Вы тут

Беларускія іконы прадстаўлены ў Ватыкане


У Музеі Ватыкана адкрылася выстава беларускага іканапісу. Творы XVІІ—XXІ стагоддзяў прывезены туды з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Айчынная экспазіцыя атрымала шмат станоўчых водгукаў прадстаўнікоў замежных сродкаў масавай інфармацыі, іншых гасцей, якія спецыяльна прыходзілі, каб паглядзець на беларускія святыні. Падчас афіцыйнага візіту ў Ватыкан выставу наведаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў суправаджэнні Дзяржаўнага сакратара Папы Францыска кардынала П'етра Параліна.


Тадэвуш Кандрусевіч, Уладзімір Пракапцоў і Фёдар Поўны.

У экспазіцыі прадстаўлены 31 абраз беларускіх іканапісцаў і 2 чаканныя аправы абразоў. Дэманструюцца яны ў зале № 19 знакамітай Пінакатэкі з грэчаскім іканастасам — у непасрэднай блізкасці ад вядомай Сіксцінскай капэлы з роспісамі Мікеланджэла.

Загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Алена Карпенка адзначае, што на выставе прадстаўлены абразы перыяду фарміравання нацыянальнай школы іканапісу ў часы пад'ёму нацыянальнай культуры ва ўсіх яе праявах. Тады беларускія майстры асвойвалі перадавыя заходнееўрапейскія стылі, складаную арнаментыку і сімволіку барока, а пасля — ракако. У экспазіцыі пра гэта сведчаць тры абразы Маці Божай і 12 твораў са святочнага рада іканастаса царквы вёскі Аброва Івацэвіцкага раёна на Брэстчыне. Некаторыя абразы Маці Божай — як знакамітая Жыровіцкая або прадстаўленая на выставе Маці Божая Барунская з Ашмянскага раёна — шануюцца каталіцкай і праваслаўнай канфесіямі.

Варта адзначыць, што на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі, якая ладзілася з нагоды адкрыцця выставы ў Ватыкане, прысутнічалі праваслаўны і каталіцкі святары (гэтаксама як і на адкрыцці ў Ватыкане).

— Наша зямля знаходзіцца на скрыжаванні розных шляхоў. Тут здаўна суіснавалі розныя канфесіі і рэлігіі, — адзначыў архіепіскап-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. — Ёсць шмат змешаных сем'яў, дзе людзі прытрымліваюцца рознага веравызнання: адзначаюць і праваслаўныя, і каталіцкія святы — і гэта таксама добра. У Беларусі існуе міжканфесійны мір, а гэта дарагога каштуе ў сённяшнім свеце. Мы маем тое, чым можам падзяліцца з суседзямі. Каб у Еўропе дэмакратычных каштоўнасцяў з'явілася яшчэ і Еўропа Духу.

Беларусь — бадай адзіная краіна, дзе настолькі шчыльна, на роўных правах, у згодзе паміж сабою суіснуюць розныя канфесіі.

— Не ўсе праваслаўныя ўхвалілі нашу паездку ў Ватыкан, — адзначыў протаіерэй, настаяцель Усіхсвяцкага прыхода горада Мінска Фёдар Поўны. — Аднак мы зрабілі гэта, паказалі свету нашу традыцыю, духоўнае жыццё, прыадчынілі душу народа. І прадэманстравалі, наколькі мудра мы можам захоўваць дух міратворства і паказваць яго людзям. Мы яшчэ раз паказалі, што Беларусь з'яўляецца той міратворчай «падушкай», якая абодвум бакам дапамагае захоўваць стабільнасць і ў той жа час адчуваць сябе спакойна.

Акрамя старажытных ікон, на выставе ў Ватыкане прадстаўлены дзве сучасныя работы — мінскіх іканапісцаў Паўла і Андрэя Жаравых. Гэта абразы «Святыя Казьма і Даміян Рымскія» і «Успенне Маці Божай». Экспазіцыю традыцыйнай беларускай іконы вырашана было дапоўніць сучаснымі работамі, каб падкрэсліць пераемнасць, багатыя традыцыі ў іканапіснай школе, што дайшлі да сучаснасці.

Беларуская выстава ў Ватыкане будзе мець свой працяг у Мінску. У каталіцкай сталіцы свету яна будзе экспанавацца да 25 ліпеня. А 27-28 верасня дапоўненая экспазіцыя іканапісу адкрыецца ў Мінску, пра што паведаміў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў. Акрамя каталіцкіх і праваслаўных абразоў, публіцы будуць прадстаўлены алтарны жывапіс, літургічныя прадметы, ткацтва, калекцыя марак на рэлігійную тэматыку. Да выставы будуць прымеркаваны інтэрактыўныя мерапрыемствы для дзяцей і дарослых, «круглы стол» і іншыя.

Дасягнута дамоўленасць аб тым, што некалькі беларускіх рэстаўратараў накіруюцца ў Ватыкан засвойваць сакрэты рэстаўрацыйнай справы.

nina@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Дух міратворства пад небам Італіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.