Вы тут

Каштоўнасці, вартыя таго, каб іх аберагаць


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА даў інтэрв'ю «Звяздзе».

11-21

— Уладзімір Паўлавіч, з лёгкай рукі Палаты прадстаўнікоў разгарнулася найважнейшая палітычная кампанія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На ваш погляд, якое пытанне выбараў з'яўляецца галоўным?

— Думаю, яно ў тым, каб курс на паляпшэнне жыцця людзей, які паслядоўна праводзіцца дзяржавай, быў прадоўжаны.

— Час цяпер вельмі складаны. Як вы мяркуеце, што больш за ўсё патрэбна Беларусі для далейшага руху наперад?

— На цяперашнім этапе развіцця беларускай дзяржаўнасці і грамадства нам патрэбны найперш палітычная стабільнасць, пэўнасць і бяспека. У сённяшніх міжнародных умовах гэта нам неабходна, я перакананы, больш, чым што-небудзь яшчэ. На прыкладах блізкага, ды і далёкага замежжа мы бачым, якой слабай, безабароннай становіцца краіна, дзе ўзнікае нестабільнасць. Яна не дае нармальна працаваць ні кіраўніку дзяржавы, ні ўраду, ні парламенту, наносіць вялікую шкоду эканоміцы, сацыяльнай абароненасці, светапогляду і дабрабыту людзей. У нас жа, нягледзячы на існуючыя эканамічныя праблемы і знешнія выклікі, прынцыпова іншая сітуацыя, — грамадскі мір, спакой і бяспека. Безумоўныя каштоўнасці. Яны вартыя таго, каб іх аберагаць.

— Якім чынам гэта робіць парламент?

— Праз прыняцце законаў, якія забяспечваюць прававую аснову сацыяльна-эканамічнай палітыкі, умацавання нацыянальнай бяспекі, рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян і развіцця міжнароднага супрацоўніцтва нашай краіны. На гэта працуе ўся нарматыўная база.

— Дэпутатаў цікавіць рэакцыя людзей на заканадаўчыя рашэнні?

— Цікавіць не толькі на прынятыя, але і мяркуемыя да прыняцця. Больш прадуктыўнага шляху да павышэння якасці заканадаўства проста не існуе. Яно ўдасканальваецца і перыядычна абнаўляецца менавіта з улікам патрабаванняў часу, правапрымяняльнай практыкі і грамадскай думкі. Профільныя камісіі Палаты прадстаўнікоў пастаянна працуюць з экспертнай супольнасцю і грамадскімі арганізацыямі, прычым дыялог з грамадскасцю вядзецца ў розных фарматах, у тым ліку на прадпрыемствах, ва установах і арганізацыях, а таксама падчас рэгулярных сустрэч з выбаршчыкамі. Гэта дае нам магчымасць не траціць сувязі з рэаліямі жыцця, прагназаваць наступствы тых ці іншых прававых рашэнняў і рухаць заканатворчасць у патрэбным напрамку.

— Нават апаненты ўлады прызнаюць апераджальны характар законаў, накіраваных на ўмацаванне нацыянальнай бяспекі, законнасці і правапарадку.

— Адну са сваіх найважнейшых задач мы бачым у тым, каб ставіць прававыя бар'еры для ўзнікнення сітуацый і працэсаў, якія маглі б пагражаць грамадскай і дзяржаўнай бяспецы, каб любыя спробы парушыць грамадскі мір, правакаваць супрацьпраўныя дзеянні рашуча спыняліся. І гэта паслядоўна рэалізуецца ў заканадаўстве. Прыгадаю грамадскае абмеркаванне праекта Закона «Аб барацьбе з карупцыяй», ініцыяванае кіраўніком дзяржавы. Яно паказала, што людзі ўпэўнены ў здольнасці дзяржавы на належным узроўні забяспечыць грамадскі парадак, абараніць іх ад усялякага роду злачынных дзеянняў і пагроз.

— На нядаўняй сустрэчы з вамі Прэзідэнт заклікаў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў актывізаваць работу ў выбарчых акругах. На чым дэпутаты засяродзілі ўвагу?

— На дапамозе рэгіёнам у вырашэнні канкрэтных праблем. Тут у нас ёсць добрыя напрацоўкі. Яны звязаны з такімі важнымі сацыяльна-эканамічнымі пытаннямі, як добраўпарадкаванне, водазабеспячэнне і газіфікацыя населеных пунктаў, мадэрнізацыя вытворчай базы прадпрыемстваў, рэканструкцыя і рамонт дарог, жылля, устаноў адукацыі, аховы здароўя і іншымі. Займаемся таксама асабістымі просьбамі грамадзян, аказваем магчымую дапамогу.

— Але ж не ўсё залежыць ад дэпутата.

— Згодны, не ўсё, але нямала можна зрабіць, працуючы ў цесным кантакце з мясцовымі органамі ўлады і кіраўніцкімі структурамі розных узроўняў. Мы ў гэтым пераканаліся.

— Ці не атрымліваецца, што дэпутат у пэўнай меры выконвае ролю службы хуткага рэагавання на прашэнні і скаргі?

