Вы тут

Дапамогу па беспрацоўі плануецца павысіць


Прыйшоў час падумаць аб павышэнні дапамог па беспрацоўі, заявіў учора на «круглым стале» па абмеркаванні перспектыў укаранення новых відаў сацыяльнага страхавання, ініцыяваным Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег ТОКУН.


Доўгі час у нашай краіне вакансій было больш чым работнікаў, як мінімум у 2-2,5 раза. Але сёння сітуацыя на рынку працы змянілася. Ідуць актыўныя працэсы мадэрнізацыі і структурызацыі прадпрыемстваў. Пры гэтым узрастае канкурэнцыя на рынку працы і вымушаная няпоўная занятасць.

— Мы працуем над праектам дакумента аб дыферэнцаваным павышэнні дапамог па беспрацоўі, — сказаў Алег Токун. Ён дадаў, што пакуль гаворка ідзе аб павышэнні дапамог выключна за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту.

— Апошнім часам людзі звяртаюцца да мяне як да дэпутата з прапановамі павысіць памер дапамогі па беспрацоўі, — адзначыў і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар СТАНКЕВІЧ. Парламентарый заявіў, што гэтае пытанне абмяркоўваецца ў дэпутацкім корпусе.

Дэпутаты ў тым ліку гатовы працаваць і над законапраектам аб страхаванні па беспрацоўі, які мог бы падтрымаць людзей, якія апынуліся без заробку. Дарэчы, над гэтым пытаннем цяпер актыўна працуюць у Мінпрацы і сацабароны. Страхаванне па беспрацоўі, як сцвярджаюць спецыялісты, здольнае змякчыць наступствы структурных змен у эканоміцы. Міжнародны вопыт сведчыць, што яно з'яўляецца дзейснай мерай абароны людзей, якія страцілі працу.

Апошнім часам адным з важных крокаў, які закліканы палепшыць эканамічнае становішча беспрацоўных у Беларусі, стала падпісанне ў канцы 2015 года Генеральнага пагаднення паміж урадам, рэспубліканскімі аб'яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў. У дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца аб неабходнасці павышэння памеру дапамогі па беспрацоўі да ўзроўню бюджэту пражытковага мінімуму.

P.S. Больш падрабязна пра тое, што такое страхаванне па беспрацоўі, чытайце ў адным з наступных нумароў «Звязды».

ДАРЭЧЫ

Колькасць зарэгістраваных беспрацоўных на 1 красавіка гэтага года склала 53,5 тыс. чалавек. Каэфіцыент напружанасці на рынку працы павялічыўся з 1,5 на 1 студзеня 2016 года да 1,83 беспрацоўных на адну вакансію на 1 красавіка 2016 года.

busko@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.