Вы тут

Ледзяная траса жыцця Фёдара Сурганава


Пра Сурганава мне расказваў Мікалай Аляксеевіч Амельчанка. Ветэран журналістыкі, вядомы ў рэспубліцы фотакарэспандэнт, які адпрацаваў у «Звяздзе» тры дзесяцігоддзі, нядаўна пакінуў нас. А ўспаміны засталіся. Мікалай Аляксеевіч быў пастаянным чытачом рубрыкі «Гісторыя з біяграфіяй», і пасля кожнага яе з'яўлення на старонках газеты абавязкова тэлефанаваў, нешта ўдакладняў, дапаўняў, нешта падказваў. У 70-я гады не было ў рэспубліцы ніводнай прыкметнай падзеі, якая б не асвятлялася фотакамерай Мікалая Амельчанкі. Яго асабіста ведала ўсё партыйнае і гаспадарчае кіраўніцтва. Бачыў і ведаў ён сапраўды шмат.


Быў ён і сярод тых журналістаў, якія працавалі падчас прыезду ў Беларусь Рауля Кастра, аднаго з кіраўнікоў Кубы, брата лідара кубінскай рэвалюцыі Фідэля Кастра Рус. 26 снежня 1976 года ён знаходзіўся на ваенным аэрадроме, з якога высокі госць пакідаў нашу рэспубліку. Тады, па словах Мікалая Аляксеевіча, усе турбаваліся, каб самалёт з кубінскай дэлегацыяй удала ўзляцеў, таму што надвор'е было вельмі дрэнным — ветраным, са снегам. Самалёт паспяхова ўзняўся ў паветра, а трагедыя адбылася на зямлі і не з гасцямі — з гаспадарамі.

* * *

У снежні 1976 года ў Савецкім Саюзе святкаваўся юбілей Леаніда Ільіча Брэжнева: генсеку споўнілася 70 гадоў. Мерапрыемства з гэтай нагоды адзначалася на шырокую нагу. З усяго свету на юбілей Леаніда Ільіча сабраліся кіраўнікі брацкіх кампартый. Зразумела, не з пустымі рукамі. Усе ведалі, што генеральны сакратар больш за ўсё на свеце любіць ордэны. Госці ў літаральным сэнсе слова сталі ў чаргу, каб уручыць яму найвышэйшыя ўзнагароды сваіх краін. Як ён радаваўся, прымаючы чарговы ордэн!

Кубінскі лідар Фідэль Кастра па нейкай прычыне не змог прыляцець і замест сябе накіраваў у Маскву свайго брата Рауля. Пасля таго, як адгрымелі ўсе тосты ў гонар савецкага правадыра, Рауль Кастра вырашыў вяртацца дадому праз Брэст. Яму хацелася ўбачыць легендарную крэпасць, пабываць у Белавежскай пушчы — словам, адпачыць ад «крамлёўскіх вячорак».

21 снежня беларуская прэса паведаміла аб прыбыцці ў Мінск члена Палітбюро, другога сакратара ЦК Камуністычнай партыі, міністра Рэвалюцыйных узброеных сіл Кубы Рауля Кастра.

У той жа дзень СМІ паведамілі аб пратакольных сустрэчах і наведваннях. Далей прэса змоўкла.

Кубінскі госць тым часам у кампаніі жонкі, сына, дзвюх дачок і іх сяброўкі атрымліваў асалоду ад прыгажосці Белавежскай пушчы.

Разам з імі там адпачывалі першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Пётр Машэраў, Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Фёдар Сурганаў і Старшыня Савета Міністраў БССР Ціхан Кісялёў. Пасля адпачынку ў Белавежы госць з Кубы збіраўся адправіцца з візітам у сталіцу Узбекістана — Ташкент. Ляцець было вырашана з ваеннага аэрадрома.

