23 верасня, серада

Вы тут

Як працуе партал «Мой горад»


115.бел — адрас сайта «Мой горад», які закліканы спрасціць працэс узаемадзеяння жыхароў сталіцы з Мінгарвыканкамам і гарадскімі службамі. Пры яго дапамозе можна не толькі паведаміць аб праблеме, але і прасачыць за ходам яе рашэння. Наколькі слоган партала «Цяпер усё інакш!» адпавядае рэчаіснасці, мы даведаліся ў спецыяліста цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама Аляксандра КАЗЛОВА.


На партале з'яўляюцца і справаздачы аб зробленым.

Стварэнне сайта — адзін з вынікаў правядзення рэформы жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінска, якая пачалася летась. У рамках рэформы была запушчана ў дзеянне Мінская гарадская тэлефонная даведачная сістэма, інакш кажучы, кантакт-цэнтр ЖКГ. Мэта новаўвядзення — з'яўленне адзінага пункта ўваходу для зваротаў насельніцтва па пытаннях гэтай сферы з укараненнем адзінага кароткага нумара 115. Менавіта адсюль і адрас сайта (115.бел), які стаў наступным этапам у рэалізацыі праекта.

У апісанні партала гаворыцца, што «толькі сумеснымі намаганнямі мы зробім наша жыццё лепшым!». І на гэты заклік за 10 месяцаў адгукнулася амаль 17 тысяч чалавек. Такая актыўнасць прынесла свае вынікі: за перыяд існавання сайта на разгляд было прынята 26 367 запытаў, 21 735 з якіх ужо паспяхова вырашаны. Асноўныя катэгорыі, па якіх узнікаюць пытанні, — шматкватэрныя дамы, дваровыя тэрыторыі, інфраструктура горада, у прыватнасці добраўпарадкаванне і санітарны стан тэрыторый, дарогі і тратуары, электраработы і, вядома, агульныя праблемы, няспраўнасці і пашкоджанні.

Кантакт-цэнтр ЖКГ і па тэлефоне, і праз сайт прымае і апрацоўвае запыты, пасля чаго ў залежнасці ад спецыфікі накіроўвае іх у адпаведныя падраздзяленні Мінгарвыканкама ці гарадскім службам, а таксама штодзённа вядзе кантроль за іх вырашэннем. Згодна з правіламі работы партала тэрмін атрымання адказу на пытанне, які публікуецца ў асабістым кабінеце карыстальніка, не павінен перавышаць васьмі дзён. Але адлік вядзецца не з моманту звароту на сайт, а з даты паступлення запыту ў асабісты кабінет структурнага падраздзялення Мінгарвыканкама ці падведамнай арганізацыі. У цэлым у тэрміны ўкладвацца ўдаецца, аднак ёсць праблемы, устараненне якіх па аб'ектыўных прычынах патрабуе больш часу. У гэтым выпадку на першы план выходзіць не хуткасць, а сам факт вырашэння складанага пытання. Рэдка, але бываюць выпадкі, калі запыты папросту ігнаруюцца адказнымі выканаўцамі, у гэтым разе гараджанам трэба спрабаваць выходзіць на чыноўнікаў асабіста.

Падчас працы з сайтам трэба быць уважлівым — няправільна аформлены зварот можа перашкодзіць вырашэнню праблемы.

Тэматыка запыту павінна адносіцца да сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінска ці гарадской інфраструктуры і адпавядаць прапанаванаму на партале класіфікатару. Не трэба спрабаваць за раз вырашыць усе назапашаныя праблемы: кожная павінна быць аформлена ў асобны запыт. Варта звярнуць увагу на патрабаванні да ілюстрацыйных фотаздымкаў, дакладнае пазначэнне адрасу і завершанасць думкі ў складанні запыту.

На сайце прадстаўлена інтэрактыўная карта горада, на якой па месяцах можна прасачыць за дынамікай: выбіраеце, напрыклад, жнівень 2016-га і глядзіце, якія пытанні былі вырашаны, якія знаходзяцца на кантролі, а якія пакуль у працы. У раздзеле «Вынікі» на фотаздымках у фармаце «было-стала» паказаны прыклады паспяховай ліквідацыі праблем.

На дадзены момант асноўная аўдыторыя сайта «Мой горад» — гэта маладыя людзі ва ўзросце 25-34 гадоў, пераважна мужчыны, якія валодаюць сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, падтрымліваюць іх распаўсюджванне і, вядома, займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю. У межах зваротнай сувязі карыстальнікі партала як выказваюць падзякі, так і ўносяць прапановы па паляпшэнні яго работы. Усе ідэі акумулююцца, перапрацоўваюцца і пасля ўкараняюцца ў працу сайта.

У верасні ў наведвальнікаў партала з'явіцца магчымасць ацаніць якасць вырашэння праблемы, а таксама паўплываць на фарміраванне рэйтынга выканаўцаў.

Акрамя таго, можна будзе раздрукаваць запыт і дадаць не адзін, а некалькі фотаздымкаў у катэгорыю «да».

Як адзначыў Аляксандр Казлоў, самае маштабнае пытанне, якое ўдалося вырашыць — гэта стварэнне ўмоў для неабыякавых грамадзян для адпраўкі запытаў штодзённага бягучага характару, якія тычацца жыллёва-камунальных паслуг і гарадской гаспадаркі з дапамогай новых спосабаў камунікацыі.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Цяпер усё інакш?

Выбар рэдакцыі

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.

Грамадства

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Дачка галоўнага «песняра» распавяла пра сямейныя традыцыi.