Вы тут

Ціхая нянавісць


Калі на горад апускаецца змрок, калі ў вокнах запальваюцца агні, калі апошнія прахожыя, нагружаныя пакетамі з прадуктамі, нецярпліва выскокваюць з аўтобусаў і трамваяў, спяшаючыся дадому, Ліля старанна ўхутвае сонную Веранічку і, моцна прыціскаючы да сябе каштоўную ношу, выходзіць з кватэры і асцярожна спускаецца на першы паверх... Лесвіца стромкая і, да таго ж, дрэнна асветленая. Унізе Лілю чакае выратавальная каляска, куды яна пакладзе дачку і выйдзе насустрач пранізліваму ветру, ці халоднаму дажджу, ці мокраму снегу, ці чаму-небудзь іншаму, абы не заставацца адной у абрыдлай кватэры, у чатырох сценах. У калясцы, акрамя Веранікі, ляжаць укручаная ў шарсцяную хустку «малочная» бутэлечка, цёплыя паўзункі на змену, сумка для прадуктаў і томік любімых вершаў, парадкам патрапаны і зашмальцаваны...

Рэдкія прахожыя — усе без выключэння — здзіўлена глядзяць ёй услед. Ліля нетаропка крочыць па знаёмай да дробязяў вуліцы, штурхаючы перад сабой каляску, уткнуўшыся ў кнігу, не заўважаючы нічога і нікога, толькі зрэдку прыслухоўваючыся да ціхага сапення, што даносіцца з калясачных нетраў... На гарадской вуліцы поўна ліхтароў, і, дзякуй Богу, можна чытаць, а дома яна проста звар'яцела б... Акуляры з'ехалі на кончык носа, шалік разматаўся, валасы выбіліся з-пад шапачкі... Але, акрамя Веранічкі і вершаў, яе не цікавіць нічога. Вонкавае добраўпарадкаванне свету падманлівае. Людзі, што спяшаюцца ў свае кватэры, нешчаслівыя ў пераважнай большасці.

Лілі — каля трыццаці. І яна ўжо не верыць у цуды і тым больш не разлічвае на іх. Некалі — невыпраўная аптымістка, завадатарка, цэнтр любой кампаніі... Цудоўнае пачуццё гумару, зайздросныя вынаходлівасць і кемлівасць, здольнасць да ўсіх без выключэння навук. І разам з тым — чароўны голас, таямнічая ўсмешка, бяздонныя вочы на паўтвару... Карацей, мужчыны падалі. «Цотныя — направа, няцотныя — налева», — жартавалі сяброўкі. «И грудь, и тело, и душа — со всех сторон ты хороша!» — гэта жартоўная эпіграма была змешчана моцнай паловай курса пад Ліліным фотаздымкам у віншавальнай сценгазеце з нагоды Міжнароднага жаночага дня.

Але, у адрозненне ад сваіх аднакурсніц, замуж Ліля не спяшалася. Уважліва перабіраючы шчыльныя шарэнгі сваіх паклоннікаў, не магла спыніцца ні на адным. І ўсё марыла. І дапазна «глытала» вершы, зачыніўшыся ў пустой інтэрнатаўскай «чыталцы». А недзе над галавой грымела развясёлая дыскатэка і марнелі ў чаканні шматлікія паклоннікі... «Хто?» — гэтае пытанне і пасля размеркавання заставалася нявырашаным. «Дзіўныя людзі, — казала яна пазней. — Яны думалі, што я чакаю прынца. А мне проста хацелася закахацца. Каб усё было прыгожа, як у гэтых кніжках...».

30-22

Хто можа зразумець загадкавую жаночую душу? Вядома ж, мужчына. Прычым вопытны. Душа Лілі па-ранейшаму заставалася занадта загадкавай і недаступнай для аднагодкаў, не вельмі дасведчаных у такім далікатным пытанні.

Андрэй быў старэйшы на цэлае жыццё. Яе жыццё. Ён паспеў пражыць два такія жыцці і ведаў, што трэба рабіць, каб падабацца жанчынам. А спіс яго шматлікіх станоўчых якасцяў відавочна ўпрыгожвала наяўнасць двухпакаёвай кватэры ў цэнтры горада.

Андрэй, ці Андрэй Барысавіч (што больш адпавядала рэчаіснасці), быў трэнерам па плаванні, дастаткова вядомым у сваім асяродку. Лілю плаванне ніколі не цікавіла, але, заўважыўшы аднойчы, што яе прывабныя акругласці ператвараюцца ў мілую паўнату, яна запісалася «ў басейн».

«Чем меньше женщину мы любим, тем легче нравимся мы ей», — сказаў у пачатку пазамінулага стагоддзя класік. Менавіта гэтым прынцыпам кіраваўся спачатку Андрэй Барысавіч, калі заўважыў недвухсэнсоўныя позіркі адной са сваіх падапечных. І ўжо ў хуткім часе стаў першым «сапраўдным мужчынам» у яе жыцці. У адзін цудоўны дзень Ліля склала ў дарожную сумку свае кофтачкі і джынсы і пераехала з інтэрната ў добра вядомую ёй двухпакаёўку.

