Вы тут

Прыёмная кампанія — справа дзяржаўнай важнасці


«Сістэма цэнтралізаванага тэсціравання страхуе падчас правядзення ў краіне экзаменацыйнай кампаніі ад любых карупцыйных праяў», — такую думку выказала на пасяджэнні Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах старшыня дзяржкамісіі, намеснік прэм'ер-міністра Наталля КАЧАНАВА.


— Я неаднойчы наведвала Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, дзе дэталёва вывучала ўсе этапы арганізацыйнай працы па правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання, знаёмілася, як адбываецца фарміраванне тэстаў, дастаўка экзаменацыйных матэрыялаў і праверка работ, і таму ўпэўнена, што тут не можа быць ніякай уцечкі інфармацыі, ніякага ўмяшання звонку, — падкрэсліла Наталля Качанава.

На пытанне аб тым, ці ёсць неабходнасць усталёўваць пры правядзенні ЦТ металашукальнікі на ўваходзе, а ў памяшканнях — відэакамеры (як гэта робяць у Расіі, каб выключыць спробы скарыстацца на адзіным дзяржаўным экзамене сучаснымі тэхналогіямі), Наталля Качанава дала адмоўны адказ.

— Мне заўсёды шкада маладых людзей, якіх адхіляюць ад удзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні, напрыклад за пранесены мабільны тэлефон, але па дарозе да экзаменацыйнай аўдыторыі і ў самой аўдыторыі да пачатку экзамену ўсім абітурыентам неаднаразова нагадваюць пра тое, што тэлефоны трэба здаваць. Таму калі хтосьці ўсе папярэджанні праігнараваў, яго паводзіны нельга назваць няўважлівасцю ці забыўлівасцю. Гэта іх свядомы крок, за які даводзіцца расплачацца, — дадала Наталля Качанава.

Яна звярнула ўвагу на тое, што людзі, уключаныя ў склад дзяржаўнай камісіі, нясуць за сваю працу персанальную адказнасць. Кожны разумее, што робіць справу дзяржаўнай важнасці і ўсведамляе меру сваёй адказнасці. Прыёмная кампанія павінна праходзіць максімальна празрыста. А ў пункты правядзення цэнтралізаванага тэсціравання не павінны трапляць староннія людзі. Ніводзін дакумент не дае права ўваходу ў будынак, дзе праходзіць ЦТ.

Асноўная функцыя дзяржкамісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў заключаецца ў стварэнні роўных умоў для абітурыентаў, абароне інтарэсаў і правоў грамадзян, якія маюць намер паступаць ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Дзякуючы пільнай увазе, якая надаецца ў Беларусі ўступнай кампаніі з боку кіраўніка дзяржавы, на працягу апошніх шасці гадоў пры правядзенні гэтага важнага мерапрыемства карупцыйныя праявы ўвогуле адсутнічаюць.

Па даручэнні Наталлі Качанавай была створана рабочая група для вырашэння ўсіх аператыўных пытанняў. Яе кіраўніком з'яўляецца начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Курлыпа.

— Кожны год, калі праводзіцца ўступная кампанія, узнікаюць пэўныя сітуацыі і пытанні, якія проста немагчыма прабачыць, — заўважыла Наталля Качанава. — Напрыклад, летась абітурыентка зламала руку напярэдадні экзамену па творчасці, але ёй далі дазвол на здачу і яна з задачай даволі няблага справілася. Калі можна прыняць рашэнне на карысць абітурыента, то трэба гэта рабіць, безумоўна, не парушаючы ўстаноўленых правілаў. Усё павінна быць у рамках закона.

Па словах віцэ-прэм'ера, у папярэднія гады скаргі і прапановы, якія паступалі ў дзяржкамісію ад абітурыентаў і іх бацькоў, аператыўна разглядаліся рабочай групай. Між іншым, у бягучым годзе зваротаў у дзяржкамісію пакуль не паступала.

