Вы тут

Сталічная свацця: «Найлепшыя знаёмствы — падчас танцаў»


Некалькі тыдняў таму ў сацыяльнай сетцы натрапіла на аб'яву: «Запрашаем на вечар жывой гутаркі ў фармаце «хуткіх спатканняў»...». Гэта калі аднолькавая колькасць мужчын і жанчын садзяцца насупраць адно аднаго, некалькі хвілін расказваюць пра сябе, а пасля пераходзяць да наступнага суразмоўцы процілеглага полу і працягваюць гутарку з іншым. Такі фармат распаўсюджаны ў мегаполісах, калі часу і месцаў для новых знаёмстваў у запрацаваных гараджан становіцца менш. Але справа ў тым, што мерапрыемства арганізоўвалася не шлюбным агенцтвам, не камерцыйнай арганізацыяй, а сваццяй, спецыялістам рэдкім у наш час.


«Звярнуцца да пасярэдніка — сорамна»

Аксана Чырко, мінская свацця, працуе як індывідуальны прадпрымальнік. Ёй даводзіцца знаёміць людзей розных узростаў. На сустрэчу, пра якую ў інтэрнэце прачытала я, запрашалася моладзь: дзяўчаты ад 22 да 32 гадоў і хлопцы ад 25 да 37.

— Па вялікім рахунку, любое мерапрыемства так ці інакш спрыяе таму, каб людзі знаёміліся, — расказвае Аксана. — Калі яны аб'яднаны агульнай мэтай, узаемадзейнічаюць, атрымліваюць больш магчымасцяў пазнаёміцца і адчуць іншага. Хуткія спатканні (спіддэйтынг) — толькі адзін са спосабаў. Я іх нават так не называю, бо мы выкарыстоўваем толькі форму. Пачынаем сустрэчу з кароткіх інтэрв'ю, падчас якіх удзельнікі задаюць адно аднаму пытанні. Таму нельга сказаць, што гэта класічны спіддэйтынг. Тым больш што працягваем іншым інтэрактывам. Напрыклад, інтэлектуальнай гульнёй, мазгавым штурмам, квэстам. Таму што звычайныя хуткія спатканні — гэта даволі нудна.

У маім уяўленні свацця — гэта жанчына, якая вырасціла ўнукаў і цяпер рэалізуе сябе ў тым, што дапамагае іншым адшукаць сваю палову. Аксана выглядае молада і на маё пытанне адказвае, што «справа нават не ва ўзросце, а ў жыццёвай мудрасці». І ў адукацыі (яна псіхолаг). «Галоўнае адрозненне свацці ад шлюбнага агенцтва ці сайта знаёмстваў — яна працуе індывідуальна з кожным. Калі прапаноўваеш чалавеку пару, на спатканне прыходзіш разам з ім. Знаёміш і, калі ўсё добра, толькі пасля сыходзіш», — кажа яна.

Сёння свацця — прафесія не надта распаўсюджаная. Такія спецыялісты адзінкавыя і, па словах Аксаны, ёсць у Віцебску, Ганцавічах, Санкт-Пецярбургу (там увогуле мужчына) і Маскве, дзе гэты рынак даволі развіты.

Асабліва часта пытанне «Хто такая свацця?» задае моладзь, якая не бачыла класіку савецкага кінематографа — «Адзінокім прадастаўляецца інтэрнат». «У нашай культуры ўвогуле не прынята звяртацца ў шлюбнае агенцтва альбо ісці на сайт знаёмстваў — такі менталітэт. Звярнуцца да пасярэдніка — сорамна. Маўляў, я і так пазнаёміцца магу. Таму на фармат хуткіх спатканняў адшукаць людзей не так проста, асабліва мужчын», — прызнаецца псіхолаг.

Для еўрапейцаў такі зварот — гэта модна і прэстыжна. Паказчык таго, што чалавек заняты, паспяховы, і справу шлюбу аддае ў рукі падрыхтаванага спецыяліста, які зробіць аналіз яго асобы і падбярэ адпаведную пару. «Бо цяпер іншы час. Калі людзі звязаныя ланцужком «машына — дом — офіс», знаёміцца ў прынцыпе няма дзе. А калі табе пасля 30, то сябры ўжо ўсе жанатыя», — кажа Аксана.

«На ўсё згодны! Але...»

Для надзейнасці эксперыменту і са згоды нашай свацці я вырашыла паўдзельнічаць у «хуткіх спатканнях». Але для гэтага мусіла адшукаць мужчыну, які пагодзіцца схадзіць са мной, бо ў групе павінна быць роўная колькасць хлопцаў і дзяўчат. Я была лагоднай і пяшчотнай, самымі ласкавымі словамі запрашала пагуляць у нядзелю вечарам нежанатых, прыгожых і разумных. Хлопцы гулліва амаль што згаджаліся — былі занятыя, але па-геройску згодныя адкласці тэрміновыя справы дзеля сустрэчы, і толькі акуратна ўдакладнялі: «Што будзем рабіць?» І калі даведваліся, знянацку справы пераставалі быць неабавязковымі, а адзін адказ агаломшыў сваёй шчырасцю: «Я разумею, дзеля чаго ўсё гэта. Але... сорамна. Што я, не мужчына, так не пазнаёмлюся?»

Таму я запытала ў спадарыні Аксаны, ці можна, каб прыйшоў звяздоўскі фатограф мне ў пару. Але ён аказаўся ў свае 22 гады занадта маладым для спатканняў. Я не фаталістка, але абставіны намякалі, што апрабоўваць на сабе спіддэйтынг у бліжэйшы час мне не варта.

