25 Верасень, аўторак

Вы тут

Таваразварот з Інданезіяй павялічыцца


Спікеры верхняй і ніжняй палат нашага парламента Міхаіл Мясніковіч і Уладзімір Андрэйчанка сустрэліся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Інданезіі ў Расіі і Беларусі (па сумяшчальніцтве) Джаўхары Аратмангунам. Сёння добрыя адносіны з гэтай краінай наладжаны ў розных сферах. Пакуль дастаткова высокія лічбы таваразвароту трымаюцца на пастаўках у Інданезію айчынных калійных угнаенняў і шын. Аднак прапрацоўваюцца і іншыя формы ўзаемадзеяння. Напрыклад, стварэнне сумесных прадпрыемстваў.


— Мы з задавальненнем атрымалі паведамленне пра тое, што БелАЗ выйграў тэндар на пастаўку ў Інданезію сарака 110-тонных кар'ерных самазвалаў, — паведаміў на пачатку сустрэчы Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ. — Цяпер ідзе афармленне кантракта, каб гэтыя машыны былі пастаўлены на працягу 2016-га.

Што цікава, БелАЗ вядзе таксама перамовы аб адкрыцці ў Інданезіі аўтсорсінгавай кампаніі, каб аказваць паслугі па кар'ерных работах у краіне.

— Думаю, паспяхова завершацца перамовы паміж Мінскім аўтамабільным заводам і інданезійскімі кампаніямі аб стварэнні сумеснага прадпрыемства па зборцы грузавікоў «МАЗ», — выказаў спадзяванні старшыня Савета Рэспублікі.

Ён адзначыў пазітыўнае развіццё гандлёва-эканамічнага, навуковага, парламенцкага супрацоўніцтва з Інданезіяй і выказаў упэўненасць, што ў краін ёсць вялікія перспектывы для яго росту. Так, у мінулым годзе нашу краіну наведала парламенцкая дэлегацыя Інданезіі на чале са спікерам Савета рэгіянальных прадстаўнікоў Ірманам Гусманам. Адным з вынікаў візіту стала падпісанне сумеснай заявы аб супрацоўніцтве паміж Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу нашай краіны і Саветам рэгіянальных прадстаўнікоў Інданезіі.

Лічбы ўзаемнага таваразвароту таксама маюць станоўчую дынаміку. Калі ў 1995 годзе ён быў меншым за два мільёны долараў ЗША, то ў 2014 годзе склаў больш за 200 мільёнаў.

— Мы маем некалькі сумесных праектаў, навуковых даследаванняў, якія праводзяцца навуковымі цэнтрамі Інданезіі і Беларусі, — звярнуў увагу Міхаіл Мясніковіч. — Але хачу, каб вы перадалі пажаданні беларускага боку аб неабходнасці завяршэння працэдур па супрацоўніцтве ў адукацыйных праграмах. Пакуль мы не выйшлі на выніковыя дакументы, але праца паміж нашымі ўніверсітэтамі ідзе актыўная.

Падчас сустрэчы спікер верхняй палаты засяродзіў увагу і на пашырэнні ўзаемадзеяння ў ваенна-тэхнічнай сферы.

Пазней з інданезійскім дыпламатам сустрэўся і спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. Адной з галоўных тэм сустрэчы стала абмеркаванне візіту нашых парламентарыяў у Джакарту, сталіцу Інданезіі, у гэтым месяцы.

— Плануецца візіт у Інданезію дэлегацыі рабочай групы беларускага парламента па супрацоўніцтве з парламентам вашай краіны з 8 па 19 лютага, — паведаміў спікер ніжняй палаты.

Уладзімір Андрэйчанка звярнуў увагу на добрыя міжпарламенцкія адносіны, што наладжаны паміж краінамі. Кантакты парламентарыі дзвюх краін падтрымліваюць на ўзроўні Міжпарламенцкага саюза, Міжпарламенцкай асамблеі АСЕАН.

Кажучы пра ўзаемны таваразварот, старшыня Палаты прадстаўнікоў канстатаваў адсутнасць праблем у яго нарошчванні.

— Беларусь зацікаўлена і ў нарошчванні паставак іншай прадукцыі — дарожна-будаўнічай тэхнікі, нафтахімічнай прадукцыі, харчовых тавараў. Інданезія — адна з вядучых дзяржаў у Паўднёва-Усходняй Азіі, таму лічым, што праз вашу краіну мы можам выйсці на рынкі іншых дзяржаў у гэтым рэгіёне.

У сваю чаргу, Джаўхары Аратмангун выказаў думку, што адным з найважнейшых дасягненняў паміж дзвюма краінамі стала ўвядзенне бязвізавага рэжыму для беларускіх грамадзян пры кароткатэрміновых паездках у Інданезію.

Загаловак у газеце: Ёсць патэнцыял для павелічэння таваразвароту з Інданезіяй

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. 

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.