Вы тут

Сталіца рыхтуецца да 949-годдзя


Парк экстрэмальных відаў спорту, помнік у Верхнім горадзе і масавы забег.

Традыцыйна Дзень горада Мінска адзначаецца ў другія выхадныя верасня, аднак сёлета з-за парламенцкіх выбараў яго перанеслі на тыдзень раней. Якія мерапрыемствы 3-4 верасня жыхарам сталіцы варта наведаць, а ў якіх паўдзельнічаць асабіста, расказалі прадстаўнікі Мінгарвыканкама.


Дзень горада — гэта не толькі маштабнае свята, але і значная падзея ў сацыя-культурным жыцці. Напярэдадні гулянняў, 2 верасня, будуць падведзены вынікі конкурсу «Лепшы па прафесіі». А на наступны дзень у Вялікім тэатры оперы і балета пройдзе ўрачыстая цырымонія прысваення ганаровага звання «Мінчанін года», атрымліваюць якое за дасягненні ў працы і асаблівы ўклад у сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё сталіцы па выніках работы за год. Прымеркавана да Дня горада і адкрыццё новых і мадэрнізаваных сацыяльных аб'ектаў. Напрыклад, у Маскоўскім раёне пасля капітальнага рамонту зноў расчыніць дзверы першы корпус Дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў №1, у Фрунзенскім пачне работу новы дзіцячы садок № 44 (вул. Нёманская, 29), а ў Савецкім пасля мадэрнізацыі зноў пачне прымаць студэнтаў 33-я гарадская паліклініка. Вялікім падарункам для моладзі стане парк экстрэмальных відаў спорту (вул. Сталетава, 1). Дарэчы, на Дзень горада недалёка ад яго пройдзе міжнародны марафон на ролікавых каньках.

Сімвалічным для Года культуры стане адкрыццё на плошчы Свабоды помніка стваральнікам першай беларускай оперы «Сялянка» — кампазітару Станіславу Манюшку і драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Падчас свята ў Верхнім горадзе можна будзе пачуць музыку знакамітага кампазітара, а таксама ўбачыць фрагменты тэатральных пастановак па матывах п'ес не менш вядомага драматурга.

Святочныя мерапрыемствы будуць арганізаваны па ўсім горадзе, а асноўнай канцэртнай пляцоўкай стане тэрыторыя каля Палаца спорту. У суботу свята завершыцца музычна-піратэхнічным феерверк-шоу.

Як адзначыла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віталіна РУДЗІКАВА, у падрыхтоўцы да свята актыўна задзейнічаны ўсе гарадскія структуры.

У Дзень горада заўсёды праводзіцца мноства спартыўных мерапрыемстваў, сёлета іх будзе больш за 20. Які ён, «Жалезны пажарны», даведаюцца гледачы паказальнага выступлення супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Нікога не пакіне абыякавым і Міжнародны турнір па сілавым экстрыме. Самай маштабнай спартыўнай падзеяй — каля 20 тысяч удзельнікаў — павінен стаць другі па ліку Мінскі паўмарафон.

Каля Палаца спорту разгорнецца святочны кірмаш і Горад майстроў. Гандлёвыя аб'екты, якія зоймуць плошчу ў 5 тысяч квадратных метраў, будуць працаваць з 10 да 23 гадзін. На працягу дня будуць праводзіцца майстар-класы па прыгатаванні нацыянальных беларускіх страў. Да Дня горада ўжо ў гэтыя выхадныя, 27-28 жніўня, у дзяржаўных крамах пройдзе адзіны дзень зніжак. Хто не паспее скарыстацца выгаднай прапановай, зможа набыць неабходныя тавары падчас самога свята — зніжкі будуць дасягаць 30 працэнтаў.

Азнаёміцца з падрабязнай праграмай мерапрыемстваў можна на сайце Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта http://mіnsk.gov.by/ru/.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by


Тым часам

Гамарджоба з беларускім акцэнтам

У суботу ў сталіцы пройдзе фестываль грузінскай культуры

Тбілісоба — маляўнічае свята, прысвечанае заканчэнню збору ўраджаю. Штогод у канцы кастрычнікa яно праводзіцца ў сталіцы Грузіі — Тбілісі — і збірае велізарную колькасць турыстаў, якія жадаюць далучыцца да масавых гулянняў. Аднак мінчане і госці беларускай сталіцы ўжо другі раз змогуць наведаць свята, не выязджаючы ў цёплую Грузію.

За гэта лета фестывалі нацыянальных культур сталі сапраўднай «фішкай» Верхняга горада. Мінчане паспелі пагрузіцца ў польскую, карэйскую, украінскую культуру і вось цяпер на чарзе — грузінская, зноў. Менавіта падчас леташняй Тбілісобы зарадзілася ідэя аб прадастаўленні пляцоўкі ў Верхнім горадзе дыяспарам, якія гатовы расказаць пра свае нацыянальныя асаблівасці.

Пасол Грузіі ў Рэспубліцы Беларусь Давід КАТАРЫЯ адзначыў, што паміж дзвюма дзяржавамі заўсёды былі цёплыя, сяброўскія адносіны. Аб іх умацаванні сведчыць штогадовае павелічэнне тавараабароту і турыстычнага патоку.

Як вядома, грузіны вызначаюцца сваёй гасціннасцю, таму і само свята пабудавана вакол гэтага: гасцей чакае вясёлае застолле. Нездарма другая назва фестывалю — гастранамічны: два дзясяткі рэстаранаў грузінскай і беларускай кухні прапануюць наведвальнікам свята традыцыйныя прысмакі. А размясціцца з імі госці змогуць за стометровым агульным сталом. Не абыдзецца свята і без гарачых грузінскіх танцаў і душэўных песень.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.