19 Верасень, серада

Вы тут

Таленты краю


Лідскі гісторыка-мастацкі музей прапануе атрымаць асалоду ад «віна з дзьмухаўцоў» і адчуць «сілы зямныя».

Квадратныя метры жывапісу, графікі, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прызнаныя майстры і творцы, якія толькі пачынаюць рабіць першыя крокі ў мастацтве. На адной экспазіцыйнай пляцоўцы — больш як сотня аўтарскіх твораў. Яны розныя па жанры і па тэматыцы, але ёсць тое, што іх аб'ядноўвае, — аўтары ўсіх твораў — ураджэнцы адной мясцовасці. Атрымаць задавальненне ад пошукаў мастакоў з лідскага рэгіёна — прычым розных пакаленняў і густаў — можна ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі.


На пя­рэд­нім пла­не — скульп­ту­ра Мі­ха­і­ла Фін­ска­га «Шэпт».

«Трыенале» пакаленняў, школ і дынастый

Таленавітыя людзі жылі на Лідчыне спрадвеку. Ніколі не адчувалася недахопу і ў мастаках. Аб гэтым сведчыць хаця б тое, што ў пастаяннай экспазіцыі «Сучаснае мастацтва краю» прадстаўлены работы адразу трох пакаленняў творцаў.

— Многія са старэйшага пакалення ўжо пайшлі з жыцця, але мы не маглі не паказаць іх творчасць: лідчане і дагэтуль памятаюць гэтыя імёны, пазнаюць іх творы, — расказвае куратарка экспазіцыі, навуковы супрацоўнік музея Таццяна НІКІФАРАВА. — Сярэдняе пакаленне мастакоў прадстаўлена вельмі працаздольнымі і яркімі аўтарамі сённяшняга дня. Нямала работ належыць і моладзі — прычым вельмі творчай і актыўнай.

Цікава і тое, што на адной пляцоўцы — рэгіянальнай! — сабрана творчасць усіх мастацкіх школ Беларусі. Віцебская прадстаўлена творамі членаў Саюза мастакоў Беларусі Аляксандра Судара і Аляксандра Вараксы, Алены Гаўрык, Таццяны і Віктара Лук'янаў. Мінская школа — работамі выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Глебава і гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка, гродзенская — навучэнцамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Акрамя таго, тут экспануецца творчасць некалькіх сямейных саюзаў. Мурахвер і Мягкова; сем'і Лазоўскіх, Урублеўскіх; Таццяна, Віктар і Вольга Лук'яны — цэлыя дынастыі мастакоў шчыруюць на лідскай зямлі.

Скульп­ту­ра Анд­рэя Аста­шо­ва.

Праз прызму бронзы

Разнастайнасць мастацкіх формаў і аўтарскіх задум — такімі бачацца скульптурныя кампазіцыі. Дастаткова аб'ёмныя і мініяцюрныя, рэалістычныя і авангардныя, яны прымушаюць паглядзець на рэчаіснасць праз прызму бронзы, каменю, дрэва і мармуру.

За выключэннем Вадзіма Вараб'ёва, які добра вядомы лідчанам па знакавых помніках у горадзе, скульптары прадстаўляюць маладую плеяду творцаў: Міхаіл Фінскі, Яўген Мацюта, Аляксей Урублеўскі. Загадкавыя фігуры з бронзы створаны іх земляком, вядомым у краіне скульптарам, членам Саюза мастакоў Беларусі Андрэем Асташовым.

Прызнанне — фарбамі і алоўкамі

Тут жа — і графічныя работы Андрэя Асташова. Мастак падарыў іх музею пасля персанальнай выстаўкі. Таму прыгадаць імя аўтара частаму наведвальніку будзе нескладана. А вось у работах Івана Красачкі цікаўныя лідчане наўрад ці распазнаюць чалавека, які ў цёплую пару года ўпрыгожвае іх горад.

Нацюрморты, пейзажы, гістарычны жывапіс... Асноўны лейтматыў гэтых жанрава разнастайных работ — любоў да малой радзімы. На іх наведвальнікі пазнаюць помнікі архітэктуры, гарадскія вуліцы, месцы адпачынку. Часам задумваюцца, пра што ў работах хацеў сказаць аўтар. Як, напрыклад, Міхаіл Яварэц, які з дапамогай унікальнай аўтарскай тэхнікі перадаў сваё бачанне роднага краю.

У экспазіцыі прадстаўлена творчасць і тых ураджэнцаў Лідчыны, якія ўжо не жывуць на радзіме. Напрыклад, Чэслаў Тумілевіч — цяпер грамадзянін Польшчы. Серыя работ, якія ён, прафесар графікі Гданьскай акадэміі мастацтваў, падарыў музею некалькі гадоў таму, займае ў экспазіцыі ганаровае месца. Алена Юрыкава, мастачка і скульптар, цяпер жыве ў Германіі. Юлія Гутоўская, быўшы ў Вільнюсе, спецыяльна для выстаўкі ў арыгінальнай трафарэтнай тэхніцы стварыла серыю графічных лістоў «Старыя атракцыёны г. Ліда».

