Вы тут

Хто i як дапамагае беларусам гаiць душэўныя раны ў тэлеэфiры?


У нас пакуль што не прыжылася традыцыя вырашаць тыя цi iншыя праблемы разам з псiхолагам. Беларусы збольшага прызвычаiлiся цярпець — хiба самым блiзкiм паскардзяцца, а вось па дапамогу да спецыялiстаў звяртаюцца, калi, што называецца, ужо зусiм край... Мiж тым, боль у душы — такi ж самы непарадак, як боль цялесны, i трэба не цярпець, а высвятляць яго прычыны i шукаць спосабы пазбаўлення, сцвярджаюць стваральнiкi першага ў Беларусi тэлевiзiйнага псiхалагiчнага рэалiцi «Усё складзецца».

Першыя выпускi выйшлi на АНТ яшчэ ў чэрвенi, а ў кастрычнiку стартаваў новы сезон. I, трэба адзначыць, пасля працяглых летнiх канiкулаў цiкавасць гледачоў да праграмы не зменшылася, а колькасць ахвотных паўдзельнiчаць у ёй перавалiла за 90.

Наколькi вынiковай аказваецца тэрапiя пад прыцэлам мноства тэлекамер, хто гатовы адкрыта гаварыць пра свае праблемы на ўсю краiну, i як адгукаюцца гэтыя словы ў далейшым жыццi, «Звяздзе» расказалi сцэнарыст, рэдактар i сувядучая праграмы Мiранiка МАРТ i прадзюсар праекта Валерыя ЛЯДЗЯЕВА.


Кан­стан­цi­н Даў­ла­таў і­ Мi­ра­нi­ка Март.

— Многiя замежнiкi адзначаюць, што беларусы — даволi закрытыя людзi, i ў нас не прынята несцi свае праблемы да псiхолага. Адкуль жа бяруцца людзi, гатовыя раскрыць душу перад усёй краiнай, i цi многа iх наогул?

— Гэта сапраўды так, — пагаджаецца Мiранiка Март, — у Беларусi толькi-толькi пачынае развiвацца культура звароту да псiхолага. Многiя ж церпяць да той пары, пакуль не робiцца невыносна, i нават тады не ўпэўнены: прыйсцi да псiхолага — гэта вельмi сорамна або не? Але недахопу ў героях у нас няма — пасля першых жа эфiраў паступiлi дзясяткi заявак, у тым лiку i з-за межаў Беларусi — з Расii, Польшчы; прычым для многiх людзей гэта лiтаральна апошнi шанц. Мы заўжды зыходзiм з прынцыпу «не нашкодзь», таму папярэдне праводзiм дастаткова вялiкую работу з кожным патэнцыйным удзельнiкам праграмы — у некаторых з iх знiкае патрэба ў сеансе, бо яшчэ на стадыi гутаркі чалавек знайшоў выйсце; у iншых, наадварот, аказваецца настолькi складаны выпадак, што публiчнасць яму толькi пашкодзiла б, бо тут патрэбны шэраг кансультацый тэт-а-тэт.

Спектр праблем, з якiмi людзi звяртаюцца ў праграму, самы шырокi: немагчымасць наладзiць асабiстае жыццё, застарэлы боль ад страты блiзкага чалавека, павышаны ўзровень агрэсiўнасцi ў стасунках з навакольнымi, непрыняцце ўласнага цела, здрада каханага, «комплекс ахвяры» цi адчуванне сябе няўдачнiкам — словам, многiя з нас, пры жаданнi, змогуць пазнаць у героях сябе. А потым — зноў жа, пры жаданнi — для вяртання ўнутранай гармонii скарыстацца метадамi, якiя прапануюць прафесiяналы.

Ча­сам вый­сце з не­вы­ра­шаль­най сi­ту­а­цыi аказ­ва­ец­ца на­столь­кi прос­тым, што мно­гiм не ве­рыц­ца. «Ве­да­е­це, гэ­та як з элект­рыч­най ра­зет­кай: ка­лi за­су­нуць у яе паль­цы, ця­бе га­ран­та­ва­на б'е то­кам. Не­ка­то­рыя лю­дзi спра­бу­юць вы­ву­чаць пры­ро­ду то­ка, iн­шыя ба­чаць у кож­най ра­зет­цы кар­мiч­нае па­ка­ран­не... А трэ­ба ўся­го толь­кi пе­ра­стаць за­соў­ваць у яе паль­цы!»

