Вы тут

Эканоміцы патрэбны навуковыя распрацоўкі


Службовы рост, абарона дысертацый, патэнцыял маладых вучоных — гэтыя аспекты сталі ключавымі падчас учарашняга пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, што адбылося на базе Нацыянальнай акадэміі навук. Разглядаючы пытанне «Аб прыярытэтных напрамках навуковых даследаванняў і ролі маладых навукоўцаў у іх вырашэнні», удзельнікі мерапрыемства прыйшлі да высновы: трэба матываваць моладзь да заняткаў навукай.


— Чаму мы вынеслі на парадак дня прыярытэтныя напрамкі навуковых даследаванняў і ролю моладзі? — задаўся пытаннем Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. — Мы па-іншаму павінны глядзець на яе магчымасці — не трэба, думаю, у іх сумнявацца. Большасць маладых людзей ведае, чаго хоча. Маладыя людзі, якія прысвяцілі сябе навуцы, — гэта здабытак нашай краіны.

Па словах спікера верхняй палаты, патэнцыял моладзі павінен быць запатрабаваны.

— Калі мы выносілі на парадак дня гэту тэму, то ставілі перад сабой мэту: паглядзець, ці дастаткова нарматыўна-прававой базы, каб рэалізаваць прыярытэтныя напрамкі навуковых даследаванняў, як задзейнічаць той патэнцыял маладых людзей, які ў нас ёсць і які, безумоўна, трэба развіваць.

Міхаіл Мясніковіч выказаў думку, што трэба выходзіць на папраўкі да Закона «Аб навуковай дзейнасці». У размове з журналістамі ён звярнуў увагу, што гэта зусім не азначае, што будзе чарговая спроба павялічыць фінансаванне навукі. Па словах Міхаіла Мясніковіча, можна нават у межах тых сродкаў, якія ёсць, матываваць моладзь займацца навуковай дзейнасцю.

— Сацыяльна-эканамічнае развіццё нашай краіны будзе паспяховым, калі традыцыйная эканоміка стане прырастаць новай эканомікай, новымі тэхналогіямі і вытворчасцямі, — упэўнены старшыня Савета Рэспублікі. — Прыярытэты навукова-тэхнічнай дзейнасці павінны забяспечваць стварэнне гэтага сектара.

Спікер верхняй палаты засяродзіў увагу і на шэрагу праблемных пытанняў:

— Калі паглядзець на колькасныя паказчыкі, то здаецца, што 25% моладзі ў навуцы — гэтага, нібыта, і дастаткова. Але калі прааналізаваць якасны складнік маладых кадраў, то ўзнікне шмат пытанняў. У першую чаргу гэта невысокая колькасць маладых вучоных са ступенню, якія працуюць непасрэдна ў навуковай сферы. 12% — гэта вельмі мала. Але гэта не азначае, што трэба прапіхваць кандыдацкія дысертацыі маладых навукоўцаў. Навуковая супольнасць павінна садзейнічаць таму, каб маладыя навукоўцы абаранялі дысертацыі на аснове добрых дысертацыйных даследаванняў.

Што да пытанняў службовага росту, то спікер Савета Рэспублікі падкрэсліў: моладзь заўсёды амбіцыйная. Па яго словах, не трэба баяцца прасоўваць маладых людзей на кіраўніцкія пасады.

— Дзяржава надае вялікую ўвагу прыярытэтным навуковым даследаванням, — адзначыў у сваю чаргу Мікалай КАЗАРАВЕЦ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. — На прыярытэтныя навуковыя даследаванні распрацавана сістэма дзяржаўнага заказу. Яна зацвярджаецца Указам Прэзідэнта, пад адпаведныя напрамкі выдзяляюцца бюджэтныя і пазабюджэтныя сродкі.

Падчас учарашняга пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі было таксама разгледжана пытанне «Аб працы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па мінімалізацыі наступстваў катастрофы па Чарнобыльскай АЭС».

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.