Пачалося сямейнае жыццё. Неафіцыйнае, зразумела, але ад гэтага не менш цікавае і бесклапотнае. Кожныя выхадныя — выезд з Андрэем і кампаніяй яго сяброў-спартсменаў за горад, з палаткамі і спальнымі мяшкамі, з вогнішчам, з песнямі пад гітару і задушэўнымі размовамі... Начныя купанні, зачараваныя позіркі і кампліменты іншых мужчын толькі «падагравалі» пачуцці Андрэя. Ліліна маладосць і прыгажосць песцілі мужчынскае самалюбства. Дома цяпер заўсёды былі чысціня і парадак. Спартыўныя касцюмы і іншыя рэчы не валяліся дзе папала, а роўненька віселі на плечыках і ляжалі на палічках. Брудны посуд не збіраўся ў ракавіне. Некуды знік пыл з паліраванай мэблі... Па вечарах, расправіўшыся з вячэрай і кухоннымі справамі, яны садзіліся разам перад тэлевізарам або гарталі яго сямейныя альбомы з фотаздымкамі. Андрэй з мамай падчас школьнага свята, Андрэй з бацькамі адпачывае ў Батумі, Андрэй з былой жонкай і дачкой Ірынай, Андрэй на вяселлі Ірыны, Ірына з мужам і маленькім сынам... «Дарэчы, — нечакана падхопліваўся Андрэй Барысавіч, — пасля вячэры ў нас застаўся кавалак сыру, ты схавала яго ў халадзільнік? Дакладна схавала? Ідзі правер, калі ласка. Шкада будзе, калі сапсуецца...»

Перад прыходам гасцей ён асабіста рабіў абход кватэры і правяраў сервіроўку стала. Потым выклікаў Лілю на кухню і падрабязна тлумачыў: вось гэты нож — для сыру, гэты — для рыбы, глядзі не пераблытай... Ліля ўважліва выслухоўвала і бегла пераадзявацца, каб паспець да прыходу гасцей. «Ну што ты там корпаешся?» — Андрэй заходзіў у пакой, крытычна аглядаў з ног да галавы юную спадарожніцу жыцця, рэзюмаваў: «У кароткай спадніцы табе будзе нязручна падаваць на стол». «А я нічога падаваць не збіраюся — мы паставім усё адразу і будзем весяліцца», — бесклапотна адказвала яна, разумеючы па твары Андрэя Барысавіча, што чуць гэта яму непрыемна. Ліля ніколі не задавала пытанняў пра тое, колькі жанчын перабыло ў гэтай кватэры да яе. Здагадвалася, што шмат. Яны былі ўпэўненыя ў сабе і ў сваёй прыгажосці, яны ведалі, што і ў які момант сказаць. Яны прыходзілі з патаемным жаданнем затрымацца ў гэтых пакоях, марылі прасаваць яго кашулі і карміць сняданкам — і што? І нічога. А яна вось затрымалася.

Іх шлюб стаў вынікам не яго кахання, а яе цяжарнасці. Пасля нараджэння Веранічкі Ліля цалкам завязла ў хатніх клопатах. Андрэй Барысавіч узяў дадатковыя «гадзіны», знайшоў працу па сумяшчальніцтве і як бы... самаліквідаваўся — выключыўся з іх сумеснага жыцця. Дадому вяртаўся гадзін у адзінаццаць вечара. Спаць ішоў у іншы пакой, шчыльна зачыняючы за сабой дзверы — не мог выносіць дзіцячага плачу. Па магазінах, аптэках і паліклініках Ліля хадзіла сама, страціўшы ўсякую надзею на дапамогу мужа. У Андрэя выявілася моцная схільнасць да беражлівасці, ён пачаў скрупулёзна падлічваць даходы і выдаткі і ў выніку «абрэзаў» расходы на не самыя патрэбныя, на яго погляд, рэчы (напрыклад, паходы ў кіно і тэатр). Перад паездкамі ў замежныя камандзіроўкі ён заўсёды папярэджваў Лілю: я табе адтуль нічога не прывязу... Вярнуўшыся, знаходзіў шэраг усялякіх недаробак і хібаў, дапушчаных маладой жонкай падчас самастойнага вядзення хатняй гаспадаркі: не так палітыя і не тым бокам павернутыя кветкі ў вазонах, няправільна складзеныя паўзункі і пялёнкі ў шафе, недастаткова свежая заварка ў чайніку, неідэальна чыстыя дзверкі ў халадзільніку — усё выклікала раздражненне. І Ліля раптам пачала разумець. І таксама заўважаць у «ідэальнага» любага такія-сякія недахопы. А тут яшчэ патэлефанавала прыяцелька з пытаннем: чаму, маўляў, не паехала з мужам у суботу на «уік-энд» за горад? Цудоўна бавілі час! Андрэй быў проста беспадобны...

«Так-так, я ведаю, але ў мяне з'явіліся тэрміновыя справы», — апраўдвалася Ліля, успамінаючы, што сваю адсутнасць у памянёную суботу муж патлумачыў нечаканай пазапланавай нагрузкай...

...Ці доўгі шлях ад любові да нянавісці? Калі прыгадаць вядомае выказванне — адзін крок. Ён можа быць большым, можа быць меншым, але... Зрабіўшы яго, ужо вельмі цяжка, практычна немагчыма вярнуцца назад.

Так і жывём, баючыся страціць тое, што маем, — нават калі маем адны ілюзіі. Так у жыццё паступова ўваходзіць нянавісць — ціхая-ціхая...

Ала БЫВАЛАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.