Вы тут

Невідавочнае шчасце


Я схадзіла ў цырульню. І на першы погляд мала што змянілася. Пры гэтым у кашальку істотна паменела. Сяброўка клапатліва прапануе паслугі свайго цырульніка. Яна плаціць яму ў 7 (!!!) разоў менш, пры гэтым яшчэ атрымлівае лячэбную працэдуру для валасоў. Наадрэз адмаўляюся. Бо цалкам задаволеная сваім цырульнікам. Бо не заўважныя іншым змены істотна змяняюць мяне. Бо плачу я не за прычоску, а за сваё невідавочнае шчасце.


Я — чалавек дэталяў. Марудны, скрупулёзны, магу дзень праседзець над дробязямі, так і не зрабіўшы самага галоўнага. Я доўга ад гэтага пакутавала. Бо адчувала сябе здольнай на большае. У той час, як нехта рухае горы і змяняе свет, я корпаюся ў дэталях і не даходжу да вяршыні.

Я доўга пішу тэксты. Таму што збіраю шмат інфармацыі. Непатрэбнай інфармацыі. Не патрэбнай іншым інфармацыі. А я награбаю кучу шалупіння і потым эфектна, з задавальненнем чышчу яго, здымаю пласт за пластом і адкапваю тое самае зярнятка, дзеля якога ўсё пачыналася. Мне трэба ведаць, з чаго яно вырасла.

Я марудна прыбіраюся ў хаце. Таму што мне важная яшчэ і падрыхтоўка да прыборкі, абстаноўка, настрой, момант. Я шукаю яго, лаўлю, раблю камфортным. А потым цалкам аддаюся працэсу. Без халтур. Да дробязяў.

Я павольна чытаю. Бо прадумваю і асэнсоўваю кожную фразу. Спыняюся, аналізую, перачытваю. Чытаю паміж радкоў. Паглыбляюся ў падкорку, у дробязі.

Я доўга расказваю. Пачынаю з перадгісторыі (а іх можа быць і некалькі!), апісваю падрабязнасці і неістотнасці. Бо яны важныя для мяне. Заўсёды.

Я дастаю афіцыянтаў у кавярнях — распытваю пра форму, выгляд, сытнасць страў. Мне мала інфармацыі ў меню. Мне патрэбны дэталі. Тое самае ў крамах. Абавязкова знойдзецца што-небудзь важнае, чаго не пазначылі на цэтліку ці пакунку.

Я адчувала, што здольная на большае. Не хацела закручваць лямпачкі, бо магла кіраваць электрастанцыяй. Я ішла на электрастанцыю, глядзела на яе маштабы і тут жа пераставала разумець, як усё працуе. Вярталася да сябе толькі тады, калі на мае вочы трапляла маленькая кнопка, адна толькі кнопка, якую трэба націскаць, каб працавала вялікая электрастанцыя. Я зноў вярталася да кнопак, лямпачак, дробязяў.

Насамрэч шмат хто дапамагае хворым дзецям. Увесь час знаходзяцца добрыя і ініцыятыўныя, якія ладзяць канцэрты і збіраюць грошы на аперацыі, якія праводзяць аўкцыёны і аплочваюць лекі. Я не пасунулася б на гэта поле, калі б не заўважыла дробязі. Я пачала рабіць тое, да чаго ў агульнай мітусьні мала каму ёсць справа, тое, што адыходзіць на другі план перад вялікай мэтай — выратаваць жыццё. Я люблю этапы, і мяне вельмі цікавіць, якім будзе этап да аперацыі. Якім будзе этап да выздараўлення, да заўтра, да сённяшняга вечара? Ці ёсць у хворага дзіцяці любімы мульцік? Ці набываюць яму прысмакі? Хто чакае яго дома? І хто там аплочвае камунальныя паслугі ў канцы месяца? За чый кошт ён тэлефануе бацькам? І ці паставяць навагоднюю ёлку ў палаце?

«Клуб 5000» ніколі не ставіў буйныя задачы — ратаваць жыццё ці сабраць вялікую суму на лячэнне. Нам важна зрабіць камфортым яго «сёння», нам важныя дробязі.

Учора я глядзела фільм пра Стыва Джобса, які стварыў імперыю «Эпл», стварыў эпоху і назаўсёды змяніў свет. Я думала пра дэталі яго шляху і разважала, ці змагла б так ісці сама. Магла б, калі б, як ён, пачынаючы з базы, закрыўшы яе патрэбы, рухалася далей і вышэй. Але ў базы ніколі не заканчваюцца патрэбы. Там заўсёды ўтвараюцца новыя «дзіркі». Яны не ўплываюць на агульную ўстойлівасць канструкцыі: фундамент надзейны і будзе трымацца, дзіркі не замінаюць. Калі іх не заўважаць. А я, выходзячы на вялікую дарогу, заўсёды азіраюся на дробязі.

Раней паход у цырульню значыў кардынальную змену. Сінія валасы, выстрыжаны бок, мінус паўметра даўжыні — што-небудзь, што з першага позірку пакажа, што я была ў цырульні. Я хацела змяняць свет і нарэшце адчапіцца ад дэталяў.

Цяпер новая прычоска — гэта добрая старая, на якую нанізаны ўражанні, эмоцыі, прыемны досвед у крэсле прафесіянала. Няхай ніхто не заўважае неістотныя змены, але я ведаю, што яны ёсць. Яны ў дэталях. І я нарэшце прымаю сябе чалавекам дробязяў, важных і любімых мной дробязяў. Чалавекам, які бясконца закрывае базу. І тым самым змяняе свет. Чалавекам, які знайшоў сваё невідавочнае шчасце.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.