Вы тут

Сакратар Цэнтрвыбаркама: «Мы ў стане прааналізаваць рэкамендацыі АБСЕ»


Учора міжведамасная экспертная рабочая група па разглядзе рэкамендацый Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (далей — БДІПЧ АБСЕ) па пытаннях удасканалення выбарчага працэсу правяла арганізацыйнае пасяджэнне. Алена Дмухайла, член Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, кіраўнік вышэйназванай рабочай групы, адзначыла, што справаздача місіі БДІПЧ АБСЕ дастаткова аб'ёмная.


— Для таго, каб гэта спакойна вывучыць і абдумаць, прапаную час да канца наступнага тыдня, — сказала яна.

Такім чынам, цягам яго ўдзельнікі экспертнай групы вывучаць рэкамендацыі і дашлюць на электронны адрас ЦВК свае прапановы.

Нагадаем, у склад экспертнай групы ўвайшлі прадстаўнікі Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства юстыцыі. Наступнае пасяджэнне групы запланавана пасля 4 сакавіка.

Што да саміх рэкамендацый, то, як заўважыў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай ЛАЗАВІК, прапановы БДІПЧ АБСЕ «носяць рознавагавы характар».

— Экспертная група прааналізуе ўсе рэкамендацыі АБСЕ, выдзеліць тыя, якія можна будзе прымяніць на практыцы падчас падрыхтоўкі і правядзення парламенцкіх выбараў — такія прапановы будуць рэалізаваны, — паведаміў ён. — Мы звярнулі ўвагу, што гэтыя прапановы ў першую чаргу накіраваны на павышэнне галоснасці і празрыстасці выбарчага працэса. Мы пастараемся зрабіць усё магчымае, каб гэтыя прапановы былі рэалізаваны ў найкарацейшыя тэрміны. Інакш кажучы, распрацоўваючы праекты рашэнняў Цэнтральнай камісіі, метадычныя рэкамендацыі для выбарчых камісій, мы будзем адразу ж іх улічваць.

Такім чынам, нягледзячы на тое, што самі нормы выбарчага заканадаўства да парламенцкіх выбараў змяніць немагчыма, — на гэта, як паведаміў Мікалай Лазавік, проста не хопіць часу, некаторыя працэдуры сапраўды можна зрабіць больш празрыстымі і дэмакратычнымі.

— Мы стварылі самадастатковую экспертную групу, — заявіў Мікалай Лазавік. — У ёй вельмі граматныя спецыялісты, юрысты самай высокай кваліфікацыі. Мы ў стане прааналізаваць рэкамендацыі АБСЕ і выпрацаваць неабходныя меры па іх рэалізацыі. Калі ж прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ хочуць правесці ўзгодненую працу, мы вітаем гэта. Мы згодны сустрэцца з іх спецыялістамі.

Адказваючы на пытанне журналістаў, як ён ставіцца да адмены санкцый у дачыненні да нашай краіны ў цэлым і членаў ЦВК у прыватнасці, сакратар Цэнтральнай камісіі прызнаўся: вельмі станоўча.

— Увядзенне нейкіх абмежавальных санкцый у адносінах да членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі, кіраўнікоў тэрытарыяльных камісій было вялікай памылкай Еўрасаюза, — упэўнены Мікалай Лазавік. — Гэта была «пляма ганьбы», якую яны змылі. Я так кажу, таму што ніякіх юрыдычных падстаў для ўвядзення гэтых санкцый не было. Калі вы памятаеце, па выніках выбараў 2010 года ў выніковай справаздачы АБСЕ нават з'явілася фраза, што галасаванне прайшло добра. І раптам пасля быў арганізаваны штурм Дома ўраду. А вінаватымі аказаліся члены Цэнтрвыбаркама і арганізатары выбараў — на іх былі накладзены санкцыі. Тое, што сёння гэтыя санкцыі адменены, — перамога справядлівасці.

Наконт тэрмінаў парламенцкіх выбараў Мікалай Лазавік сказаў, што пакуль «ніякіх прапаноў па тэрмінах правядзення парламенцкіх выбараў не паступала».

— Значыць, дзейнічае канстытуцыйная норма: мы арыентуемся на дату 11 верасня, — паведаміў ён.

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.