Вы тут

Рандэву з кнігамі Францыска


Cкарынаўскія дні пройдуць у Полацку  з 5 па 7 верасня ў час Дня беларускага пісьменства.

Стартуе свята алімпіядай па аратарскім майстэрстве і напісанні эсэ. Яна пройдзе сярод вучняў Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 2. Таксама ва ўстановах адукацыі будуць дадзены ўрокі «Полацказнаўства».

— Не застанецца ўбаку і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, — паведамілі ў Полацкім райвыканкаме. — Тут пройдзе інтэрактыўны конкурс па распрацоўцы і стварэнні электроннай кнігі, выстаўка-прэзентацыя друкаваных рарытэтаў з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

6 верасня на алеі праспекта Францыска Скарыны будуць працаваць літаратурныя салоны «Чароўная сіла мастацтва» (прэзентацыя кніг полацкіх паэтаў), літаратурная кавярня «Урокі выдатнай асобы».

Актыўнымі святочнымі зонамі стануць пляцоўкі ля бібліятэк. Раённая цэнтральная адкрые літаратурны бульвар «Чытай горад», дзе кожны прахожы зможа выпіць чаю і сфатаграфавацца з Францыскам Скарынам, пракансультавацца з бібліятэкарам, азнаёміцца з выстаўкай «Ад малога да вялікага». Тут жа размесціцца пляцоўка для падлеткаў «Rіders-тусоўка». Каля бібліятэкі імя Я. Купалы будуць арганізаваны фотавернісаж, міні-квест «Ад глінянай таблічкі да электроннай кнігі», майстар-класы па book-арце «Цуда-кнігу створым».

У Дзіцячым музеі будзе працаваць выстаўка «Падручнік-чараўнік», якая раскажа аб тым, як з'явіўся першы буквар, якія кнігі выдаваліся для дзяцей у пачатку мінулага стагоддзя і аб тым, якія наогул бываюць буквары.

Падчас Скарынаўскіх дзён пройдзе таксама дабрачынны праект «Падары дзецям кнігу». Сабраныя ў час акцыі кнігі папоўняць бібліятэкі сацыяльных прытулкаў і школ-інтэрнатаў раёна.

Надзея ПАЎЛАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.