Вы тут

Такi маленькi сакрэт


...На тое шэрае мышаня з бледным тварыкам не паставiў бы i закончаны крэцiн. Час ад часу забягаючы да мужа на працу, я заўсёды натыкалася на яе ў калiдоры i заўсёды яе шкадавала. Цяжка было ўявiць сабе больш нязграбную iстоту, якая да таго ж увесь час нешта губляла i блытала. Пры сустрэчы са мной яна ветлiва вiталася, апускала вочкi i чырванела (а можа, мне гэта толькi здавалася?). Паступова я зусiм страцiла пiльнасць, i вось вам вынiк...


Як ён мог? Як ён мог мне здрадзiць? Як ён мог падманваць мяне — такую прыгожую, такую разумную, такую вытанчаную? I з кiм? З гэтай невыразнай iстотай без грудзей i ног, у вечна шэрых спаднiцах i з акулярамi на паўтвара! Пiкантнасць сiтуацыi заключалася ў тым, што я сама блаславiла мужа на тую замежную паездку (ён не вельмi i хацеў) у кампанii калег, добра вядомых мне людзей. Яе ж узялi туды ў якасцi цi то памочнiцы, цi то сакратаркi — карацей, «падай-прынясi»...

Напэўна, «мышка» дапамагала вельмi старанна. Бо, вярнуўшыся з камандзiроўкi, муж адразу з аэрапорта паехаў да яе. («Падрыхтаваць тэрмiновую справаздачу... Разумееш, дарагая, офiс у выхадныя на сiгналiзацыi, ну не ехаць жа да нас дадому!»)

...Я хадзiла з кута ў кут па кватэры, у якой ужо ненавiдзела ўсё. Глыбока дыхала i лiчыла да дзесяцi i назад. Адзiн, два... Усё было так добра!.. Тры, чатыры... На новенькае пацягнула мярзотнiка... Пяць, шэсць... Усе яны аднолькавыя... Сем, восем... А я так верыла, чакала! Дзесяць, дзевяць... Каза драная, малпа аблезлая... Сем, шэсць, пяць, чатыры, тры...

Кроў пульсавала i бiла ў скронi. А можа, зусiм не кроў — проста рэўнасць перамяшалася са злосцю, з абурэннем, i сумесь гэтая, прыпраўленая хваравiтымi фантазiямi, пагражала ператварыцца ў нешта страшнае. Напрыклад, у сардэчны прыступ. Цi гiпертанiчны крыз. Але мне не патрэбен быў крыз. Таму я ўсунула ногi ў туфлi i на першай машыне, якую ўдалося спынiць, паiмчала да мужа на працу.

Уляцеўшы ў дзверы офiса, рэзка затармазiла i цiхенька паднялася на патрэбны паверх. О шчасце! У калiдоры не было нi душы. Знайшоўшы без цяжкасцi патрэбныя дзверы, я нацiснула на ручку i ўвайшла ў невялiкi пакойчык, дзе за сталом, заваленным стосамi нейкiх папер, сядзела ЯНА, утаропiўшыся ў экран камп'ютара сваiмi вочкамi-акулярамi... Магчыма, калi б у мяне быў загадзя прадуманы план дзеянняў, я павяла б сябе па-iншаму. Ва ўсялякiм выпадку, не адважылася б на ўчынак, якi на той момант падаўся абсалютна нармальным. Мала таго, адзiным магчымым з усiх варыянтаў, якiя за долi секунды прамiльгнулi ў маёй распаленай галаве. Карацей, я падышла да маленькага столiка, на якiм стаяла велiзарная ваза з кветкамi. Дастала букет. Узяла вазу ў рукi i вылiла ўсё яе змесцiва на сапернiцу. (Кропка. Заслона.) «Мышаня» нават не пiскнула...

Нiколькi не сумняваючыся ў правiльнасцi зробленага, я выйшла з кабiнета, падумаўшы, што вось жа ёсць Бог на свеце — ён даў мне магчымасць хоць на некаторы час зменшыць пакуты. Аднак вечарам мяне чакаў сюрпрыз — у выглядзе мужа, да глыбiнi душы пакрыўджанага маёй «выхадкай». «Гэта проста непрыстойна! — крычаў ён, ляпаючы дзверцамi шафы i збiраючы ў сумку свае рэчы. — Урывацца да незнаёмай жанчыны i так яе зневажаць! Ды калi хочаш ведаць, яна святая! Ва ўсiм вiнаваты толькi я — не змог з сабой справiцца. А ты... Ты бяздушная, злая iстэрычка!»

Шчоўкнуў замок, i ён пабег па прыступках — лiтаральна пабег, не звяртаючы ўвагi на амаль непад'ёмны баул i радыкулiт, якi заўсёды быў прычынай, каб не прыбiраць у пакоi... О, гэта вялiкая сiла кахання! Яна здольная прыцягваць тое, што не прыцягваецца, i разрываць тое, што зраслося i пераплялося капiлярамi.

* * *

Праз месяц муж патэлефанаваў сам i спытаў, цi можна вярнуцца. «Вядома», — сказала я. «А ты чакаеш?» — спытаў ён пасля невялiкай паўзы. «Так», — я паклала трубку, дзiвячыся ўласнаму спакою.

