Вы тут

Хто яна была, тая недасяжная, пачуццёвая Багдановічава Мадонна?


«Каханне — апафеоз чалавечай красы», — сказала некалі мудра Люба Тарасюк. Таленавітая перадача ўласнага пачуцця ў творчасці, узвядзенне яго да маштабаў сусветнага, усеабдымнага — апафеоз творчасці. Безумоўна, геній Максіма Багдановіча не змог бы адбыцца без натхнення жаночымі вобразамі. Але хто яна была, тая недасяжная і чыстая, але ўсё ж такі зямная і пачуццёвая Багдановічава Мадонна?


У якасці эпіграфа да сваёй славутай паэмы «Вераніка» Максім выбірае словы італьянскага паэта Джавані Праці «Яна — выдумка маёй галавы». Вядома, кожны паэтычны вобраз — выдумка і фантазія творцы. Аднак часта мае абсалютна рэальную жыццёвую аснову. Названы твор, як паэма «У вёсцы» ды іншыя выдатныя вершы, прысвечаны Ганне Какуевай, сястры Максімавага гімназісцкага сябра Рафаіла Какуева, «цёмнавокай панне». У вялікім доме Какуевых збіралася адукаваная моладзь, гучалі вершы, музыка, спевы. Бавілі час і ў гульнях, забавах. Разумная, таленавітая і прыгожая Ганна надоўга запала ў сэрца ўражліваму юнаку. У лісце да супрацоўнікаў «Нашай нівы» ад 7 лістапада 1913 г. Багдановіч пісаў: «На рэдакцыю «Н.Н.» пасылаю паэму «У вёсцы», першую з аддзела «Мадонны», гэты аддзел прысвячаю А. Р. К., так толькі буквы і пастаўце». У газеце аднак згаданыя ініцыялы надрукаваныя не былі... Хацеў Максім Багдановіч прысвяціць Ганне Какуевай нават асобны зборнік на рускай мове, пра што сведчаць радкі рукапісу да аднаго з вершаў планаванай нізкі: «Полынь-трава». Вершы пра А-ню Р-ну, з яе партрэтам і аўтографам, з каментарыямі да верша».

Але адкуль у паэта з'явілася імя Вераніка, своеасаблівы «псеўданім» яго каханай? Відавочна, што ў свядомасці Багдановіча вобраз жанчыны цэльны, ён успрымае прыгажосць кожнага перыяду яе жыцця (што яскрава праявілася ў яго паэтычнай нізцы «Каханне і смерць»). Уражваюць паэта праявы мацярынскага пачатку ў дзяўчынцы... Веранікай звалі маленькую пляменніцу яшчэ аднаго Максімавага таварыша па Яраслаўскай гімназіі, Дзіядора Дзябольскага, які ўспамінаў: «Для Максіма яна адразу ж стала не менш блізкай, чым для нас усіх. Ён заўсёды размаўляў з ёю, прынёс вялікі заалагічны атлас з малюнкамі звяроў. Гэтых звяроў яна падоўгу разглядала, седзячы на сваім высокім крэселку, і, калі прыходзіў Максім, гаварыла глыбокім шэптам: «Махім прыйшоў»... Імя Вераніка яму вельмі падабалася. Ад гэтай дзяўчынкі і назва яго паэмы «Вераніка». І тады ўжо ён пачаў шукаць і прымячаць у рысах і жэстах дзяўчынкі жаночае і мацярынскае. І ў гэтай паэме яму ўдалося стварыць вобраз дзяўчыны, якая

Зіяючы перада мной

У новай пекнасці жывой,

У тэй,

што з постаццю дзяўчыны

Злівала мацеры чэрты.

Пасля сканчэння гімназіі мы сустракаліся вельмі рэдка, таму, відавочна, і запомнілася, як вясною 1912 г. Максім, седзячы ў крэсле-качалцы, расказваў мне аб гэтым вобразе, што хваляваў яго, як пра яго, Максіма, адкрыццё і як пра загадку, што вабіць да сябе. Увогуле яго адносіны да жанчыны былі патаемна страсныя і рэдкасна чыстыя».

Прыкладам такога ж чыстага пачуцця была і сімпатыя Максіма Багдановіча да сваёй стрыечнай сястры Ганны Гапановіч. Менавіта для яе паэт здзейсніў пераклад 22 вершаў з «Вянка», якія ў выглядзе рукапіснага зборніка «Зеленя» ўручыў дзяўчыне з яскравым дароўным надпісам: «Переводы стихов — словно женщины: если красивы, то неверны, если верны, то некрасивы». Загадкавыя адносіны Максіма і Ганны хвалявалі родных, пра што сведчыць ліст стрыечнага брата паэта, Пятра Гапановіча, да сястры Веры аб намеры Максіма прыехаць у Ніжні Ноўгарад і пасяліцца ў іх доме: «Мяне ўзбударажыла задума М. І я не магу быць спакойным, пакуль ён не супакоіцца. З вас даволі, як няма куды, вашых звычайных клопатаў, а што тычыцца маёй сястры, якую я так люблю, дык я жадаў бы ёй лепшых паклоннікаў, калі ўжо без іх нельга». Ды толькі дарма хваляваліся... Пачуцці да Ганны Гапановіч і Ганны Какуевай засталіся ідэальнымі, узвышана-пачуццёвымі. Перашкодамі, натуральна, выступала і хвароба Багдановіча, і тэрытарыяльныя межы: Ганна Іванаўна з'ехала вучыцца ў Маскву на Вышэйшыя жаночыя курсы, Ганна Рафаілаўна — у кансерваторыю ў Пецярбург. Здаецца, толькі адно ўзаемнае і рэальнае каханне было ў жыцці паэта: летам 1915 г. падчас лячэння ў Крыме ён перажыў адносіны, што прынеслі шмат радасных і сумных дзён і, несумненна, таксама пакінулі адбітак на яго творчасці.

Драматычна, горка перажываў Максім Багдановіч адсутнасць свайго фізічнага працягу на зямлі:

Больш за ўсё на свеце

жадаю я,

Каб у мяне быў свой

дзіцёнак —

Маленькая

дачушка-немаўляшка,

Аня Максімаўна,

Такая прыгожанькая,

Цёпленькая, мокранькая

З чорнымі валосікамі

і броўкамі,

З цёмна-карымі вочкамі,

А ручкі,

як перацягнутыя ніткамі.

Зусім такая, як Вы,

Калі Вы былі

маленькай дзяўчынкай.

Аднак працяг вечны, творчы, неўміручы пакінулі ўсе яго гісторыі кахання. І сёння мы, узіраючыся ў начное неба, зноў і зноў задаёмся пытаннем: навошта нам «сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?»

Юлія АЛЕЙЧАНКА

Максім Багдановіч

Ізноў пабачыў я сялібы

Ізноў пабачыў я сялібы,

Дзе леты першыя прайшлі:

Там сцены мохам параслі,

Ўсё ў пылу. І стала мне

Так сумна, сумна ў цішыне.

Я ў сад пайшоў...

Ўсё глуха, дзіка,

Усё травою зарасло.

Няма таго, што раньш было,

І толькі надпіс «Вераніка»,

На ліпе ўрэзаны ў кары,

Казаў вачам аб тэй пары.

Расці, ўзмацовывайся, дрэва,

Як манумент жывы, ўставай

І к небу надпіс падымай.

Хай нерухомы словы спева:

Чым болі сходзіць дзён, начэй,

Тым імя мілае вышэй.

Загаловак у газеце: Яна — выдумка маёй галавы...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.