... Вёска Засімавічы Пружанскага раёна — асаблівы пункт на карце. Недалёка дыслацыраваўся верталётны полк, на ўзбраенні якога знаходзіліся самыя сучасныя на той момант баявыя верталёты. Казалі, што яны па сваіх лётных характарыстыках і баявых магчымасцях пераўзыходзілі натаўскія. Але нават для гэтага палка такі аэрадром быў вялікай раскошай. Камандаванню і асабістаму складу батальёна аэрадромна-тэхнічнага абслугоўвання ён дастаўляў нямала турбот — яго штодня, зімой і летам, трэба было абслугоўваць і падтрымліваць у гатоўнасці да прыёму паветраных суднаў ці не любога класа. У чым жа сакрэт?

Справа ў тым, што самы заходні куток неабсяжнага Савецкага Саюза быў выбраны як месца прыёму VІP-гасцей. Дык вось, зусім не з планамі Генеральнага штаба Узброеных Сіл СССР па ўмацаванні заходняй мяжы быў звязаны выбар месца для аэрадрома і дыслакацыі гэтага палка! Блізкасць да запаведна-паляўнічай гаспадаркі «Белавежская пушча» стала вызначальным фактарам.

З жонкай Верай Паўлаўнай у год вяселля. 1940.

Гэтая гаспадарка ў Віскулях была аператыўна ўзведзена яшчэ ў 1957 годзе па загадзе Першага сакратара ЦК КПБ Кірыла Мазурава. А таму адмашку на будаўніцтва даў сам Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў, які пад уражаннем ад прыёму ў першага сакратара польскай кампартыі Уладзіслава Гамулкі захацеў мець у сябе аб'ект для гасцявога палявання не горшы за польскі. Але гаворка не пра гэта. Мікалай Аляксеевіч расказваў:

26 снежня 1976 года. Мы стаім ля краю ўзлётнай паласы. Чакаем урадавы картэж. Першымі з «чайкі» выйшлі Машэраў і Кастра, услед за імі — Сурганаў і Кісялёў. Па гучнай гаворцы і ўсмешках на тварах было відаць, што знаходзяцца таварышы ў прыўзнятым настроі. Пётр Міронавіч некалькі разоў падыходзіў да нас, ляпаў па плячах і жартаўліва папракаў у тым, што не забяспечылі яму добрага надвор'я.

Леанід Бяда, камандуючы авіяцыяй Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, спасылаючыся на нялётнае надвор'е, тым часам не рэкамендаваў Раулю Кастра ўзлятаць. Такой жа думкі прытрымліваўся і Машэраў. Тым не менш кубінскі госць настойваў на сваім. Ён і без таго спазняўся з візітам у Ташкент на цэлыя суткі.

Машэраў вагаўся. «Баюся, таварыш Бяда, каб не было бяды», — сказаў ён, звяртаючыся да камандуючага ВПС акругі. Потым звярнуўся да камандзіра ўрадавага лайнера:

— Узляцець зможаш?

Той, зірнуўшы на Машэрава, нейкі час маўчаў, нібы спрабуючы падабраць больш важкія аргументы, а потым упэўненым камандзірскім голасам далажыў:

— Змагу, таварыш Першы сакратар!

Машэраў усміхнуўся і моцна паціснуў яму руку:

— Ну і малайчына!

Беларускія кіраўнікі цёпла развіталіся з Раулем Кастра, самалёт, узроўшы рухавікамі, выруліў на ўзлётную паласу, замёр на месцы, а потым павольна, паступова набіраючы хуткасць, пайшоў на ўзлёт. Разганяўся ён, як нам здалося, цяжка, быццам бетонка не хацела яго адпускаць...

Пакінутыя на ўзлётна-пасадачнай паласе кіраўнікі БССР таксама меліся адправіцца ў дарогу. Яны спяшаліся ў Мінск, дзе не былі некалькі дзён. Да таго ж Новы год на носе!

Машэраў збіраўся вылецець на самалёце камандуючага. Яму так было зручней, а галоўнае, хутчэй. «Борт» генерала Бяды быў прызначаны для яго. Але метэаўмовы не дазвалялі ўзляцець, да таго ж мінскі аэрапорт па-ранейшаму не прымаў самалётаў.

