24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Псіхолаг Павел Зыгмантовіч: Не бойцеся размаўляць з партнёрам


Будаваць адносіны складана. А яшчэ складаней — не наламаць дроў у самым іх пачатку. Пра тое, чаму мужчыны ў шлюбе жывуць даўжэй, пра розніцу паміж каханнем і закаханасцю, сямейнае шчасце і тое, чаму ў нашым жыцці шмат драм, але амаль няма трагедый, размаўляем з псіхолагам Паўлам Зыгмантовічам.


— У чым розніца паміж каханнем і закаханасцю?

— З 70-х гадоў мінулага стагоддзя навукоўцы спрабуюць перавесці закаханасць у разрад хвароб. У яе нават ёсць свая назва — лімерэнцыя. Звязана яна з залежнасцю і адрозніваецца ад кахання, перш за ўсё, высокай ідэалізацыяй чалавека, дакучлівым жаданнем быць побач і вельмі вялікай залежнасцю ад яго прыхільнасці. Прычым зразумела, што ўсе адносіны будуюцца так, але ў лімерэнцыі гэта выяўлена асабліва востра. Чалавек можа нават не спаць і не есці. Калі ж мы сапраўды кахаем, гэтага не здараецца, таму што ў нас ёсць трывалая, глыбокая прыхільнасць.

Развесці паняцці «каханне» і «закаханасць» вельмі лёгка. Закаханы чалавек лётае ў сваіх думках і не можа нармальна займацца працай. Чалавек, які кахае, выдатна займаецца справамі: ходзіць у спартзалу, глядзіць кіно, чытае кнігі. Але пры гэтым захоўвае цёплыя адносіны да партнёра, хоча быць з ім.

— Як зрабіць так, каб закаханасць перарасла ў каханне?

— Не трэба думаць, што калі ў вас больш не калоціцца сэрца ад аднаго дотыку да вашай паловы, то вы больш не кахаеце. Наадварот: нарэшце скончылася закаханасць. І вось тут вельмі важна не разарваць адносіны, паддаўшыся парыву расчаравання, што вы больш не адчуваеце тых самых «матылькоў у жываце».

— Пра што важна памятаць у адносінах?

— Важна не растварацца цалкам у чалавеку, а заставацца рознабаковай асобай: са сваімі хобі і звычкамі.

Фота: politeka.net

— Якія памылкі дапускаюцца ў самым пачатку адносін?

— Самая вялікая памылка, на мой погляд, гэта спяшацца. А яшчэ — маўчаць і цярпець. Напрыклад: мужчына дазваляе сабе выкарыстоўваць пры жанчыне нецэнзурныя выразы. Калі ёй гэта падабаецца, ніякіх праблем няма. Але калі не, нельга ў пачатку адносін маўчаць і цярпець. Калі жанчына хоча, каб мужчына адчыняў перад ёю дзверы, а ён гэтага не робіць, яму трэба аб гэтым сказаць.

У пачатку адносін і ён, і яна стараюцца быць добрымі, паказваць сябе з найлепшага боку. І вось тут важна не маўчаць, калі штосьці не задавальняе.

Ёсць і яшчэ адна памылка: калі мы верым у лёгкасць адносін. Яны пажаніліся, жылі доўга і шчасліва і памерлі ў адзін дзень — гэта няпраўда, так не бывае.

Пасля вяселля, як правіла, і пачынаюцца праблемы. Пра гэта мала хто гаворыць, і людзі чамусьці думаюць: у нас пачаліся цяжкасці, значыць, нашыя адносіны дрэнныя. Але любое сумеснае пражыванне з чалавекам — цяжкасць. Безумоўна, мы можам змяніць паводзіны партнёра, змяняючы пры гэтым і свае паводзіны таксама. Але калі ён не стараецца, то гэта дарэмна. Не можа ўсё цягнуць на сабе толькі адзін з партнёраў. Двое павінны ісці насустрач адно аднаму.

— Як навучыцца размаўляць адзін з адным? Не трымаць крыўды і недаказанасці ў сабе?

— Ведаеце, размаўляць усе ўмеюць, але чамусьці баяцца.

Спачатку, канешне, трэба падумаць: а ці ёсць наогул праблема? Мабыць, у вас ці вашага партнёра проста не самы добры сёння дзень? Але калі дзень тут ні пры чым, і праблема застаецца, то трэба штосьці рабіць.

Што датычыцца размовы: не трэба настройваць сябе на тое, што ўсё закончыцца дрэнна. Дрэнна ўсё будзе ў тым выпадку, калі вы не пагаворыце. Тут можна ўспомніць прынцып таксі: чым далей, тым даражэй. У нашым выпадку: чым больш мы адкладваем размову, тым складаней будзе разруліць сітуацыю.

Лепш за ўсё пачынаць з нейкага апавяшчэння і дакладна агаворваць, пра што будзе размова. Напрыклад: «Я хачу пакрытыкаваць цябе за...» Потым, канешне, вельмі важна не выстаўляць чалавека вінаватым. Рабіце лепш акцэнт на абставіны: «Я разумею: ты не вынес смецце, таму што не паспяваў». Калі мы будзем «нападаць», чалавек будзе абараняцца і нармальнай размовы не атрымаецца: ён ці яна папросту не пачуе вас.

