Вы тут

Цэнтр інавацый і партнёрства адкрыўся ў дзіцячым цэнтры «Зубраня»


Цэнтр інавацый і партнёрства пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі адкрыўся ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня».


Традыцыйна лічыцца, што вырашаць праблемы непаўналетніх павінны дарослыя. Але што будзе, калі дазволіць дзецям самім знаходзіць выйсце са складаных сітуацый? Гэтай думкай і кіраваліся стваральнікі Цэнтра інавацый і партнёрства. Як падкрэсліў прадстаўнік ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь доктар Рашэд Мустафа Сарвар, у сучасным свеце нельга ўявіць жыццё без інавацый, а дзеці найбольш чуйна ўлоўліваюць новыя павевы. Аб'яднаўшы дзяцей за адной агульнай справай, можна атрымаць ад такога партнёрства максімальны эфект. Дзеці самі будуць фарміраваць пералік сацыяльна значных праблем, якія іх хвалююць, і вучыцца іх вырашаць, прычым самастойна.

Пачалі з таго, што ляжыць на паверхні: засілле сучасных тэхналогій, якое ўтойвае ў сабе мноства пагроз, у прыватнасці, кібербулінг або інтэрнэт-траўлю.

Пераследаваць адчувальных да кпінаў падлеткаў могуць як аднакласнікі, так і абсалютна незнаёмыя людзі. Ад кардынальных мер барацьбы прасунутая моладзь адмовілася адразу: ну хіба можна назваць жыццё без інтэрнэту паўнавартасным? Выйсце — уставаць на сцежку вайны, але з нетрадыцыйнай зброяй. На ўсе нападкі трэба адказваць... творчасцю.

«Усё роўна, што гэта будзе: коміксы, трукі на скейце або вершы-піражкі (чатырохрадкоўі з нечаканым фіналам), любая творчасць — гэта выдатны спосаб перастаць канцэнтравацца на негатыве», — сур'ёзна разважаюць хлопцы і дзяўчаты. Можна выкарыстоўваць самаіронію: калі вы будзеце жартаваць з сваіх недахопаў самі, у «праследавацеляў» аўтаматычна адпадуць падставы для здзекаў. «Заўсёды можна завесці новы акаўнт» — «Ага, яшчэ скажы — пераехаць», — з'яўляюцца ўсё новыя ідэі і нагоды для бурных абмеркаванняў. — «Трэба самім быць больш добрымі. На кожны злосны каментарый адказваць пазітыўным, старацца перамяніць адносіны да сябе». Увогуле, як казалі ў адным вядомым мульціку: «Давайце жыць дружна».

Спецыялісты сыходзяцца ў меркаванні, што адзіны спосаб барацьбы з тролямі — гэта іх поўнае ігнараванне. Па магчымасці трэба пазбягаць нават чытання іх поўных жоўці пасланняў, месца якім у смеццевым кошыку. Акрамя таго, абавязкова неабходна звяртацца ў тэхпадтрымку сайта з просьбай заблакаваць агрэсіўнага карыстальніка.

У той час, калі адны хлопцы і дзяўчаты шукаюць спосабы, як пазбавіцца ад непатрэбнай увагі да іх персоны ў інтэрнэце, іншыя, наадварот, вучацца ўсеагульную ўвагу прыцягваць: у межах дзейнасці Цэнтра інавацый і партнёрства свой праект прадставіла школа юных відэаблогераў пад жыццесцвярджальнай назвай «Allteenscan!» («Усе падлеткі могуць!»). «Наша задача — навучыць дзяцей здымаць якасныя ролікі, якія будуць прыносіць карысць іншым», — тлумачыць шэптам канцэпцыю кіраўнік праекта, намеснік старшыні Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА» Віталь Нікановіч. Шэптам, каб не перашкаджаць падлеткам, якія засяроджана выконваюць заданне — размясціць толькі што зробленае групавое фота ў сацыяльных сетках. Але размясціць не бяздумна, а па ўсіх правілах: з дакладнай геалакацыяй, падрабязнымі хэштэгамі і нетрывіяльным подпісам. А для фота яшчэ трэба знайсці добры ракурс, злавіць святло, выбраць маштаб, а калі гэта не фота, а відэа... Вось так, здавалася б, звыклыя рэчы, ператвараюцца ў сапраўдную навуку. Нездарма поўны курс навучання разлічаны на некалькі месяцаў.

«Allteenscan!» (дарэчы, варта глянуць іх канал на YouTube) заяўлены як міжнародны праект для рускамоўнай аўдыторыі, у рамках якога падлеткі могуць дзяліцца цікавай і карыснай для іншых інфармацыяй.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца глабальным пытанням і праблемам: паляпшэнню ўмоў жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі, прадухіленню распаўсюджвання ВІЧ і СНІДу, барацьбе са шкоднымі звычкамі, пошуку свайго месца ў свеце.

«Кожная з нас хацела б весці свой блог. Вельмі любім глядзець такія ролікі», — дзеляцца планамі чатырнаццацігадовыя дзяўчаты. Але пытанне пра тэму сюжэтаў ставіць іх у тупік: «Проста пра жыццё. Што я рабіла, дзе была, каго бачыла, што смешнае прыдумала і шмат іншага! Няўжо гэта нецікава?» Адна з дзяўчынак нясмела спрабуе запярэчыць, што хацела б закрануць больш сур'ёзныя тэмы, напрыклад, расказаць пра сваю невідушчую знаёмую. «Яшчэ можна здымаць блог пра моду!», «Ці стаць фудхантарам»— не звяртаючы на яе ўвагу, працягваюць больш бойкія сяброўкі. Што тут дадаць, акрамя таго, што — «Allteenscan!»

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Нетрадыцыйная зброя, або Інавацыі супраць падлеткавых праблем

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.