Леаніду Ігнатавічу прыйшлося прыкласці нямала намаганняў, каб пераканаць Машэрава не рызыкаваць жыццём. Урэшце Пётр Міронавіч пагадзіўся і прыняў рашэнне ехаць у Мінск на аўтамашынах.

Фёдар Анісімавіч і Леанід Ігнатавіч ехалі ў адным аўтамабілі. Дарогу замятала, бачнасць была амаль нулявая. Машыны ДАІ Брэсцкай вобласці суправаджалі іх спераду і ззаду. Пасля затрымкі на запраўцы, «чайцы» Сурганава прыйшлося даганяць калону. Па правым баку дарогі ў гэты час ляцеў аўтобус, вадзіцель якога каманду ДАІ спыніць рух не выканаў. Другі аўтобус, які рухаўся ў спадарожным напрамку наперадзе, выканаў каманду і стаяў на дарозе (а не на ўзбочыне, як патрабуюць правілы). Вось у гэты транспартны сродак і ўразаецца аўтобус, што не выканаў каманду ДАІ, разварочвае яго на дарозе. Да гэтага моманту ўрадавая калона ўжо праехала, а сурганаўская «чайка» яе даганяла. Пры сутыкненні, якое было вельмі моцным, выжыў адзін вадзіцель — ён, дарэчы, быў яшчэ нявопытным і перад самым сутыкненнем, бачачы, што аварыі не пазбегнуць, ад жаху страціў прытомнасць. Сурганаў загінуў адразу, Леаніда Бяду выкінула праз бакавое шкло. Дарэчы, у гэтай жа машыне спачатку ехаў і Ціхан Кісялёў, але на запраўцы ён перасеў у іншы аўтамабіль — да жонак кіраўнікоў беларускай кампартыі. Гэта і выратавала яму жыццё.

Фідэль Кастра ў Мінску, ліпень 1972. Фёдар Сурганаў — першы злева.

Казалі, галоўны віноўнік аварыі, кіроўца аўтобуса (а ён быў украінскі, з Львова) нехта Нядзельскі, на заводзе пераганяў транспарт пасля афарбоўкі, а напярэдадні аварыі быў пазбаўлены правоў. Павесіўшы на адну з машын падроблены нумарны знак, са знаёмымі ў выхадныя рвануў у Беларусь па пакупкі перад Новым годам. Атрымаў 15 гадоў, выйшаў па амністыі раней...

Вядома, хадзілі чуткі. Версія палітычнай змовы была выгадная многім.

Але, па словах сына Сурганава, Яўгена Фёдаравіча, які, з'яўляючыся супрацоўнікам КДБ, пазней правёў уласнае расследаванне трагічнага ДТЗ, гэта была сапраўдная дзікая выпадковасць, якую і да гэтага часу спрабуюць звязаць з палітыкай. Мабыць, некаму выгадная такая версія, у якую спачатку верылі і блізкія. «Я памятаю, расказваў ён, як мне сказала Паліна Андрэеўна Машэрава: «ганяліся за Пятром Міронавічам, а трапіў Фёдар Анісімавіч...»

На жаль, і Машэраў, і мой бацька загінулі таму, што занадта мала ўвагі надавалі ўласнай «свіце». У Пятра Міронавіча было трое ахоўнікаў. Бацьку ахоўвалі толькі ў 50-я гады, калі ён быў першым сакратаром Мінскага абкама партыі і калі ахова належала ўсім першым асобам. У ЦК у яго ўжо было толькі два кіроўцы. А калі стаў старшынёй Прэзідыума ВС БССР, яму належаў дадаткова толькі кухар, але тата адмовіўся і ад яго, бо ў нас шмат гадоў жыла хатняя гаспадыня — баба Зося. У той жа дзень загадзя ніхто не ведаў, што Машэраў, Кісялёў, Бяда і бацька з жанчынамі будуць вяртацца з Белавежскай пушчы менавіта на аўтамабілях. Ды і рассаджваліся па машынах адвольна: такое прадбачыць немагчыма, каб спланаваць забойства...»