— Безумоўна, мы не займаемся хваробамi, якiя мусiць лячыць псiхiятрыя, а працуем са звычайнымi людзьмi, у якiх здарылiся пэўныя перакосы i з-за гэтага пагоршылася якасць жыцця, — зазначае Мiранiка Март. — Напрыклад, паводле тэорыi сямейных расстановак, на лёс чалавека ўплываюць папярэднiя пакаленнi, i многiя нашы цяжкасцi звязаны з траўмамi, перанесенымi ў мiнулым, таму для вырашэння праблем трэба перанесцiся зноў у гэта мiнулае i расставiць усё па належных месцах. Яшчэ адзiн важны момант, чаму мы вучым людзей (i вучымся самi па ходу работы), — адэкватна назваць свае эмоцыi, не саромецца, а прыняць iх. Часта героi даведваюцца аб сабе даволi непрыемныя рэчы, аднак уласцiвасць лекаў — быць горкiмi, i гэта трэба перажыць. Дарэчы, самi здымкi ўзмацняюць тэрапеўтычны эфект, чалавек пражывае сiтуацыю некалькi разоў: спачатку, калi прыходзiць да нас на папярэдняе iнтэрв'ю, дзе збiраецца падрабязны «анамнез» i складаецца стратэгiя работы, потым непасрэдна падчас здымак i стасункаў з псiхолагам i трэцi раз — калi глядзiць праграму ў эфiры.

Сеанс работы герояў з псiхолагам доўжыцца больш за гадзiну, а ў эфiры застаецца ўсяго 15-20 хвiлiн — тэлевiзiйны фармат абавязвае. Рэдактар «выразае», як правiла, працэс настройкi, глыбока iнтымныя рэчы з жыцця героя, а таксама тэхнiчныя моманты, цiкавыя толькi прафесiяналам. Аднак самыя яркiя эмоцыi ўдзельнiкаў i сутнасць праблемнай сiтуацыi, безумоўна, застаюцца ў праграме. Акрамя таго, употай ад герояў аўтары шукаюць адсутныя элементы «пазла» душэўнай раўнавагi; скажам, камусьцi вельмi не хапае бацькоўскай любовi i проста пахвалы — i тэлевiзiйнiкi запiсваюць сюжэт, у якiм бацькi цi iншыя блiзкiя людзi гавораць гэтыя важныя рэчы.

«Ня­ма па­няц­ця «праб­ле­ма», ёсць ус­пры­ман­не жыц­ця як праб­ле­мы, — мяр­куе вя­ду­чы пра­ек­та, псi­хо­лаг Кан­стан­цiн Даў­ла­таў. — Трэ­ба прос­та зра­зу­мець, з яко­га бо­ку ты гля­дзiш на рэ­чы».

— Наколькi ўдаецца прытрымлiвацца сцэнарыя — цi ўся работа заснавана на iмправiзацыi i залежыць ад паводзiн героя?

— Да пачатку здымак ёсць гiпотэзы развiцця сiтуацыi, iх ад трох да пяцi, i па якой лiнii мы пойдзем, абсалютна невядома, бо гэта залежыць ад тэрапii, ад таго, як будзе на яе рэагаваць клiент, — тлумачыць прадзюсар Валерыя Лядзяева. — Праект атрымлiваецца неймаверна жывы, i ў гэтым яго асаблiвае хараство: мы ў рэжыме рэальнага часу назiраем за трансфармацыяй чалавека, спачуваем яму. Для сябе я зразумела, што шлях паказваецца кожнаму, але не кожны гатовы яго прыняць: ёсць людзi, якiм прасцей працягваць рухацца па наезджанай каляiне, чым змянiць штосьцi ў жыццi. Будаваць нешта новае — для гэтага трэба мець унутраную сталасць, смеласць i запас сiл, каб не збегчы ў апошнi момант.

— Наш праект — не «У гасцях у казкi», — дадае Мiранiка Март, — i няма такога, што прыйшоў чараўнiк i зрабiў усё за вас. Чалавеку неабходна працаваць са сваiмi перажываннямi самому, i прытым выразна ўсведамляць, якой мэты ён хоча дасягнуць i як шмат давядзецца для гэтага зрабiць.

— Цi сочыце вы за лёсам герояў пасля праграмы i якiя водгукi ад iх атрымлiваеце?

