Вы тут

У Гродне прайшлі фінальныя гульні свята «Спорт, здароўе і закон»


У Гродне прайшлі фінальныя гульні абласнога культурна-спартыўнага свята для непаўналетніх «Спорт, здароўе і закон», якое арганізавалі пракуратура вобласці, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама і абласная камісія па справах непаўналетніх.


— Гэтае культурна-спартыўнае свята, якое пяты раз праходзіць на Гродзеншчыне, знаёміць дзяцей з іх равеснікамі, прадстаўнікамі сілавых структур. Яны вучацца быць у камандзе, імкнуцца перамагаць. Тым больш што cтвораны дастойныя ўмовы для заняткаў фізічнай культурай і спортам, — зазначыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар ЛІСКОВІЧ.

У спаборніцтвах па міні-футболе, стрытболе і валейболе ўдзельнічалі больш за 100 хлопчыкаў і дзяўчынак. Прызёраў узнагародзілі кубкамі, медалямі і граматамі.

— У многіх з гэтых дзяцей нялёгкі лёс, і заняткі спортам могуць стаць для іх той прыступкай у жыцці, якая выведзе на правільны шлях, — кажа пракурор Гродна Уладзімір КЛІШЫН.

Разам з юнакамі і дзяўчатамі ў культурна-спартыўным свяце «Спорт, здароўе і закон» удзельнічаюць і супрацоўнікі сілавых структур — пракуратуры, міліцыі. Напрыклад, старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Ваўкавыскага РАУС Андрэй ВІКТОРКА ўжо трэці год разам з імі трэніруецца і выступае на спаборніцтвах.

Дарэчы, дзяўчат (а іх сярод тых, хто стаіць на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх, каля 20 %) сёлета ўпершыню запрасілі праявіць сябе ў гэтых спаборніцтвах. А навінкай наступнага культурна-спартыўнага свята стануць раённыя этапы падчас канікул.

— Гэта будзе добры стымул трэніравацца на працягу ўсяго навучальнага года, каб паказаць найлепшы вынік падчас фінальных гульняў, — лічыць намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Гродзенскага аблвыканкама Людміла НІЦКАЯ.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Спорт, здароўе і закон

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.