24 Верасень, панядзелак

Вы тут

У краіне апрабавалі новую сістэму «Паркрайт»


З сакавіка ў Беларусі функцыянуе аўтаматычная фотафіксацыя парушэнняў спынення і стаянкі транспартных сродкаў «Паркрайт». Для гэтага было закуплена адпаведнае абсталяванне — усяго 15 прыбораў: на кожную з абласцей краіны і раёнаў горада Мінска. Фотафіксацыя адбываецца ў аўтаматычным рэжыме, дзякуючы чаму верагоднасць памылкі зведзена да мінімуму.


Фота носіць ілюстрацыйны характар

Як расказаў намеснік начальніка арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі МУС Вадзім ПЕТЫШ, прынцып дзеяння прыбора наступны. У населеным пункце вызначаецца некалькі зон, дзе сістэматычна парушаюцца правілы паркоўкі і стаянкі транспартных сродкаў. Іх геалакацыя заносіцца ў сістэму. На цяперашні момант па краіне вызначаны 82 зоны кантролю з дапамогай «Паркрайта», 44 з іх знаходзяцца ў Мінску. Сам прыбор размяшчаецца ў патрульнай аўтамашыне ДАІ і без удзелу інспектара, які сочыцць за іншымі правапарушэннямі, аўтаматычна фіксуе ўсе аўтамабілі, прыпаркаваныя не па правілах дарожнага руху ў вызначанай зоне. Каб пазбегнуць недакладнасцяў, праз некаторы час экіпаж ДАІ яшчэ раз праязджае па абранай тэрыторыі. Прыбор звярае аўтамабілі, зафіксаваныя першы і другі раз, і ў якасці парушальнікаў вызначае кіроўцаў толькі тых транпартных сродкаў, якія трапілі на фотаздымак двойчы.

Пасля гэтага ўладальніку аўтамабіля накіроўваецца апавяшчэнне аб правапарушэнні. Штраф складзе адну базавую велічыню, для кіроўцаў грузавога аўтамабіля, аўтобуса, колавага трактара, самаходнай машыны, прычэпа — тры базавыя велічыні.

Зоны ахопу «Паркрайта» не перасякаюцца з тымі, дзе працуюць эвакуатары. Дарэчы, пры іх выбары ўлічваецца сукупнасць мноства фактараў: транспартная абстаноўка, арганізацыя дарожнага руху і нават наяўнасць дазволеных месцаў для паркоўкі ў непасрэднай дасяжнасці. У Мінску, напрыклад, адной з такіх зон стала тэрыторыя каля Камароўскага рынку — месца прыцягнення тысяч машын. Паблізу знаходзяцца платныя паркоўкі, аднак кіроўцы кідаюць аўтамабілі ў не прызначаных для гэтага месцах, не зважаючы на тое, што гэта стварае небяспечную сітуацыю пры пераходзе пешаходнага перахода, можа замінаць праезду пажарнай машыны або хуткай дапамогі, не кажучы ўжо пра тое, што становіцца прычынай узнікнення пастаянных затораў на дарозе ў час пік.

Прыборы пачалі прымяняць у сакавіку, два месяцы пайшло на тое, каб яе апрабаваць. З канца мая з дапамогай «Паркрайта» было вынесена больш за дзве тысячы пастаноў, прычым каля 75% з іх прыйшлося на сталіцу. Усе выпадкі падвяргаюцца пільнаму аналізу. Так, адзін і той жа аўтамабіль быў зафіксаваны сістэмай 12 разоў. Аказалася, што яго ўладальнік працуе непадалёк і прывык пакідаць аўтамабіль на адным і тым жа месцы. Пасля асабістай размовы з супрацоўнікамі ДАІ ён паабяцаў знайсці іншы варыянт паркоўкі і расказаць пра неабходнасць зрабіць тое ж самае сваім калегам. У падобных выпадках прафілактычныя гутаркі будуць прымяняцца абавязкова.

Супрацоўнікі ДАІ ўскладаюць на новы прыбор вялікія спадзяванні. Тым больш што ён працуе па падобным прынцыпе з сістэмай аўтаматычнай фіксацыі парушэнняў хуткаснага рэжыму, якая праявіла сябе з найлепшага боку. Сістэму пачалі ўкараняць у 2012-м. І калі за год да гэтага колькасць аварый, якія адбыліся з прычыны перавышэння хуткасці, склала 1045, то да 2017 года іх колькасць знізілася да 397.

Дарэчы, магчымасці «Паркрайта» значна шырэйшыя, чым толькі фіксацыя парушэнняў правілаў стаянкі і паркоўкі транспартных сродкаў. Такім чынам, пры ўстаноўцы адпаведнага праграмнага забеспячэння яна можа фіксаваць праезд на забараняльны сігнал святлафора, перасячэнне суцэльнай лініі разметкі, аналізаваць нумарныя знакі і рэагаваць на тыя аўтамабілі, якія лічацца ва ўгоне. Калі навінка сябе добра зарэкамендуе, у перспектыве дыяпазон яе дзеяння будзе пашырацца.

А пакуль праблемай няправільнай паркоўкі працягваюць займацца асабіста супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі. Так, інспектары ДАІ разам з Мінскім гарадскім камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і спецыялістамі раённых адміністрацый праводзяць акцыю «Я паркуюся, як...», што стала ўжо традыцыйнай. Заўтра, напрыклад, імі будзе праверана дваровая тэрыторыя па сталічнай вуліцы Залатая Горка. Машыны самых злосных парушальнікаў правілаў паркоўкі будуць эвакуіраваны. Нароўні з выяўленнем фактаў стаянкі аўтатранспарту на зялёных зонах сярод асноўных задач — выпрацоўка канкрэтных прапаноў па разгрузцы дваровай тэрыторыі ад машын.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Паркоўка па правілах

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.