— Так, мы падтрымлiваем зваротную сувязь i сочым, як уплывае на iх лёс узрушэнне, якое адбылося падчас сеансу работы з псiхолагам. Большасць адчуваюць зрухi да лепшага i шчыра дзякуюць нам. Многiх «накрывае» ўжо на праграме — відаць, як змяняецца постаць чалавека, выраз твару, нават стан скуры! А некаторых як быццам чуе космас i дае менавiта тое, чаго яны просяць: так, адна наша гераiня на працягу 6 гадоў пасля разводу з мужам працягвала жыць з iм i трыма дзецьмi ў адной кватэры, бо не было куды з'ехаць, цярпела яго тыранiю i не бачыла выйсця з тупiка, хоць бясконца вучылася, у тым лiку прайшла шэраг псiхалагiчных трэнiнгаў. Што б вы думалi — праз тыдзень пасля здымак яна напiсала мне: «Павiншуй, я шчаслiвая ўладальнiца 2-пакаёўкi, здзелка адбылася!» — цытуе прадзюсар урыўкi з перапiскi, — знайшоўся пакупнiк, гатовы пагасiць крэдыт, дачакацца завяршэння ўсiх папяровых працэдур, i ў гэтай зацягнутай гiсторыi нарэшце з'явiлася тлустая кропка.

«Да­зво­лiць са­бе ад­чуць i пе­ра­жыць эмо­цыi вель­мi важ­на. Ад­на з на­шых ге­ра­iнь па­ку­та­ва­ла ад та­го, што не­ка­лi яе, ця­жар­ную, кi­нуў ка­ха­ны i за­вёў ад­но­сi­ны з су­сед­кай. Яна доў­га моўч­кi ўсё гэ­та на­зi­ра­ла. Кан­стан­цiн Даў­ла­таў пра­па­на­ваў: уя­вi, што пе­рад та­бой ся­дзiць бы­лы ка­ха­ны, i ска­жы, што ты ад­чу­ва­еш. Дзяў­чы­на ўваж­лi­ва па­гля­дзе­ла на пус­тое крэс­ла i вы­да­ла: «Фё­дар, ты ка­зёл!» Мы ўсе лi­та­раль­на спаў­злi на пад­ло­гу — а дзяў­чы­на пры­зна­ла­ся, што ёй ста­ла знач­на ляг­чэй, на­ват ды­ха­ец­ца па-iн­ша­му».

У прафесiйным асяродку праект успрынялi неадназначна: адны псiхолагi яго стрымана хваляць, другiя, пераважна псiхатэрапеўты, для якiх кожная сустрэча з клiентам — гэта грошы, вiдавочна раўнуюць... «Не, у нас з Канстанцiнам Даўлатавым гэтай рэўнасцi няма, бо мы робiм адну справу, проста адказваем за розныя яе ўчасткi, — усмiхаецца ў адказ на маё пытанне Мiранiка Март, таксама псiхолаг па адукацыi. — Наадварот, мне заўжды цiкава зразумець, чаму ён абраў менавiта такi спосаб, каб раскрыць глыбiнную сутнасць чалавека. I ў нашым дыялогу Канстанцiн якраз раскрывае мне i гледачам некаторыя нюансы».

Патрэба ў псiхалагiчных тэлекансультацыях, здаецца, немалая: на гэты момант у «лiсце чакання» на ўдзел у праграме каля 70 заявак, прычым многiя пiшуць не ўпершыню. «Мы знялi ўжо 3 сезоны рэалiцi (у кожным сезоне па 6 выпускаў), неўзабаве прыступiм да чацвёртага. Наогул «Усё складзецца» будзе ў эфiры АНТ як мiнiмум да канца мая», — дзелiцца планамi Валерыя Лядзяева.


Даведка «Звязды»

«Усё складзецца» — тэлевiзiйнае псiхалагiчнае рэалiцi, гэта значыць у праграме няма пастановачных здымак: толькi рэальныя людзi, толькi сапраўдныя гiсторыi i натуральныя эмоцыi. Стваральнiкi адмыслова адкiнулi частку «шоу», бо ў праграмы нi ў якiм выпадку не забаўляльны, хутчэй, асветнiцкi кiрунак.

На «ценявым баку» студыi героi разам з псiхолагам, псiхатэрапеўтам, кандыдатам псiхалагiчных навук Канстанцiнам Даўлатавым крок за крокам аналiзуюць прычыны сваiх няўдач, а на «светлым баку» дзеляцца з сувядучай праекта Мiранiкай Март уражаннямi ад праведзенай работы. «Мы iмкнёмся паказаць у эфiры механiзмы рашэння даволi частых праблем, абумоўленых распаўсюджанымi стэрэатыпамi мыслення, а таксама прадэманстраваць працэс трансфармацыi героя на гэтым шляху», — тлумачаць аўтары праекта.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Фо­та пра­дакшн-сту­дыі «MediaCube»

Загаловак у газеце: Мазаiка жыццёвай гармонii

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.