Вы тут

Заснуць у мядовым водары


У аграсядзібе «Гаенскія вытокі» ў вёсцы Гайна Лагойскага раёна гаспадары ўжо не першы год займаюцца мёдам і водзяць экскурсіі па пчальніку, паказваючы турыстам «вытворчасць» гэтага карыснага ласунку, праводзячы своеасаблівы лікбез для многіх гарадскіх і нават вясковых жыхароў. А з нядаўняга часу гаспадары аграсядзібы вырашылі парадаваць сваіх наведвальнікаў: на іх мядовым падворку з'явіўся новы від аздараўленчага адпачынку — «сон на вуллях». У Беларусі гэты від тэрапіі толькі пачынае прыжывацца, у той час як на Украіне і ў Расіі пчол даўно выкарыстоўваюць і ў медыцыне, і ў аздараўленні. Тры драўляныя дамкі на тры месцы ў кожным нагадваюць сваімі дахамі піраміды — так спраектаваў іх сам гаспадар і, дарэчы, наш даўні падпісчык Сяргей Селях.

«Гаенскія вытокі» — найлепшая аграсядзіба ў раёне. За 2014 год тут «пабывала сем с паловай (!) тысяч наведвальнікаў. Турысты — а гэта і школьнікі мясцовых ды сталічных школ, і пастаяльцы санаторыяў і дамоў адпачынку, і супрацоўнікі розных устаноў, вела- і пешыя падарожнікі, акрамя назірання за паводзінамі пчол і працай пчаляра, наведваюць невялікі, але досыць багаты і ўтульны этнаграфічны музей, маюць магчымасць пазнаёміцца з жывымі ваўкамі (яны тут у клетках), з в'етнамскімі свінкамі ў вальерах, з авечкамі на двухпавярховай верандзе, паласавацца блінамі з мёдам і гарбатай з лугавых кветак. Цяпер яшчэ можна будзе паспрабаваць і незвычайную рэлаксацыю — пад пчалінае гудзенне, на салодкім водары свежага мёду.

— А чаму б і не паспрабаваць? Многія ж любяць спаць пад шум мора альбо дажджу, — кажа вядомы на Лагойшчыне майстар мядовай справы Сяргей Селях. — Сон на пчолах здымае нервовае напружанне, расслабляе, супакойвае, нармалізуе крывяны ціск. Адной гадзіны дастаткова, каб вярнуліся сілы і бадзёры настрой.

Нават не верыцца, што гэтыя ложкі з'яўляюцца звычайнай... накрыўкай вуллейчыкаў (так кажа пра пчаліныя дамкі гаспадар сядзібы). Пад кожным ложкам па тры вуллі, а гэта болей за трыста тысяч пчол. Насякомыя жывуць сваім заўсёдным пчаліным працоўным жыццём, не падазраючы, што сваёй лекавай энергіяй дапамагаюць людзям. Мядовы пах праз адтуліны, быццам эліксір, сочыцца ў памяшканне, дае асалоду, з якой так лёгка засынаецца! Да таго ж, калі хочацца бліжэй пазнаёміцца з гэтым вірлівым жыццём пчол, можна, на мове пчаляроў, «зрабіць падгледзіны» праз шкляныя акенцы.

На думку гаспадара, недалёкі той час, калі на сеансы тэрапіі пад назвай «сон на вуллях» пачнуць накіроўваць хворых дактары-рэабілітолагі. Канструкцыя збудаванняў прадумана такім чынам, каб унутраная прастора дзякуючы піраміднаму даху выглядала вялікай. А шкляныя дзверы даюць вонкавы абзор і ўяўленне адпачынку ў яблыневым садзе.

Першыя наведвальнікі «спальнага» дамка, як і належыць, свае, хатнія, сямейнікі — жонка Сяргея Наталля і дачка Ульяна, галоўныя памочніцы ў задумах і працы на пчальніку.

Анатоль Кляшчук, фота аўтара.

Лагойскі раён

anatol@zvіazda.by

 

Фота Анатоля Клешчука.


Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.