* * *

Фёдар Сурганаў нарадзіўся 105 гадоў таму — 7 чэрвеня 1911 года ў вёсцы Суднікі Віцебскага павета ў шматдзетнай сялянскай сям'і. Рана далучыўся да нялёгкай, але займальнай працы на сельскім падворку. За адзін год скончыў трохгадовую вясковую школу, яшчэ да яе самастойна навучыўшыся чытаць і пісаць, потым школу-сямігодку.

У 1928 годзе скончыў Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, пасля працаваў аграномам, а ў 1934 годзе паступіў у Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію.

Падчас вучобы ў 1937 годзе на яго быў зроблены данос, пасля чаго адбыўся арышт, але заступіліся сябры, прычым так актыўна, што справе ходу не далі і Сурганаў рэпрэсаваны не быў. Больш за тое, ужо ў 1939 годзе ён быў абраны сакратаром Горацкага раённага камітэта камсамола, а затым першым сакратаром Магілёўскага абкама ЛКСМ Беларусі. У 1940 годзе ўступіў у члены партыі і ў тым жа годзе ажаніўся. З будучай жонкай Верай пазнаёміўся на камсамольскім сходзе. Неўзабаве ў маладой сям'і з'явіўся першынец — у маі 1941 года. Аднак дзіця загінула — выпадкова выпала з акна шматпавярховага дома ў Маскве.

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны Ф. Сурганаў быў сакратаром Свярдлоўскага гарадскога камітэта ВЛКСМ, сакратаром ЦК ЛКСМ Беларусі, упаўнаважаным ЦК Кампартыі Беларусі і Цэнтральнага штаба партызанскага руху.

Ён праводзіў вялікую работу па разгортванні партызанскага руху, дапамагаў стварэнню і дзейнасці падпольных камсамольскіх і партыйных арганізацый, маладзёжных партызанскіх груп, атрадаў, удзельнічаў у распрацоўцы і правядзенні баявых аперацый на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. Апроч баявых дзеянняў, дапамагаў выпускаць падпольныя газеты і лістоўкі. Ствараў школы па авалоданні баявой тэхнікай.

У жніўні 1943-га Фёдара Сурганава адправілі ў тыл ворага: на самалёце прызямліўся на аэрадроме ў Налібоцкай пушчы, адкуль прайшоў праз Баранавіцкую, Маладзечанскую вобласці, да Бягомльскай партызанскай зоны. Там пазнаёміўся з Машэравым, пра што пісаў у сваіх лістах... Дарэчы, перад адпраўкай за лінію фронту сябры ўручылі яму трафейны «вальтэр», які доўгі час захоўваўся ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, але пасля недзе знік.

Пасля вайны Фёдар Анісімавіч знаходзіўся на кіруючай партыйнай і савецкай рабоце. З 1945 па 1947 год — намеснік загадчыка сельскагаспадарчага аддзела ЦК КП Беларусі, затым быў другім сакратаром Мінскага абласнога камітэта КПБ, старшынёй Мінскага аблвыканкама, першым сакратаром Мінскага абкама партыі. З'яўляючыся кіраўніком сталічнай вобласці, займаўся будаўніцтвам і шмат будаваў жылля, інтэрнатаў.

На ХХ з'ездзе Камуністычнай партыі Савецкага Саюза ён быў абраны кандыдатам у члены ЦК КПСС, а на наступных з'ездах — членам ЦК КПСС, таксама дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР ІV—ІХ скліканняў.

У 1956—1959 гадах і з 1962-га па 1965-ты працаваў сакратаром Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, у 1959—1962 і ў 1965—1971 гадах быў на пасадзе другога сакратара ЦК КПБ.

Як у агранома па адукацыі і па жыццёвым прызначэнні, прадметам асаблівай любові заставалася сяло, аграрны сектар эканомікі.