«Ві­но з дзьму­хаў­цоў» Га­лі­ны Сі­да­рэ­віч за­ва­рож­вае.

Мастацтва шкла

Ключавую частку экспазіцыі займае брэнд не толькі рэгіёна, а і ўсёй краіны. Гэта нёманскае шкло. Толькі зусім не падобнае да таго, якое мы не раз бачылі ў крамах, і якім, магчыма, карыстаемся дома. Работы, створаныя ў розны час мастакамі шклозавода «Нёман», рэдка выстаўляюцца на продаж, а часам увогуле існуюць у адзіным экзэмпляры. Імі можна доўга захапляцца — не разумеючы, як са звычайнага шкла атрымліваецца мастацкі твор.

Затое гэта добра вядома ім — сапраўдным майстрам і мастакам, у якіх, далібог, рукі залатыя. На такіх прадпрыемству шчасціла не раз. Кардынальна дзейнасць завода змянілася пасля таго, як у 1960-х гадах пасля заканчэння мастацкага вучылішча імя Мухінай сюды прыехалі Уладзімір Жохаў, Уладзімір Мурахвер і Людміла Мягкова. У звычайны посуд, які ішоў канвеерам, класікі мастацкай тэхнікі ўносілі дэталі — так прадукцыя шклозавода стала аўтарскай. Гэта быў іх зорны час: яны сталі членамі Саюза мастакоў Беларусі, заслужанымі дзеячамі мастацтваў Беларусі, а Уладзімір Мурахвер — яшчэ і ганаровым акадэмікам Расійскай акадэміі мастацтваў.

У экспазіцыі — адны з самых яркіх работ аўтараў. Гэтыя кампазіцыі са шкла, прызнаныя на шматлікіх конкурсах і выстаўках, у тым ліку за мяжой, з'яўляюцца візітнымі карткамі мастакоў. Убачыўшы раз, іх не забудзеш ніколі. І цяпер перад маімі вачыма — кампазіцыя «Пралескі», стылізаваныя чайнікі пад назвай «Настаўнік і вучань», манументальная работа «Сілы зямныя».

Творамі, зробленымі некалькі дзесяцігоддзяў таму, смела можна ўпрыгожваць любы сучасны інтэр'ер. Выпушчанае ў любы перыяд, шкло заўсёды актуальнае. Вельмі авангардна сёння глядзяцца камплекты Людмілы Мягковай «Чырвона-белы. Святочны» і «Жыццё перамагае». А між іншым, створаны ў пачатку 1990-х, апошні быў падораны савецкаму ўраду на 50-годдзе Вялікай Перамогі.

Су­ве­нір­ная пра­дук­цыя шкло­за­во­да «Нё­ман» —  брэнд рэ­гі­ё­на, кра­і­ны.

Шкло: сучаснае прачытанне

Сёння на шклозаводзе «Нёман» працуюць мастакі новага пакалення. Пераняўшы вопыт і традыцыі заслужаных майстроў, яны паспяхова развіваюць сучасны дызайн шкла як у вырабах для масавага выпуску, так і ў дэкаратыўных выставачных творах. Узяць хаця б сябра Саюза мастакоў Беларусі Галіну Сідарэвіч. Нават не ведаючы ўсіх заслуг аўтара, яе работамі нельга не захапляцца. Мастачка дэманструе бязмежную палітру тэхнік і прыёмаў. Як заварожаны, глядзіш на кампазіцыю «Віно з дзьмухаўцоў». Здзіўляе і работа пад назвай «Цішыня» — здаецца, што ў шкле змешчаны графічны малюнак. Гэта аўтарская тэхніка, якую Галіна Сідарэвіч прыдумала і запатэнтавала на мастацкім савеце ў Маскве.

Дызайнерскія творы вядучага мастака Васіля Самахвалава, які на працягу многіх гадоў распрацоўвае сувеніры, кубкі для рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемстваў, ведаюць далёка за межамі Беларусі. Камплект ваз для садавіны і кветак, тэматычныя дэкаратыўныя кампазіцыі Валянціны Сучковай выдатна ўпісаліся б у сучасныя кватэры, дамы і нават офісы. Прадстаўлены магутны творчы імпульс студыйных работ і авангарднай шклапластыкі Сяргея Шэціка.

Майстры гуты

Побач з такімі таленавітымі мастакамі ўдасканальвалі сваю творчасць і майстры. Вельмі яркі след у гісторыі беларускага шкла пакінуў Анатоль Федаркоў. Майстар-практык у гутным цэху, ён распрацаваў аўтарскую тэхніку, якая называецца «нёманская нітка». Цяпер гэты прыём актыўна выкарыстоўваюць на шклозаводах не толькі Беларусі, а і за мяжой. Не менш вядомая дынастыя Багінскіх, якая на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, працуючы побач з мастакамі ў цэху, стварае непаўторныя аўтарскія работы, у тым ліку шкляныя статуэткі, якія ўпрыгожваюць паліцы сувенірных крам.

