Вы тут

Мастацтва, якім не падманеш


Недалёка ад трамвайных пуцей, за Нацыянальным цэнтрам сучаснага мастацтва, на вуліцы Някрасава, хаваецца мастацкі камбінат. З выгляду — звычайная пабудова савецкага часу, але за сценамі — творыцца мастацтва.


Адно з памяшканняў камбіната — майстэрня Генадзя Мацура. Унутры ўсё выглядае, як у кіно: высокія столі, белыя сцены, акно на ўсю шырыню памяшкання, з якога выдатна праглядаецца неба, а паўсюль — спісаныя палотны і кнігі.

Калі шчыра, трапіла я сюды выпадкова, жонка мастака — Наталля Мікалаеўна — выкладае ва ўніверсітэце англійскую мову, яна і прапанавала пазнаёміцца з мастацтвам каліграфіі.

Я прашу Генадзя Іванавіча расказаць пра творчы шлях, усё ж не кожны дзень сустракаеш такога чалавека. Шрыфтавое мастацтва — адно з самых старажытных, яно цікавіла Мацура заўсёды. У мастацкае вучылішча творца паступіў юнаком, вучыўся там чатыры гады, а потым яшчэ пяць — у Акадэміі. У студэнцкія гады адным з любімых прадметаў была анатомія, жонка смяецца: «Калі не мастаком, то, напэўна, быў бы хірургам».

Сярод прылад працы ў творцы шмат усяго: пёркі, пэндзлі, інструменты з чароту. Некаторыя з прыстасаванняў Генадзь зрабіў самастойна. Мастак працягвае круглы пэндзаль: «Кітайцы і японцы такімі працуюць. Я таксама трошкі яго выкарыстоўваю, але для сябе. Канешне, магчыма і ў іншую культуру ўжыцца, але лепш нарадзіцца кітайцам, што ўжо ў прынцыпе немагчыма», — жартуе мастак. Як ён тлумачыць, з іншай культуры пачуццё свету для сябе цяжка ўзяць. Але часам трэба так рабіць, і ў гэтым нічога дрэннага няма.

Работы мастака мяне здзіўляюць, раней я чамусьці лічыла, што каліграфія — гэта нешта накшталт акадэмічнага пісьма, а цяпер бачу, што ў гэтай сферы таксама ёсць месца эмоцыям і экспрэсіі. Тэмы для работ Мацур абірае вельмі цікавыя: тут і «Пагоня» Багдановіча, і фрагменты з творчасці Быкава, урыўкі Свяшчэннага Пісання і фальклорныя песні. Адзін з твораў мастака нават нанеслі на ветразі ў рамках выставы ў Клайпедзе.

На думку Генадзя, мастацтва і спорт чымсьці падобныя: спачатку ідзе размінка, на якую сыходзіць некалькі аркушаў, каб разагрэцца, потым ужо праца. «Заўсёды трэба быць у форме. Чалавеку, які займаецца каліграфіяй, вельмі важна мець здароўе. Калі ты хварэеш, то і лініі ў цябе будуць такія ж хворыя».

Генадзь Іванавіч кажа, што каліграфія — гэта мастацтва, якім не падманеш. Тут не зробіш эскіз. Зразумела, можна трымаць у галаве нейкую абстрактную задуму, аднак што атрымаецца — ты не ведаеш. Магчыма ўяўляць, кіраваць, але немагчыма ведаць.

Калі ён стварае эмацыянальныя росчыркі, не прыдумляе для кожнага свой вобраз — усё роўна ўсe бачаць рознае. Гэта як глядзець на аблокі.

Яна Мусвідас

Надрукавана ў часопісе "Бярозка".

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.