно. І бабуля сур'ёзна збіраецца ехаць — ад усіх бельгійскіх выгод, ад дарагіх урачоў, ад дзяцей і ўнукаў, якіх любіць і якія аб ёй клапоцяцца. «Як ні прасілі застацца — не хоча, і ўсё тут. Чаго ёй не хапае?»

Адказаўшы на ўсе яе «афіцыйныя» пытанні, на гэта я адказваць не стала. Адказ, думаю, яна сама ведае, бо ўсё адчувае і пражывае штодня.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.