— Я не ставіў бы так пытанне, таму што парламентарый як народны выбраннік і заканадаўца павінен ведаць сітуацыю ў выбарчай акрузе, быць у курсе ўсяго, што клапоціць і турбуе людзей, сустракацца з працоўнымі калектывамі, інфармаваць пра новыя законы, растлумачваць меры, якія прадпрымае дзяржава па вырашэнні эканамічных праблем. Вельмі важна таксама, каб людзі разумелі, што пераадоленне існуючых цяжкасцей у многім залежыць ад пошуку і выкарыстання мясцовых рэзерваў эканамічнага росту, ад высокаэфектыўнай працы кожнага прадпрыемства, кожнага чалавека на сваім рабочым месцы. У перыяд выбарчай кампаніі такія акцэнты дэпутацкай дзейнасці ў выбарчых акругах нам ўяўляюцца асабліва значнымі.

— Вы лічыце, што запатрабаванасць актыўнай грамадзянскай пазіцыі дэпутатаў парламента ўзрасла?

— Узрасла роля не толькі дэпутатаў парламента, але і мясцовых Саветаў. Вырашаючы з імі канкрэтныя пытанні тэрыторый і рэгіёнаў, мы зыходзім з інтарэсаў выбаршчыкаў, грамадства і дзяржавы і робім агульную справу. А яна заўсёды накіравана на практычны вынік — эканамічны, вытворчы, сацыяльны. Там, дзе ён дасягаецца шчыльнай сумеснай працай з выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, установамі і грамадскімі арганізацыямі, дзейсным клопатам аб простым чалавеку, ёсць, як пацвярджае жыццё, і вынік палітычны — давер людзей да ўлады.

— Без яго ў грамадстве наўрад ці б усталяваліся каштоўнасці, пра якія вы гаварылі напачатку інтэрв'ю, — грамадскі мір, спакой і бяспека, тым больш што ёсць і немалазначны знешні фактар.

— Гэта сапраўды так. Дзякуючы міралюбівай знешняй палітыцы кіраўніка нашай дзяржавы і яго мірным ініцыятывам па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне расце міжнародны аўтарытэт Рэспублікі Беларусь. Намецілася тэндэнцыя паляпшэння ўзаемаадносін з Захадам. З актыўным удзелам нашай краіны будуецца выгаднае для Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі і Кыргызстана супрацоўніцтва ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Працягвае развівацца беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў фармаце Саюзнай дзяржавы, якое дазваляе вырашаць рознапланавыя задачы. Лічу вельмі важным тое, што склалася шырокая грамадская згода ў адносінах да нацыянальных інтарэсаў і прыярытэтаў на міжнароднай арэне.

— Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў адчуваюць сваю далучанасць да знешняй палітыкі дзяржавы?

— Парламентарыі актыўна ў ёй удзельнічаюць. Паслядоўна пашыраецца юрыдычная база міжнароднага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь. Маю на ўвазе ратыфікацыю міжнародных пагадненняў і дагавораў, дзе ключавы сегмент — удасканаленне прававога механізма еўразійскай эканамічнай інтэграцыі. За апошнія гады ўшчыльніўся парадак нашых міжпарламенцкіх і міжнародных кантактаў, геаграфія якіх ахоплівае прастору СНД, Заходнюю і Цэнтральную Еўропу, Азію, Афрыку, Паўднёвую Амерыку. Пры гэтым мы працуем як на двухбаковым узроўні, так і на міжнародных парламенцкіх пляцоўках. Асабліва актыўна ідзе дыялог з парламентарыямі Паўднёва-Усходняй Азіі.

— Якая мэта беларускай парламенцкай дыпламатыі?

— Ва ўмовах жорсткай міжнароднай канкурэнцыі неабходна ўмацоўваць пазіцыі Беларусі ў сусветнай эканоміцы. Таму інтарэсы нашай парламенцкай дыпламатыі перш за ўсё ў эканамічнай сферы. Садзейнічаць умацаванню і развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з замежнымі краінамі — такая галоўная задача, якую мы вырашаем парламенцкімі сродкамі.

— З вашага пункту гледжання, наколькі магчыма ў бліжэйшай перспектыве, каб Нацыянальны сход Беларусі і Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы выйшлі на новы ўзровень адносін?

— Гэта залежыць ад далейшага змястоўнага напаўнення ўзаемаадносін Рэспублікі Беларусь і Еўрасаюза, ад зацікаўленасці ЕС і ПАСЕ ў пашырэнні поля двухбаковых кантактаў на раўнапраўнай аснове. Калі праз канструктыўны дыялог будзе дасягнута разуменне па тэмах, дзе ёсць разыходжанні ў пазіцыях, то рух наперад не прымусіць сябе доўга чакаць. Мы адкрытыя для супрацоўніцтва.

— Гісторыя паскорылася. Сітуацыя ў свеце мяняецца літаральна на вачах. Якім, на вашу думку, павінен быць падыход парламентарыяў да яе?

— Рэальным. Заўсёды і незалежна ад сітуацыі.

— У кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь удзельнічаюць розныя палітычныя сілы. Як вы лічыце, ці ёсць нешта агульнае, чаго патрабуе ад іх наш складаны час і будучыня краіны?

— Адказнасць за свае словы, заклікі і і дзеянні. Аднак, на жаль, яна ёсць не ва ўсіх.

— На выбарах 11 кастрычніка будзе зроблены правільны выбар? Як вы лічыце?

— Наш народ здольны да безпамылковай палітычнай селекцыі. Я ў гэтым не сумняваюся.

Аляксандр ФІЛІМОНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.