Вы тут

Яліны і матэматыка, ці Адзін дзень на лясной дзялянцы


...Да гэтага часу пра работу лесніка я ведала не так і многа: гэтыя людзі глядзяць за парадкам у лесе. Што гэта за парадак, пакуль невядома, але загадзя настройваю сябе на доўгі паход па гушчары. «Апранайцеся так, каб вам было зручна рухацца і не шкада сапсаваць вопратку, — інструктуе мяне памочнік ляснічага Андрэй Стоцік. — З абутку лепей за ўсё гумавыя боты. Прыхапіце рэпелент ад камароў. І яшчэ: цяпер сезон ласіных вошай, патрэбна што-небудзь шчыльнае на галаву». Хто такія «ласіныя вошы», я не ведаю, але ўжо загадзя палохаюся, таму адкопваю прыхаваную да зімы шапку, абуваю цяжкія боты і выпраўляюся ў ранішні туман: сустракаць дзень у новай для сябе ролі.
5-23

Па­вел Жыт­ко за­мя­рае вы­шы­ню ел­кі.

 

Раніца ў Галубіцкім лясніцтве пачынаецца з афармлення дарожных лістоў, іншых папер і кароткай планёркі. Падчас яе разумею, што леснікі гавораць на нейкай сваёй, спецыфічнай мове. Ляснік Павел Жытко, прафесіянал з дваццацігадовым стажам, тлумачыць працоўнае заданне на сёння куды больш даступна і коратка: «Будзем елкі лічыць».

Першая дзялянка аказваецца якраз побач з дарогай. Улад Пачкоўскі, майстар лесу (і ён жа наш кіроўца), каля яе толькі прыпыняецца: маладыя сосны ўсе як адна вышэйшыя за чалавечы рост, калматыя і растуць роўнымі радкамі. Метадам вокамера ім адзінагалосна даецца права лічыцца сапраўдным лесам.

А вось каб знайсці наступную дзялянку, мае спадарожнікі ўдумліва разглядаюць карту. Трэба спланаваць маршрут, каб потым не гойсаць дарэмна па лесе.

Выходзім да патрэбнага месца. Праз колькі хвілін становіцца відаць першыя радкі ялінак. У сонечным святле дрэўцы падаюцца не зялёнымі, а белаватымі: так густа абляпіла іх павуцінне. Пакуль ляснік ссякае альховыя тычкі — чатыры калкі з абчасанай і таму добра бачнай вяршыняй, — астатнія з дапамогай рулеткі адмяраюць сярод дрэўцаў «чатырохвугольнік». Гэта называецца «закладка пробы», каб не лічыць усе дрэвы на дзялянцы.

— Проба заўсёды аднолькавая, мы бяром 500 квадратных метраў, бо самі дзялянкі таксама невялікія па плошчы, — тлумачыць Андрэй Стоцік. — У кожным вугле ставіцца тычка, каб не заблытацца. Потым трэба прайсці па міжраддзю, вымераць вышыню кожнага дзясятага дрэўца з тых, што трапілі ў пробны замер, і падлічыць іх агульную колькасць.

Пакуль леснікі хуценька прабягалі паміж ялінак, я спрабавала не адстаць ад іх. Ужо пасля першага заходу высокая трава вымачыла вопратку да пояса, боты пастаянна чапляліся за прыхаваныя галіны і карчы, а то і проста за няроўную глебу. Да таго ж расцягнуць рулетку да вершаліны асабліва высокіх елачак не хапала спрыту. Прыгледзеўшыся, зразумела, што лясная прафесія вымушае «сябраваць» з матэматыкай: мае калегі проста станавіліся побач з лясной культурай і даплюсоўвалі патрэбныя сантыметры да ўласнага росту. Вось ён, прафесійны вопыт. Андрэй паспяваў яшчэ запісваць вынікі на аркушы.

5-21

Нарэшце справа зроблена і мы накіроўваемся далей — праз маліннік і крапіву. Мясціна сырая, побач угадваецца балота. Натуральна, узнікае пытанне, ці не давядзецца наступную пробу закладваць у вадзе.

— Балоцістыя мясціны пакідаюцца пад натуральнае зарошчванне, — супакойвае Андрэй. — Вось калі вырубку вызначаем, тады часам даводзіцца па калена ў балоце хадзіць.

На альховай дзялянцы дрэўцы выраслі неаднолькавымі: частка з іх аказалася высачэзнымі, іншыя ж не перараслі чалавечага росту.