З 1962-га да 1964-га займаў пасаду старшыні Бюро ЦК КПБ па кіраўніцтве сельскай гаспадаркай, курыраваў аграрныя і сацыяльныя пытанні вёскі. Рэформы Хрушчова перажываў як уласную трагедыю. Падзел ЦК партыі на прамысловасць і сельскую гаспадарку Хрушчовым прыпаў на перыяд, калі Сурганаў быў другім сакратаром ЦК. Тады яго прызначылі старшынёй бюро па сельскай гаспадарцы, а замест яго на пасаду другога сакратара ЦК КПБ хацелі прызначыць маскоўскую кандыдатуру. Мазураў з Сурганавым разам змаглі адстаяць кандыдатуру Машэрава, які быў першым сакратаром Брэсцкага абкама партыі і па невядомых прычынах трапіў у няміласць да гаспадара Крамля.

За спінай. Але не ў цені. Ф. А. Сурганаў і П. М. Машэраў.

Савецкая гісторыя — гэта гісторыя бесперапыннай барацьбы за ўладу. У Хрушчова былі моцныя сапернікі. Ён нястомна змагаўся з імі і атрымліваў адну перамогу за другой, праявіў немалы талент у барацьбе за ўладу. Хрушчоў не ацэнены ў гэтым сэнсе чалавек. Ён быў геніяльным майстрам палітычнай інтрыгі. Якіх асоб ён, як бы забаўляючыся, прыбраў: Берыю, у якога ў руках была дзяржбяспека; Жукава, у якога была армія і народная слава! У пяцьдзясят сёмым годзе Мікіта Сяргеевіч ледзь ці не ў адзіночку пайшоў супраць Прэзідыума ЦК і адолеў усіх. За кожнай такой аперацыяй стаяла вялікая закулісная праца. Для гэтага трэба было мець востры розум і смеласць.

Вядомы расійскі пісьменнік і журналіст Леанід Млечын у сваёй кнізе «Як Брэжнеў змяніў Хрушчова. Тайная гісторыя палацавага перавароту» апісвае атмасферу таго часу:

«На XXІІ з'ездзе пад ціскам Хрушчова прынялі праграму пабудовы камунізму. Але ўсім было ясна, што пабудаваць камунізм за бліжэйшыя 20 гадоў нельга. Партыйныя сакратары не жадалі адказваць за міфалагічныя абяцанні. Ім трэба было, каб Хрушчоў адказаў за ўсё. Так што гэта было сур'ёзнае супрацьстаянне. Ці ён іх. Ці яны яго.

Вышэйшыя чыноўнікі баяліся Хрушчова. Калі кіраўнік Беларусі Кірыл Трафімавіч Мазураў, які прыехаў на пленум ЦК у Маскву, апынуўся ў бальніцы (яго з нервовым знясільваннем паклалі ў клініку для начальства на вуліцы Граноўскай), выступіць даручылі другому сакратару рэспубліканскага ЦК Фёдару Анісімавічу Сурганаву. Памочнік Мазурава пабег шукаць Сурганава. Той абедаў у рэстаране гасцініцы «Масква».

«Дачакаўшыся, пакуль Сурганаў дажуе катлету, — успамінаў памочнік Першага сакратара ЦК кампартыі Беларусі Барыс Уладзіміравіч Паўлёнак, — я падышоў і нягучна сказаў:

— Фёдар Анісімавіч, Мазурава забралі ў бальніцу. Ён перадаў, што вам заўтра выступаць на пленуме.

Сурганаў скалануўся, быццам яго ўдарыла токам, рэзка адсунуў талерку:

— Не буду!

Увечары ўсе члены беларускага бюро, якія прыбылі на пленум, сабраліся ў нумары ў Сурганава. Прытыцкі кіпяціўся, Кісялёў кпіў, Шаура ўстаўляў асобныя заўвагі. Сурганаў ў трэніровачным касцюме хадзіў па нумары. Ён узяўся правіць тэкст сам, але, убачыўшы, што ў яго трасуцца рукі, я прапанаваў:

— Фёдар Анісімавіч, вы дыктуйце, а я буду правіць...

Але калі памяняліся месцамі, толку ад яго ўсё роўна не было. Спалох перад выхадам на трыбуну паралізаваў — Мікіта мог збіць з думкі пытаннямі, зацюкаць рэплікамі, а то і проста сказаць: «Які вы сакратар ЦК?!»

