Вы тут

Абмеркавана праграма дзейнасці ўрада на 2016–2020 гады


У Палаце прадстаўнікоў абмеркавалі праграму дзейнасці ўрада на 2016–2020 гады.

Як дапамагчы малому і сярэдняму бізнесу, вырашыць праблему стратных прадпрыемстваў, знізіць сабекошт прадукцыі і штогод ствараць 50 тысяч працоўных месцаў? Гэтыя, а таксама іншыя пытанні, што маюць дачыненне да праграмы дзейнасці ўрада на 2016—2020 гады абмеркавалі ўчора на пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы. Плануецца, што дэпутаты разгледзяць праграму ў Авальнай зале ў самым пачатку вясновай сесіі.


Занятасць, экспарт, інвестыцыі

Віктар ВАЛЮШЫЦКІ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы, звярнуў увагу, што ёсць Указ Прэзідэнта №78, які трэба ўлічваць падчас падрыхтоўкі праграмы дзейнасці ўрада. Больш за тое, на гэтым тыдні адбылася Асамблея дзелавых колаў. Такім чынам, і дэпутаты, і чыноўнікі маюць дастаткова матэрыялаў.

— Занятасць, экспарт, інвестыцыі праходзяць чырвонай ніткай праз усю праграму ўрада, якая разлічана на пяцігодку, — заявіў Віктар Валюшыцкі падчас размовы з журналістамі. — Тут вызначаны асноўныя падыходы ўрада: і ў пытаннях рэальнага сектара эканомікі, і ў пытаннях развіцця малога прадпрымальніцтва, і ў пытаннях, звязаных з пенсійнай рэформай.

Старшыня Пастаяннай камісіі звярнуў увагу на кошт крэдытаў, з-за якога развіццё прадпрымальніцтва тармозіцца. Гэта асноўны момант, якому ўрад павінен надаваць увагу, жадаючы развіваць малое прадпрымальніцтва.

Гаворачы пра тыя пытанні, якія ўзніклі ў яго асабіста падчас вывучэння праграмы ўрада, Віктар Валюшыцкі прызнаўся, што яны звязаны з рэальным сектарам эканомікі — як урад і рэгіёны бачаць сваю працу па лівідацыі стратных прадпрыемстваў.

— Плануюць уводзіць у сельскай гаспадарцы інстытут даверных кіраўнікоў, — паведаміў ён і дадаў: — Я лічу, што гэты інстытут трэба ў парадку эксперымента імкнуцца прымяняць і ў рэальным сектары эканомікі на прамысловых прадпрыемствах.

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы, будзе яшчэ ўводзіцца такі элемент, як інстытут карпаратыўнага кіравання.

Улады і бізнес: знайсці кансэнсус

— Яшчэ адна найважнейшая, на маю думку, пазіцыя, якая павінна атрымаць развіццё, — гэта дзяржаўна-прыватнае партнёрства, — лічыць Віктар Валюшыцкі. — У нас сёння ўжо амаль сфарміравана інстытуцыянальнае асяроддзе. Гэта пазіцыі, якія маглі б прывесці ў далейшым да стварэння новых працоўных месцаў і вырашэння многіх сацыяльных праблем.

Трэба даць магчымасць малому і сярэдняму бізнесу карыстацца фінансавымі рэсурсамі — тады ўзнікнуць і ідэі, і прапановы, і планы, і перспектывы...

Адысці ад перакрыжаванага субсідавання

Падчас пасяджэння камісіі гутарка ішла і пра ўвядзенне субсідый на аплату жыллёва-камунальных паслуг. Па словах першага намесніка міністра эканомікі Аляксандра ЗАБАРОЎСКАГА, урад пастараецца зрабіць гэта да кастрычніка.

— Прыярытэтам праграмы з'яўляецца развіццё адраснай сацыяльнай падтрымкі грамадзян, — нагадаў намеснік міністра.

— Пытанне перакрыжаванага субсідавання я падымаў больш за два гады таму, — нагадаў старшыня Пастаяннай камісіі Віктар Валюшыцкі. — У праграме ўрада абазначана, што да 2018 года тэма перакрыжаванага субсідавання павінна быць скончана. Гэта патрэбна для таго, каб зняць вялікую нагрузку з рэальнага сектара эканомікі.

Эканоміка прырастае, нягледзячы на крызіс

— Урад сёння разглядае пытанні павышэння эфектыўнасці эканомікі, зыходзячы з трох узроўняў, — патлумачыў Аляксандр Забароўскі. — Па-першае, гэта ўзровень прадпрыемстваў, які мае на ўвазе павышэнне эфектыўнасці і зніжэнне выдаткаў, павышэнне якасці — у тым ліку і кіравання. Па-другое, галіновы ўзровень — гэта пытанні стварэння новых працоўных месцаў і прыцягненне інвестыцый. Па-трэцяе, макраўзровень — пытанні макраэканамічнай збалансаванасці, зніжэння інфляцыі, росту даступнасці крэдытаў.

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Знізіць кошт крэдытаў, інакш развіццё прадпрымальніцтва будзе марудным

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.