А яшчэ трэба памятаць пра ідэальныя ўмовы для абмеркавання праблемы: калі ні вы, ні ваш партнёр нікуды не спяшаецеся, калі ён ці яна не хоча спаць і есці, а таксама расслаблены. Бо наш стан вельмі сур'ёзна ўплывае на наша стаўленне да чаго-небудзь. І вельмі добра, калі ў вашай сям'і ёсць пэўныя рытуалы. Напрыклад, у пятніцу пасля вячэры вы сядаеце і размаўляеце адно з адным: што не спадабалася ў паводзінах партнёра на гэтым тыдні, за што трэба сказаць «дзякуй».

Фота: gazeta.ru

— Што такое «сямейнае шчасце»?

— Гэта бяспечнае асяроддзе. Тут вас не пакрыўдзяць, не пасмяюцца з вас, не пакараюць, а наадварот — выслухаюць, падтрымаюць. Гэта бяспека.

Але важна яшчэ і каб табою цікавіліся, захапляліся, з табой размаўлялі, прызнавалі слушнасць твайго меркавання. Гэта, канешне ж, можна атрымаць і ад сяброў. Але ў іх сваё жыццё. Вы не патэлефануеце сяброўцы ў тры гадзіны ночы, каб сказаць, што вам прысніўся страшны сон, а партнёр, ён побач, з ім можна падзяліцца.

Дарэчы, усе даследаванні паказваюць: мужчына ў шлюбе жыве даўжэй, чым халасты або разведзены. Тут, праўда, трэба разумець, што гаворка ідзе аб сумесным пражыванні ў цэлым. Чаму так адбываецца? Таму што ён менш схільны да ўплыву шкодных звычак, больш рухаецца. Так бы ён усе выхадныя прасядзеў за камп'ютарам, а тут трэба ехаць з жонкай у краму, на дачу ці ў госці да яе мамы.

— Як пазбавіцца ад страху страціць партнёра?

— Страх — гэта пачуццё таямніцы пагрозы, галоўная праблема якой у яе незразумеласці. Мы не ведаем, калі гэта здарыцца і што з гэтым рабіць. Калі ён ці яна пакіне мяне, дзе я буду жыць, з кім застануцца дзеці? Але ў вас у галаве заўсёды павінен быць нейкі план. Няхай не выразны, але ён будзе. Калі чалавек ведае, што зробіць у выпадку небяспекі, яму значна лягчэй. Па-другое, тое, што адбылося з вамі, не трагедыя. Гэта непрыемна, але жыццё не скончылася. Калі муж проста сышоў ад вас, а ці патрэбны ён вам такі?

Чалавек, дарэчы, схільны ствараць трагедыі. Шмат што ў нашым жыцці драма, але амаль нішто не трагедыя. Калі зусім проста, то ў трагедыі галоўны герой часцей за ўсё памірае, у драме — не. Дык вось, калі ад вас сышоў муж, гэта драма, але ніяк не трагедыя.

Па-трэцяе, не трэба пазбягаць думкі пра гэта. Калі мы баімся, то на страх трэба глядзець прама, не ўхіляцца ад яго. Дыхайце глыбока і імкніцеся расслабіцца.

Фота: 89602351010.ru

— Як падзяляць абавязкі па гаспадарцы, не адсылаючы ўсё да таго, што жанчына — захавальніца агменя, а мужчына — здабытчык?

— Гэтыя стэрэатыпы пра захавальніцу агменя і здабытчыка сядзяць у нас чамусьці вельмі глыбока. Але час змяніўся: жанчыны цяпер працуюць таксама, а часам і больш за мужчын. Ёсць нейкая глыбокая несправядлівасць у тым, што яна, адпрацаваўшы 8 гадзін, павінна яшчэ прыйсці дадому на, скажам так, «другую змену».

Пра падзел абавязкаў па гаспадарцы з партнёрам трэба размаўляць яшчэ да шлюбу. А калі нешта пайшло не так, не баяцца сказаць пра гэта. Але чамусьці для жанчыны часам важней быць замужам, чым шчаслівай.

— Як паводзіць сябе, калі ў адносіны ўмешваецца трэці бок? Напрыклад, калі вы жывяце з бацькамі.

— Пажадана, канешне, жыць асобна, бо гэта сапраўды вельмі цяжка, калі разам суіснуюць некалькі пакаленняў. Але калі здараецца канфлікт, то разрульвае яго той, чые бацькі ўмешваюцца ў адносіны. Бацькі мужа — значыць, размаўляе з імі ён.

І яшчэ: не расказвайце бацькам дрэннае пра мужа ці жонку (але калі гэта не нешта сапраўды важнае: напрыклад, на вас паднялі руку). Вы потым памірыцеся, а яны не змогуць больш ставіцца да яго добра.

Размаўляйце з сябрамі, псіхолагамі, але не скардзіцеся бацькам.

Ганна БАГІНО

bаhіnо@zvіаzdа.bу

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.