Вы тут

Дэпутацкія гектары


За гады правядзення акцыі «Тыдзень лесу» парламентарыі пасадзілі цэлы масіў

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў узялі ўдзел у агульнарэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу  - 2015», прысвечанай юбілею Вялікай Перамогі.

Безимени-5

— Ужо 7 гадоў, як дэпутаты Палаты прадстаўнікоў займаюцца пасадкай лесу. За гэты час мы пасадзілі ўжо болей за 35 гектараў, — паведаміў спікер верхняй палаты беларускага парламента Уладзімір Андрэйчанка.

Па яго словах, «Тыдзень лесу» сёлета мае сваю асаблівасць. Ён праводзіцца сумесна з акцыяй «Зялёная хваля», абвешчанай Саветам міжпарламенцкай асамблеі СНД, і праводзіцца ва ўсіх краінах супольнасці. «Прысвечаны гэтыя дзве акцыі 70-годдзю Перамогі нашых народаў у Вялікай Айчыннай вайне. Галоўная іх мэта — гэта, вядома ж, аддаць даніну памяці Вялікай Айчыннай вайне. Узгадаць пра тых, хто не дажыў да нашых дзён, загінуў на палях бітваў», — тлумачыць парламентарый.

Па дарозе ў Задор'еўскае лясніцтва Лагойскага лясгаса дэпутаты думалі не толькі пра будучую пасадку дрэў. «Пакуль мы даехалі сюды, звярнулі ўвагу на стан нашых дарог. Нездарма мы прымалі дарожны збор, пра які было шмат размоў. Аказваецца, яго трэба было, можа, нават і павялічыць», — падзяліўся ўражаннямі Уладзімір Андрэйчанка.

Сёлета старшыня ніжняй палаты беларускага парламента садзіў дрэвы па інавацыйнай фінскай сістэме, якую выкарыстоўваюць у Беларусі з 2013 года. Насенне сасны загадзя прарошчваюць у цяпліцы ў асобных вазонах. Падчас пасадкі іх дастаюць і пускаюць у зямлю па спецыяльнай трубе ў лунку. Застаецца толькі крыху прымяць нагой пасадку. «А паколькі расток садзіцца адразу з зямлёй, прыжывальнасць
100-працэнтная», — тлумачыць сістэму першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік.

Для некаторых удзельнікаў пасадка носіць сапраўды сімвалічны характар. «У мяне і бацька, і цесць ваявалі. І я ганаруся, што ў такі год саджу лес, які з часам падымецца. І ўнукі мае ўжо, напэўна, убачаць яго прыгожым. Бо ў лесе, які я саджаў школьнікам, цяпер сам збіраю баравікі», — дзеліцца Віталь Бусько, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах.

«Вельмі важна, каб чалавек штосьці ствараў на гэтым свеце. Пакуль людзі нічога болей дасканалага за прыроду не вынайшлі, яна — наш галоўны тварэц, — кажа, трымаючы ў руках расток сасны, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Ала Навумчык. — А тут у нас ёсць магчымасць дапамагчы яе маленькаму мікрасвету — лесу».

Вераніка ПУСТАВІТ

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.