Вы тут

Аксаміткі


Аксаміткі ўспрымаюцца паэтам адным з сімвалаў роднай зямлі. Гэтыя садова-паркавыя расліны з простымі і махровымі суквеццямі жоўтага, аранжавага ці карычняватага колераў з канца чэрвеня і да замаразкаў напаўняюць двары і вуліцы Давыд-Гарадка, што на Століншчыне, непаўторным водарам. Ён працінае душы жыхароў, узмацняе рамантычныя ўяўленні падлеткаў і моладзі, стварае ў іх памяці незабыўнае аблічча роднага дому, казачны вобраз маленства.

Аксаміткі — любімыя кветкі Любові Аляксееўны, маці паэта (гэта адлюстравана і ў вершаваным надпісе на яе надмагіллі ў Давыд-Гарадку). Мабыць, таму, што яны нагадваюць жаночы лёс: непатрабавальныя да глебы, але пажадныя да вільгаці; на пачатку росту вельмі адчувальныя да замаразкаў, але потым, калі ўбяруцца ў сілу, не палохаюцца іх і красуюць да позняй восені; добра развіваюцца і на сонцы, і ў паўцені і выглядаюць прыгожа ў кветніках, на бардзюрах і балконах, доўга трымаюцца ў букетах і заўсёды адорваюць прыемным спецыфічным пахам.

Песня «Аксаміткі», створаная Леанідам Дранько-Майсюком і Леанідам Захлеўным у апошнім дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя, сваёй непасрэднай шчырасцю, пяшчотнай меладычнасцю адразу закранула душы слухачоў. Вакальны твор увайшоў у рэпертуар Ігара Качагарава (першы выканаўца), Анатоля Ярмоленкі, Якава Навуменкі і з'яўляецца не толькі песняй-прысвячэннем Давыд-Гарадку. Ён мажорна, з усхваляваным замілаваннем гучыць як сынава ўслаўленне роднай зямлі, як яе лірычны гімн.

15-19

Верш                        Леаніда Дранько-Майсюка

Музыка                    Леаніда Захлеўнага

Залатыя далячыні —

Аксаміт які!

Толькі на маёй Гарыні

Краявід такі.

І давеку не сатрэцца —

На маіх губах

Застанецца, застанецца

Аксамітны пах.

Прыпеў:

Аксаміткі, аксаміткі,

Аксаміткі зноў цвітуць.

Аксаміткі, аксаміткі —

Мне да ранку не заснуць.

Я ўбачу, я пачую

Непражытыя гады.

Бо ў маёй душы начуюць

Кветкі і сады.

На Гарыні — параходы,

Лодак — поўны плёс,

А навокал — агароды,

Агароды скрозь.

На Гарыні залацістай

І ва ўсіх дварах —

Самы ясны, самы чысты

Аксамітны пах.

Прыпеў.

Не загіне, уваскрэсне

У душы святынь,

Не знікай, маё Палессе,

Не знікай, Гарынь.

Дай мне моцы, дай мне сілы,

Забяры мой страх

І пакінь мне, Божа мілы,

Аксамітны пах.

Прыпеў.

Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.