Ва ўсіх установах адукацыі будуць працаваць камісіі па кантролі за ходам уступных выпрабаванняў. Старшынямі гэтых камісій з'яўляюцца члены дзяржкамісіі, а намеснікамі — супрацоўнікі органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю. Пры гэтым кантроль будзе ажыццяўляцца на ўсіх этапах уступнай кампаніі. Цэнтралізаванае тэсціраванне — толькі першы этап. На другім этапе дзяржаўная камісія будзе кантраляваць працэс падачы дакументаў, падрыхтоўкі і правядзення экзаменаў унутры ВНУ і залічэння абітурыентаў у студэнты.

Міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ лічыць, што ў Беларусі выпрацавана стабільная сістэма арганізацыі прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Гэта сістэма была створана дзякуючы шматгадовай сумеснай працы дзяржаўнай камісіі, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Міністэрства адукацыі і іншых органаў дзяржаўнага кіравання.

— Пры арганізацыі ўступнай кампаніі 2016 года намі быў выкананы шэраг рэкамендацый, прапанаваных дзяржкамісіяй летась. У тым ліку мы абавязалі кіраўнікоў ВНУ і ССНУ забяспечыць няўхільнае выкананне зацверджаных і даведзеных да грамадскасці кантрольных лічбаў прыёму за кошт сродкаў бюджэту і лічбаў прыёму на платнай аснове, — паведаміў Міхаіл Жураўкоў. — Аб'ёмы, спецыяльнасці, формы атрымання адукацыі не павінны змяняцца пасля іх узгаднення і зацвярджэння, гэта значыць пасля 1 красавіка.

Таксама Міхаіл Жураўкоў падкрэсліў, што рэктары ВНУ сёлета абавязаны ўказаць дакладны алгарытм правядзення конкурсу і залічэння па яго выніках. «З тым, каб пазбегнуць пытанняў, якія ўзнікалі ў абітурыентаў у мінулыя гады», — дадаў ён, напэўна, маючы на ўвазе не зусім карэктную сітуацыю, што склалася ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце летась.

У прадстаўленых на ўзгадненне парадках прыёму ў ВНУ на 2016 год пазначана, ці існуе пры падачы абітурыентам заявы прыярытэтная спецыяльнасць; якую колькасць спецыяльнасцяў абітурыент можа ўказваць у заяве; колькі прадугледжана этапаў правядзення конкурсу і ўмовы ранжыравання абітурыентаў пасля кожнага з этапаў, а таксама іншыя асаблівасці, якія дазваляюць абітурыенту і яго законным прадстаўнікам быць інфармаванымі па гэтым пытанні дакладна і максімальна поўна. Усе парадкі прыёму ў ВНУ даведзены да грамадскасці і размешчаны на сайтах ВНУ.

З 1 чэрвеня ў Міністэрстве адукацыі пачала працаваць «гарачая лінія» для абітурыентаў.

Дзяжурыць на ёй будуць прадстаўнікі ВНУ, кампетэнтныя ў пытаннях прыёму ў вышэйшыя, сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі. Практыка запрашэння на «гарачую лінію» спецыялістаў ВНУ выдатна сябе зарэкамендавала: яны не проста тэарэтыкі, а практыкі, якія глыбока і дэталёва разбіраюцца ў любых сітуацыях, а таму могуць пракансультаваць і даць абітурыенту карысную параду.

Задаць пытанне па гарадскім нумары (+ 375-17) 222 43 12 можна будзе да 19 жніўня.

«Гарачая лінія» працуе з 9.00 да 13.00 і з 14.00 да 18.00.

Спецыялісты будуць чакаць званкоў таксама і ў выхадныя дні: па суботах — 18, 25 чэрвеня, 9, 16, 23, 30 ліпеня, 6 і 13 жніўня. І па нядзелях — 19 чэрвеня, 24 ліпеня, 31 ліпеня і 14 жніўня.

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ і Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Сістэма без «уцечкі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.