Хрушчоў і ў пажылыя гады ўмеў выклікаць страх. Добранькім ён ніколі не быў. Інакш бы не выжыў. Але ён быў чалавек не злапамятны, здымаў з пасады і гэтым абмяжоўваўся. Сталін расстрэльваў, каб не заставаліся дзесьці побач з ім незадаволеныя і пакрыўджаныя.

А Хрушчоў нікога не дабіваў, пераводзіў на менш значныя пасады, і гэта стварала адчуванне яго слабасці. Памылковае ўражанне».

Няпроста было і пры Брэжневе. Яшчэ ў пасляваенныя гады ў краіне ўстанавіўся парадак, калі рэспубліка, вобласць, раён, калгас і саўгас ведалі аб'ём свайго ўнёску, калі можна так сказаць, у агульнасаюзны «кацёл». І калі ў хрушчоўскія часы план для Беларусі складаў 250 тысяч тон збожжа, то напярэдадні прыходу на алімп улады Брэжнева Беларусь «добраахвотна» выконвала два планы — 500 тысяч тон. А яшчэ праз колькі гадоў міністэрства нарыхтовак СССР запатрабавала ад рэспублікі мільён тон. Спецыялісты сельскай гаспадаркі тады выказвалі асцярогу наконт таго, што, нават пры ўмове вяртання рэспубліцы часткі гэтага збожжа ў выглядзе камбікорму, гэта было не выгадна і тармазіла развіццё жывёлагадоўлі, якая актыўна развівалася на той момант у Беларусі. Міністэрства сельскай гаспадаркі рэспублікі падрыхтавала свае аргументаваныя разлікі і паведаміла Маскве, што такія планы нерэальныя.

Дакладная запіска міністра нарыхтовак СССР у Палітбюро ЦК не прымусіла сябе доўга чакаць. Як піша ў сваіх успамінах акадэмік Сцяпан Гардзеевіч Скарапанаў, у пачатку жніва кіраўніцтва Беларусі (Машэраў, Сурганаў, Кісялёў) выклікалі ў Маскву. «Каманда Машэрава, — піша Скарапанаў — настроена адназначна: такому не бываць. Калі абмяркоўвалася мая трывога наконт жывёлагадоўлі, Пётр Міронавіч катэгарычна заявіў: «Касцьмі лягу, але такога не дапушчу». Адбылося Палітбюро. Вёў яго Кірыленка. Ён дзве гадзіны груба «мурыжыў» Пятра Міронавіча, які, маўляў, не разумее дзяржаўнай важнасці, не разумее таго, што хлеб павінен быць у агульным дзяржаўным амбары. Ведаючы аднаго і другога, магу сцвярджаць, што Машэраў быў на галаву вышэй за Кірыленку, тым не менш другі «экзаменуе» першага. Зразумела, «пераможцам» аказаўся Кірыленка. Пасля двухгадзіннай лаянкі ён заявіў: «Аб'явім перапынак на дзве гадзіны, хай беларусы падумаюць». Думы нашы былі цяжкімі: усе маўчаць, Машэраў моўчкі курыць. Пасля дзвюх-трох цыгарэт ён махнуў рукой і сказаў: «Хай вымятаюць усё». Пасля перапынку беларускае пытанне вырашылася хутка: «Будзем выконваць рашэнне Палітбюро», — сказаў Машэраў. Абрадаваны Кірыленка задаволена ўсміхнуўся: «Правільна вы вырашылі. Можаце быць свабоднымі».

Візіт Рычарда Ніксана ў Мінск, ліпень 1974.

Кірыленка мільён тон збожжа забраў з калгасаў і саўгасаў Беларусі толькі для таго, каб праз некалькі месяцаў вярнуць яго назад — з вялікімі фінансавымі затратамі (на перавозку туды-сюды, захоўванне і г.д.).