— Сувенірную вытворчасць увогуле можна разглядаць як асобны кірунак у дзейнасці шклозавода, — лічыць Таццяна Нікіфарава. — Важнасць гэтага на першы погляд пабочнага кірунку заключаецца ў тым, што сувеніры заўсёды з'яўляюцца брэндам рэгіёна і краіны ў цэлым. Па-другое, не ў кожнага ёсць магчымасць набыць аўтарскія работы. Купіць жа сувенір па сілах многім.

У майстэрні класіка

У наведвальнікаў экспазіцыі ёсць унікальная магчымасць пабываць у майстэрні заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Мурахвера. І для гэтага нават не трэба ехаць у горад Бярозаўка, дзе жыве мастак. Дастаткова проста пераступіць парог.

Нягледзячы на новую «прапіску», майстэрня выглядае так, як і пры мастаку. Эскізы, замалёўкі, мастацкія прылады, асабістая мантыя акадэміка, працоўнае месца майстра... Здаецца, зараз Уладзімір Сямёнавіч апусціцца ў сваё крэсла — і зноў пэндзаль завіруе над няскончанай карцінай. Толькі ў майстэрні цішыня, а на зваротным боку недапісанага партрэта маці рукой мастака пазначана — «Ажыццявіць». Сам ён ужо гэтага не зробіць: здароўе падвяло.

Мала хто ведае, што будучы мастаком шклозавода «Нёман», Уладзімір Мурахвер быў яшчэ выдатным жывапісцам і графікам. Пасля творчай змены ён працягваў тварыць у майстэрні. Але і тут думкамі быў на працы: пісаў партрэты работнікаў шклозавода. Яшчэ на адзін цыкл графічных работ яго натхнілі дрэвы. Будучы па справах у Лідзе, мастак не раз назіраў за тым, як адбываецца абрэзка дрэў. Свае перажыванні ён адлюстраваў у серыі «Дрэвы таксама плачуць». Эксперыментаваў Уладзімір Сямёнавіч і ў кераміцы. Яго керамічныя творы — на імправізаваным падаконніку майстэрні.

— Вельмі хочацца, каб гэта не была стацыянарная, дзе здзімаецца пыл, экспазіцыя, — спадзяецца куратар выстаўкі. — Каб майстэрня жыла, у ёй прадугледжаны тэматычныя прагляды для навучэнцаў мастацкай школы горада і профільных класаў з мастацкім ухілам. Па малюнках, эскізах Уладзіміра Мурахвера, асабліва графічных, можна навучыцца многаму. Майстэрня — гэта яшчэ і лагічны працяг размовы падчас экскурсіі аб адным з аўтараў экспазіцыі. Увогуле, такой майстэрні можа пазайздросціць любы музей краіны: акрамя іншых тытулаў і званняў, Уладзімір Мурахвер — ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў. А такіх у краіне адзінкі.

Кам­па­зі­цыя са шкла  «Сі­лы зям­ныя».  Аў­тар — Ула­дзі­мір Му­рах­вер.

Выстава XXІ стагоддзя

Сённяшняга музейнага наведвальніка наўрад ці здзівіш інфакіёскамі і іншымі тэхналагічнымі сродкамі. Вядома, яны не заменяць жывы аповед экскурсавода, але могуць зрабіць экскурсію больш інфарматыўна насычанай. Ды і рэгламент не заўсёды дазваляе экскурсаводу падрабязна расказаць пра кожны экспанат і яго аўтара.

Саджуся перад вялікім экранам і пачынаю вывучаць яго інтэрфейс. Націскаю на той раздзел экспазіцыі, які мяне цікавіць, і перад вачыма ўсплываюць вядомыя ўжо мне імёны. Тут можна не толькі пазнаёміцца з біяграфіяй мастака і яго работамі, некаторыя з якіх не прадстаўлены ў экспазіцыі, а і пачытаць аб ім публікацыі, з першых вуснаў (дзякуючы відэароліку) даведацца пра адносіны аўтара да сябе, мастацтва і ўвогуле да жыцця.

* * *

Сучасныя тэхналогіі, арыгінальнае мастацкае рашэнне ў пабудове экспазіцыі, працяг дыялогу ў творчай майстэрні — пагадзіцеся, не ў кожным рэгіянальным музеі ўбачыш такое. Ды і не кожны раён можа пахваліцца такой колькасцю таленавітых, заслужаных і прызнаных людзей. Насамрэч, іх значна больш. Пераканацца ў гэтым можна будзе праз некаторы час, калі ў экспазіцыі з'явяцца творы новых аўтараў.

kanyuta@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.