Вы тут

Фірма развалілася. Як мне налічаць пенсію?


У гэтым годзе выходжу на пенсію. Сутыкнулася з такой праблемай: справа ў тым, што фірма, у якой я працавала з 1989-га па 1993 год, развалілася. У архівах ніякіх звестак пра яе няма. Дзе мне шукаць гэтыя гады працы? І якім чынам будзе ўлічвацца мая праца ў гэтай фірме пры прызначэнні пенсіі?

Валянціна Макарава, г. Мінск

На пытанне нашай чытачкі адказвае начальнік аддзела прызначэння і выплаты пенсій і дапамог упраўлення пенсій і дапамог Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Ала Колбік:

— Для вылічэння памеру пенсіі на сённяшні дзень асноўнымі з'яўляюцца два параметры — гэта працягласць стажу працы і велічыня заработнай платы, якую чалавек атрымліваў да выхаду на пенсію. З ліста ў рэдакцыю дакладна незразумела, які з гэтых параметраў неабходна пацвердзіць, таму пагаворым пра абодва варыянты.

Такім чынам, што тычыцца стажу: асноўным дакументам, які пацвярджае стаж працы, з'яўляецца працоўная кніжка. Таму калі ў працоўнай кніжцы запіс аб перыядзе працы ў гэтай арганізацыі занесены як належыць, гэта значыць у адпаведнасці з інструкцыяй аб парадку вядзення працоўных кніжак, то ніякіх дадатковых дакументаў для пацвярджэння перыяду працы не патрабуецца. Што значыць «як належыць»? Няма выпраўленняў, памылак, запіс завераны подпісам і пячаткай наймальніка.

Калі запіс аб працы не адпавядае патрабаванням інструкцыі па вядзенні працоўных кніжак, то ў такой сітуацыі неабходна даведка аб перыядзе працы, якая павінна выдавацца на падставе дакументаў таго перыяду. Калі арганізацыя ўжо ліквідаваная і дакументы не здадзены на захоўванне ў архіўныя ўстановы, то пацвердзіць перыяд працы можна толькі на падставе паказанняў сведак.

Для гэтага чалавеку неабходна звярнуцца ў камісію па прызначэнні пенсіі, якая ўтвараецца адміністрацыяй таго раёна, дзе ён пражывае. Стаж пацвярджаецца на падставе паказанняў не менш як двух сведак, якія ведаюць заяўніка па сумеснай працы ў гэтай арганізацыі. Сведкі, у сваю чаргу, павінны мець дакументы аб сваёй працы за ўвесь той час, у дачыненні да якога яны сведчаць.

Але, хутчэй за ўсё, у гэтай сітуацыі ў Валянціны Макаравай паўстала пытанне, звязанае з падачай даведкі аб заработнай плаце, неабходнай для прызначэння альбо пераразліку пенсіі.

Справа ў тым, што даведка аб зарплаце да 1 студзеня 2003 года, якая падаецца для вылічэння пенсіі, выдаецца працадаўцам на падставе дакументаў аб налічанай і выплачанай заработнай плаце. У выпадку, калі працадаўца спыняе сваю дзейнасць, такая даведка выдаецца яго правапераемнікам, альбо архівам, альбо органам, які ажыццяўляе дзяржаўную рэгістрацыю юрыдычных і індывідуальных прадпрымальнікаў, альбо арганізацыяй, у якой знаходзяцца на захоўванні бухгалтарскія дакументы.

Як мы бачым, арганізацыя ліквідаваная, правапераемніка не існуе, дакументы на захоўванне ў архіўную ўстанову не здадзены. У такой сітуацыі ўстанавіць звесткі аб памеры заработнай платы можна толькі ў судовым парадку.

Гэта значыць, чалавек павінен звярнуцца ў суд для ўстанаўлення заработнай платы ў пэўным памеры за канкрэтны перыяд. Суды пры такой катэгорыі спраў прымаюць любыя сродкі даказвання, прадугледжаныя ў грамадзянскім судаводстве. Напрыклад, памер заробку можа быць пацверджаны дакументамі, якія ўскосна сведчаць аб фактычным заробку. Магчыма, гэта нейкія выпіскі з штатнага раскладу, укладышы ў працоўную кніжку, разліковыя лісткі, калі яны захаваліся, альбо нейкія іншыя доказы. У тым ліку суд прымае да ўвагі паказанні сведак. Калі суд знаходзіць падставы для ўстанаўлення зарплаты, ён выносіць рашэнне, якое пасля яго ўступення ў законную сілу прымаецца органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароны ў якасці пацверджання заробку для вылічэння пенсіі. Гэта значыць, рашэнне суда для нас з'яўляецца такім жа дакументам, як і даведка аб заработнай плаце.

Калі суд не зможа прыняць рашэння і гэты перыяд трапляе ў перыяд для разліку каэфіцыента заробку, то заработная плата будзе прынята ў якасці нулявой.

Хачу адзначыць, што на сённяшні дзень мы сутыкаемся з досыць вялікай колькасцю сітуацый, калі памер зарплаты ўстанаўліваецца ў судовым парадку. Як правіла, нашы суды знаходзяць падставы для ўстанаўлення зарплаты і прымаюць неабходнае рашэнне.

На заметку

Асноўныя параметры для вылічэння памеру пенсіі — працягласць стажу працы і велічыня заработнай платы, якую чалавек атрымліваў да выхаду на пенсію. Чым вышэйшыя гэтыя параметры, тым большы будзе памер пенсіі. Максімальны стаж, які ўлічваецца для жанчын, складае 40 гадоў, для мужчын — 45 гадоў. Максімальны каэфіцыент заробку, які ўлічваецца, складае 4,0.

Святлана Бусько

busko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.