Вось у такой сітуацыі даводзілася працаваць. І рэальна супрацьстаяць гаспадарам Крамля было вельмі і вельмі цяжка. І Сурганаў гэта выдатна разумеў. Яму як намінальнаму кіраўніку рэспублікі (а ў 1971 годзе Фёдар Анісімавіч выбіраецца старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, затым — намеснікам старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР) нават слова не далі сказаць. Усё было вырашана.

Але часам Масква кідала рэспублікам і «пернікі». Намеснікі старшыні Прэзідыума ВС СССР па чарзе на месяц пераязджалі ў Маскву (выконвалі абавязкі сучаснага прэзідэнта). 22 мая 1972 года менавіта Сурганаву выпала ўпершыню пасля халоднай вайны сустракаць на савецкай зямлі ў Крыме амерыканскага прэзідэнта Рычарда Ніксана.

А пасля, праз два гады, у 1974-м, суправаджаць яго ў паездцы і па Беларусі. Сустракалі ганаровага госця ў мінскім аэрапорце, упрыгожаным сцягамі СССР, БССР і ЗША. А падчас святочнага абеду амерыканскі прэзідэнт сказаў: «Я хачу, каб вы ўсе ведалі, што калі Генеральны сакратар Брэжнеў выбіраў рэспубліку і горад, куды, на яго думку, варта было б мне паехаць, я цяпер разумею, чаму ён выбраў горад Мінск. Я раней думаў, што Мінск і Беларусь наогул вядомыя толькі тым, што ў гэтай рэспубліцы вырасла адна маленькая дзяўчынка Вольга Корбут. Але сёння, седзячы тут і размаўляючы з маімі суседзямі, я даведаўся, што жанчыны Беларусі не толькі прыгожыя, яны яшчэ і смелыя. І калі я пытаюся ў сябе, чаму ж гэтаму гораду прысвоена званне «Горад-герой», то ясна: па-першае, таму што гэты горад гэтак шмат выпакутаваў разам з усёй рэспублікай. Па-другое, напэўна, таму, што змагаліся тут падчас вайны не толькі мужчыны, але і жанчыны. І па-трэцяе, таму што пасля ўсіх бедстваў вайны, усіх пакут гэты горад і ўся рэспубліка былі адноўлены, і цяпер наперадзе ў вас перыяд найвышэйшага росквіту. Таму Мінск — гэта сапраўды горад-герой, і Беларусь — гэта сапраўды рэспубліка-герой».

Тут варта зрабіць невялікае адступленне. Беларуская сталіца, як і ўся рэспубліка, у ліпені 1974 года святкавала 30-годдзе з моманту вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Няцяжка здагадацца, што і пратакольныя мерапрыемствы для замежных гасцей былі вельмі сімвалічнымі. Так, Ніксан усклаў вянок на плошчы Перамогі, а таксама здзейсніў паездку ў Хатынь, дзе яму падарылі скрыначку з хатынскай зямлёй.

Гэтая паездка шырока асвятлялася і савецкімі, і замежнымі сродкамі масавай інфармацыі. Кіраўніцтва Беларусі зрабіла ўсё магчымае, каб годна прадставіць Беларусь у вачах усяго свету.

Па этыкеце быў зроблены абмен асабістымі падарункамі: Сурганаў падарыў Ніксану паляўнічую стрэльбу, папярэдне ўхваленую супрацоўнікамі сакрэтнай службы амерыканскага прэзідэнта, а Ніксан яму — сярэбраную салатніцу з залатой інкрустацыяй і партрэтам Джорджа Вашынгтона (адзіны падарунак, які Сурганаў забраў дадому). На салатніцы быў подпіс «Сурганаву Фёдару Анісімавічу ў знак удзячнасці ад прэзідэнта ЗША Ніксана».

У жніўні 1974-га Рычард Ніксан пад пагрозай імпічменту пакінуў сваю пасаду, а яшчэ праз два гады з нечым адбылося страшнае ДТЗ, у якім загінуў Фёдар Анісімавіч Сурганаў.

Савецкая дзяржава высока ацаніла заслугі Ф.А. Сурганава. Ён узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікімі медалямі СССР.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.