Ён вярнуўся, i ўсё пайшло як раней. Я не задавала пытанняў, ён нiчога не тлумачыў — быццам проста прыехаў з камандзiроўкi, з далёкай экзатычнай краiны, з якой-небудзь далiны ракi Амазонкi, дзе займаўся бяскрыўдным паляваннем на кракадзiлаў... Мы разам спрабавалi склеiць разбiтую чашку сямейнага жыцця, i часам гэта амаль удавалася. Асаблiва пасля таго, як я даведалася, што «мышаня» звольнiлася з работы i знiкла ў невядомым кiрунку. А яшчэ мы з мужам захапiлiся дачай. Дакладней, не дачай, а толькi iдэяй яе пабудаваць. Невялiкi ўчастак з хаткай-развалюхай (затое ў добрым месцы, у дзесяцi хвiлiнах хады ад жывапiснага возера) дастаўся мужу ў спадчыну. Але да яго ўсё не даходзiлi рукi. I тут мы абое ўчапiлiся за гэту iдэю, як за выратавальную саломiнку — маўляў, вось тое, што дапаможа нам забыць усе былыя крыўды i пачаць жыццё спачатку...

Я ездзiла па крамах i будаўнiчых рынках, прымяраючыся да шпалераў, пакрыццяў i мэблi. Муж дамаўляўся з будаўнiкамi i шукаў архiтэктара... З апошнiмi было напружанне. Тыя, хто падыходзiў па цане, былi занятыя. Тыя, якiя былi не занятыя, не падыходзiлi па цане. I вось аднойчы... Аднойчы муж патэлефанаваў з работы i ўрачыста паведамiў, што праз гадзiну да нас заедзе адзiн чалавек (мiж iншым, выдатны праектыроўшчык, мiж iншым, дыпламаваны лаўрэат, намiнант i г.д. i да т.п.), якi доўгi час стажыраваўся аж у Францыi. У яго ёсць эскiзы незвычайнага жылога дома, якi ён хоча пабудаваць у якасцi эксперымента, гэта значыць за невялiкiя грошы. Вядома, я павiнна госця прыняць, накармiць, напаiць i забавiць рознымi iнтэлектуальнымi размовамi — абы ён не збег да таго, пакуль сам муж вернецца з працы...

Я кiнулася наразаць салаты i варыць каву. На ўсялякi выпадак памыла галаву i нафарбавала вусны. Скiнула пакаёвыя тапачкi i пераабулася ў «шпiлькi» (хоць у «iнструкцыю» мужа апошнiя пункты не ўваходзiлi).

Госць аказаўся пунктуальным. Разам мы прайшлi на кухню, дзе ўжо чакаў накрыты стол... З iм было нясумна праз дзесяць хвiлiн i цiкава праз сорак. Ён проста гаварыў, i ўсё, што ён казаў, здавалася неверагодна захапляльным. Настолькi, што прыход мужа i, адпаведна, неабходнасць пераключыцца на зусiм iншыя праблемы выклiкалi лёгкае раздражненне...

Праз тыдзень Раман заехаў зноў — узяць неабходныя дакументы i нешта там у iх удакладнiць. На гэты раз мне было няёмка зноў прапаноўваць каву. Забраўшы пакет, ён пайшоў да дзвярэй. А я падумала: калi зараз абернецца, значыць... Што гэта павiнна было азначаць, я вырашыць не паспела. Ён вярнуўся i пацалаваў мяне. Гэта быў неверагодна доўгi пацалунак. Праз прыадчыненыя дзверы я чула гудзенне лiфта i галасы людзей, нехта спускаўся i паднiмаўся па лесвiцы, верашчалi дзецi...

Мы дамовiлiся сустрэцца назаўтра. У прызначаны час, у прызначаным месцы я села ў яго машыну. Што ён мог мне прапанаваць? Тое, чаго я хацела i чакала — ключы ад кватэры, гаспадар якой знаходзiўся ў ад'ездзе.

...Я i па сёння памятаю гэтую дарогу i тое, як мы падымалiся па лесвiцы — павольна i спакойна, як людзi, упэўненыя, што ўжо нiхто i нiшто не зможа iм перашкодзiць... Далей была невялiкая экскурсiя па кватэры, падчас якой мы трымалiся за рукi. Вывучэнне дэталяў i дробязяў — радзiмка на падбародку, незагарэлая «палоска» ад заручальнага пярсцёнка, трэшчынкi на вуснах... А яшчэ я памятаю, як у ванным пакоi лiлася вада i тонкiмi струменьчыкамi сцякала па яго плячах...

* * *

Больш я нiколi не была ў гэтай кватэры. I ўвогуле папрасiла мужа знайсцi iншага архiтэктара — што-небудзь... э-э-э... больш простае, без прэтэнзiй, наблiжанае да нашых шырот. Ён спачатку здзiвiўся, а потым пагадзiўся. Дачу пабудавалi за год.

Цяпер мы з мужам жывём душа ў душу: ён дзелiцца са мной сваiмi праблемамi, я з iм — сваiмi планамi. Па вечарах, утульна ўладкаваўшыся на канапе, мы глядзiм любiмыя фiльмы, часта адначасова вымаўляем адны i тыя ж словы i нiколi не спрачаемся з-за дробязяў. Узаемныя пачуццi стараемся не абмяркоўваць, але калi яго далонь ляжыць на маiм плячы, я адчуваю яе цяпло.

Пра мой маленькi сакрэт ён, зразумела, нiчога не ведае. Як i не заўважае бляску ў маiх вачах, калi раптам згадвае нашага былога знаёмага, якi зноў падаўся ў Францыю, каб праектаваць там свае эксперыментальныя дамы. У такiя моманты я стараюся хаваць усмешку, успамiнаючы, што, як нi дзiўна, сваiм сямейным шчасцем i спакоем абавязана таму чалавеку. А яшчэ я думаю, што сэрца кожнай жанчыны — як акiян, бо яно захоўвае мноства сакрэтаў. I нiводзiн мужчына не можа быць упэўнены, што разгадаў хоць бы частку з iх...

Ала БЫВАЛАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.