Сапраўды мужчыну залучыць на «хуткія спатканні» аказалася вельмі складана (у маім выпадку амаль немагчыма). Таму для тых, хто саромеецца ўдзельнічаць у групавых спатканнях, існуюць сустрэчы тэт-а-тэт.

Ёсць людзі, якія не жадаюць, каб іншыя бачылі, што яны шукаюць пару. Ёсць у прынцыпе некамунікабельныя, сарамлівыя. Ёсць і тыя, хто развёўся і гадоў дзесяць не хадзіў на спатканні. Палова з тых, хто звяртаецца да Аксаны, прыходзяць з-за таго, што не ведаюць, дзе пазнаёміцца. У іншых існуе пэўная прычына, па якой пара не адшукваецца. Свацця як псіхолаг высвятляе яе: «Часта людзям патрэбна дапамога — хтосьці саромеецца знаёміцца, нехта не ўмее падтрымаць размову, падчас патрэбна дапамога іміджмейкера ці псіхолага».

Аксана адразу папярэджвае, што працуе толькі з тымі, для каго сямейныя каштоўнасці — галоўнае. І як гэта зразумець? «Чалавек, якому яны не важныя, пойдзе на сайт і пазнаёміцца хутка. Складаней сустрэцца з пасярэднікам, цэлую гадзіну расказваць пра сябе — для гэтага патрэбна пэўная смеласць і сур'ёзнасць намераў. Звычайна адсейваецца 1% ад тых, хто звяртаецца, бо зварот да свацці — крок абдуманы і рашучы. Я заўжды пытаю, ці былі на сайтах знаёмстваў — 99% адказваюць, што так. Па афіцыйнай статыстыцы, толькі 5% наведвальнікаў сайтаў знаёмстваў рэгіструюцца з намерам пабрацца шлюбам», — адказвае яна.

Мін­скі пра­ва­слаў­ны баль мо­ла­дзі — цу­доў­ная маг­чы­масць су­стрэць бу­ду­ча­га су­жэн­ца.

Каб пабрацца шлюбам, трэба сябраваць

Яшчэ адна праблема ў тым, што шлюб сёння «не ў трэндзе», бо ў сучасным грамадстве іншыя каштоўнасці, упэўнена свацця. Дваццаць гадоў таму, калі інтымныя адносіны па-за шлюбам сацыяльна асуджаліся, усе хацелі жаніцца. Цяпер гэтага няма, таму мужчын, якія жадаюць пабрацца шлюбам, стала ў разы меней. Гэта праблема не толькі Беларусі, а ўвогуле XXІ стагоддзя. Напрыклад, у Францыі 95% дзяцей нараджаецца па-за шлюбам. Таму агенцтвы для будучых сужэнцаў часцяком закрываюцца. «Грамадзянскі шлюб — гэта зручна перш за ўсё для мужчын. Яны могуць пайсці ад адной жанчыны да іншай у любы момант, бо не маюць афіцыйна замацаваных абавязкаў. Беларускія жанчыны, наадварот, настроены на афіцыйны шлюб, стварэнне сям'і, але часам адкладаюць гэта з-за таго, што робяць кар'еру. Задача свацці — адшукаць з абодвух бакоў тых, хто хоча ажаніцца (выйсці замуж) і злучыць іх у пару», — пераканана Аксана.

Дарэчы, і ў каханне з першага позірку свацця не верыць: «Пра гэта сведчыць не толькі мой вопыт, але і святароў, сямейных тэрапеўтаў. Усё ж такі пачуцці павінны прайсці праверку не меней за год. І каханне за гэты час можа знікнуць. Часцей за ўсё яно не з'яўляецца крытэрыем паспяховасці шлюбу». А значыць, трэба наладжваць як мага больш кантактаў і падтрымліваць з новымі знаёмымі сяброўскія адносіны. Толькі дзе шукаць тых знаёмых?

— Адзін з самых найлепшых спосабаў пазнаёміцца — танцы, — расказвае Аксана Чырко. — Сёлета я ўдзельнічала ў Мінскім праваслаўным балі моладзі, таксама наведваю гістарычныя балі, якія праводзяцца ў Беларусі і Расіі. На мой погляд, няма лепшага спосабу пазнаёміцца, паўзаемадзейнічаць і адчуць іншага, як у танцах. І не дзіва, што амаль на кожным балі штогод фарміруецца некалькі сямейных пар. На праваслаўным, напрыклад, ёсць спецыяльны танец для тых, хто пазнаёміўся такім чынам і пабраўся шлюбам. Многія з сужэнцаў прыходзяць ужо з дзецьмі.

Па словах свацці, баляў у Беларусі шмат. Яны, як правіла, сезонныя, адбываюцца вясной і летам. Таксама падыдуць і групавыя заняткі, дзе падчас танца адбываецца абмен партнёрамі, — у сальсе альбо сярэдневечных, народных, напрыклад. У Аксаны нават ёсць задума арганізаваць «Знаёмствы ў танцах». «Можна знаёміцца на бізнес-мерапрыемствах, у паходах, падчас сплаву на байдарках. Для моладзі сёння працуе шмат адкрытых валейбольных і танцавальных пляцовак, — кажа свацця. — Людзі часам лічаць праблемай, што няма дзе шукаць пару, але трэба глядзець шырэй: такіх месцаў больш, чым трэба!»

pustavit@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.