Вы тут

Палата прадстаўнікоў завяршыла фарміраванне пастаянных камісій


Самымі шматлікімі сталі камісіі па міжнародных справах, па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі, а таксама па адукацыі, культуры і навуцы. Таксама ўчора кожная пастаянная камісія абрала сваіх намеснікаў старшынь.


Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА, старшыня Палаты прадстаўнікоў, паставіў задачу замацаваць адказных дэпутатаў за тымі законапраектамі, якія ёсць у камісіях на разглядзе. Ужо зараз у Палаце прадстаўнікоў знаходзіцца 36 законапраектаў.

І медык, і міжнароднік

Цікава, што некаторыя дэпутаты пятага склікання, якія перавыбраліся на другі тэрмін, пажадалі памяняць профільную камісію. Напрыклад, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў пятага склікання па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Дзмітрый ШАЎЦОЎ перайшоў у Пастаянную камісію па міжнародных справах, дзе калегі абралі яго віцэ-старшынёй.

— Я — медык, узначальваю Беларускую асацыяцыю ўрачоў, і мы дастаткова доўга працуем і ў міжнародным кірунку, — патлумачыў ён журналістам сваё рашэнне. — У нас ёсць дагаворы аб супрацоўніцтве з рознымі краінамі — і з Расіяй, і са Славакіяй, і з Літвой, і з Латвіяй... Таму праца ў камісіі па міжнародных справах для мяне не новая. Я вырашыў, калі можна так сказаць, выйсці на якасна новы ўзровень. Планую супрацоўнічаць і з Міністэрствам замежных спраў, і з Міністэрствам аховы здароўя. Думаю, ад гэтага будзе карысць і нашаму парламенту ў цэлым, і нашай камісіі ў прыватнасці. Не толькі я, але і ўсе мае калегі прапаноўваюць свае ідэі. Склад камісіі ў нас вельмі добры, прыйшлі граматныя кіраўнікі, таму, думаю, будзе шмат прапаноў у тыя законапраекты, якія мы будзем разглядаць.

Ужо ў курсе спраў

Валянцін МІХНЕВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы, расказаў прадстаўнікам СМІ пра першыя тыдні дэпутацкай працы.

— Пераемнасць заўсёды была добрым задзелам плаўнага пераходу. Няма разрыву ў часе, пакуль людзі знаёмяцца з новым кірункам у працы. Тыя, хто застаўся з мінулага склікання, уводзяць нас у курс справы, дапамагаюць. Наша камісія ўжо правяла пасяджэнне, мы разгледзелі пытанні аб удзеле нашых дэпутатаў у мерапрыемствах розных арганізацый, у тым ліку і міжнародных. Такім чынам, мы паступова пераходзім да практычнага складніка нашай працы.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта «Звязды» пра тое, над якімі законапраектамі трэба будзе папрацаваць дэпутатам яго камісіі ў бліжэйшыя гады, Валянцін Міхневіч паведаміў, што пакуль у Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы ўсяго адзін законапраект, таму пра планы казаць рана.

Свая каманда

Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Наталля ГУЙВІК заявіла журналістам, што ў яе каманду ўвайшлі сапраўдныя прафесіяналы. Парламентарый асабіста пагутарыла з калегамі-дэпутатамі, што маюць юрыдычную адукацыю, і запрасіла іх далучыцца да працы ў камісіі па заканадаўстве. Такім чынам, Наталля Васільеўна ўжо ведае, з кім будзе працаваць наступныя чатыры гады, і глядзіць у будучыню з аптымізмам.

— Аляксандр Маркевіч быў кіраўніком Смаргонскай пагранбрыгады і мае адукацыю юрыста. Калі я з ім пагутарыла, то высветлілася, што ў яго ёсць вопыт практычнай працы. Ён, безумоўна, пагадзіўся ўвайсці ў нашу камісію. Кандыдат юрыдычных навук Максім Місько выкладае ў БДУ, ён жа з'яўляецца старшынёй Беларускага рэспубліканскага фонду міру, першапачаткова планаваў працаваць у міжнароднай камісіі, але мы з ім пагутарылі, і ў выніку ён перайшоў у камісію па заканадаўстве. Дэпутат можа працаваць і на міжнароднай арэне, незалежна ад таго, у якую камісію ён уваходзіць. Іван Маркевіч быў кіраўніком спраў Мінскага аблвыканкама. Гэта чалавек з велізарнейшым вопытам працы як са зваротамі грамадзян, так і арганізацыйнай. Упэўнена, што нават не маючы юрыдычнай адукацыі, ён абавязкова справіцца з працай у нашай камісіі. Віталь Уласевіч мае юрыдычную і эканамічную адукацыю, глыбока ведае правазнаўства і ў прынцыпе таксама можа прынесці вялікую карысць нашай камісіі.

Наталля Гуйвік паведаміла, што ўжо сёння ў камісіі ёсць восем законапраектаў.

— Адзін законапраект знаходзіцца ў распрацоўцы па ініцыятыве дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага склікання — у тым ліку і мяне. Ён прысвечаны ўкараненню медыяцыі ў працэс вядзення крымінальнай справы, — удакладніла яна.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Цяпер — за працу!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.