— А што будзе з тымі культурамі, якія недабіраюць параметраў, каб перавесціся ў лес? — пытаюся ва Улада Пачкоўскага.

— Іх пакідаюць на дарошчванне. Кожны год прыязджаем, правяраем. Калі і пасля пятнаццаці гадоў нельга запісаць іх у пакрытыя лесам землі, то такія насаджэнні спісваюцца.

— Высякаюцца? — дапытваюся я.

— Не, яны так і застаюцца. Можна, вядома, высечы і пасадзіць нанова, але звычайна ўсё так і пакідаюць: што вырасла, тое вырасла. Бывае, што самі глебы непрыдатныя пад вырошчванне нейкай культуры. Скажам, увесь час тут расла асіна. Калі пасадзіць на яе месцы больш карысныя для прамысловасці елкі, то зусім не факт, што ім тут спадабаецца.

Пасля альховай дзялянкі вырашана зрабіць прыпынак. На гадзінніку дзесяць раніцы. Пакуль п'ем гарачы чай, памочнік ляснічага зноў заняты картай: на гэтым участку нашая работа скончана, трэба пераязджаць да наступнага і, як вынік, пракладваць новы шлях.

— У Андрэя наогул больш «папяровая» работа, — кажа Павел Жытко. — Ён адзін з кіраўнікоў лясніцтва, далей па старшынстве будзе майстар лесу, а ўжо потым леснікі.

Так за кубкам чаю (мае спадарожнікі возяць гарачы напой у тэрмасах і могуць расказаць некалькі рэцэптаў яго прыгатавання) я дазналася, як глядзяць за лясным парадкам і чаму ляснік не бачыць вынікаў сваёй працы. Аказалася, што догляд дрэў можа вымярацца стагоддзямі, ад маленькіх саджанцаў да высознага лесу першай групы, высякаць які даецца дазвол праз 101 і больш гадоў. Каля маладых дрэўцаў леснікі абкошваюць траву, зразаюць кустоўе, праводзяць асвятленні, прарэджванні. Восенню назапашваюць насенне ліпы, клёна, ясеня, збіраюць шышкі і жалуды. Пасля моцнага ветру пазбаўляюцца ад небяспечнага ветрабою. Даводзіцца быць і прыбіральшчыкамі, бо часам людзі «блытаюць» лес са сметнікам.

Яшчэ некалькі дзялянак абышлі без асаблівых прыгод, а потым нарваліся на «засаду». Тыя самыя «ласіныя вошы» — плоскія, страшэнна казытлівыя насякомыя з крылцамі — стараліся запаўзці пад вопратку ці ў валасы.

— Ды вы не хвалюйцеся, — «суцяшае» Павел Жытко, пакуль я адчайна ляпаю сябе па куртцы, — яны кусаюцца, толькі калі доўга сядзяць.
5-22

Па­вел Жыт­ко (зле­ва) і Анд­рэй Сто­цік шу­ка­юць на кар­це па­трэб­ную дзя­лян­ку.

 

Сяк-так, адбіваючыся ад агрэсараў, адмяраем патрэбныя 500 квадратных метраў, ставім тычкі, лічым хвойкі. Сёння гэта апошняя проба, засталося толькі падлічыць звесткі і запоўніць усе дакументы.

Пакуль вярталіся ў лясніцтва, спадарожнікі прапанавалі схадзіць яшчэ і да агляднай вышкі, маўляў, з яе відаць увесь лес на некалькі кіламетраў. Куды там! Я хоць і настройвалася на паход па лесе, так страшэнна стамілася, што ад прыгожых краявідаў давялося адмовіцца.

— Мы да рознага звыклыя, — пасміхаецца Андрэй, — а вас ляснічы, мусіць, пашкадаваў, бо сёння даў нам лёгкае заданне.

Пакуль Андрэй, абклаўшыся аркушамі з табліцамі і даведнікамі, запаўняў патрэбныя дакументы, я таксама спрабавала ўпарадкаваць уражанні. Работа ў лясніцтве аказалася больш складанай і сур'ёзнай, чым мне ўяўлялася. Акрамя ведання лесу, кожнай сцяжынкі, яна патрабуе і ўмення арыентавацца па карце, весці хуткія разлікі. Затое «лесаводы» аказаліся надзвычай кампанейскімі людзьмі: і пажартуюць, і справу зробяць...

Рагнеда Юргель, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.