Вы тут

Ваенныя лётчыкі знайшлі адзін аднаго праз многія гады


Лётчыкі, якія выжылі падчас крушэння ў самым пачатку вайны, знайшлі адзін аднаго праз многія гады.

29 чэрвеня 1941 года звяно бамбардзіроўшчыкаў 221-га палка 48-й дывізіі дальняй авіяцыі вылецела на баявое заданне — нанесці ўдар па нямецкіх войсках у раёнах Маладзечна і Ашмян. Па дарогах рухалася варожая тэхніка. Якраз з гэтага напрамку 28 чэрвеня 1941 года пасля абеду танкі групы «Гот» увайшлі ў Мінск.


Пом­нік лёт­чы­кам у вёсцы Ка­мянец.

Нечакана з'явіўшыся над аб'ектамі, савецкая авіяцыя «адбамбілася» і ўзяла курс на свой аэрадром. За Радашковічамі адзін з самалётаў абстралялі варожыя зеніткі, потым атакавалі два нямецкія знішчальнікі — экіпаж пацярпеў крушэнне. У двухматорным дальнім бамбардзіроўшчыку ДБ-3Ф (пазнейшая назва Іл-4) знаходзіліся чатыры чалавекі: камандзір Уладзімір Сашыхін, штурман Апанас Дворнік, стралок-радыст Сяргей Зуеў і паветраны стралок Дзмітрый Янаў.

Бой у паветры

Гісторыю пра збіты ў першыя дні вайны самалёт расказала мне былая партызанка, жонка камісара брыгады «Штурмавая» Марыя Фёдарава. За паветраным боем яна назірала ў сваёй вёсцы Раўкуцьевічы, што на Міншчыне. Па ўспамінах жанчыны, людзі баяліся, што бамбардзіроўшчык упадзе на вёску (стрэхі тады былі саламяныя), але ён пераляцеў Раўкуцьевічы і ўпаў каля вёсак Камянец і Латыгаўка.

Перад тым як пацярпець крушэнне, нашы лётчыкі вялі бой, пакуль былі боепрыпасы.

Камандзір экіпажа Уладзімір Сашыхін пазней успамінаў: «...падлятаючы да Мінска, я заўважыў доўгую калону. Гэта былі машыны з салдатамі, бензавозы, гарматы... Даў каманду граміць калону. Знізіліся да 10—15 метраў. Агнём кулямётаў і раптоўнасцю атакі калона была разгромлена. Наша звяно трапіла ў зону зенітнага агню. Левы матор стаў даваць перабоі, узнік пажар. Два нашы самалёты паляцелі. На нас напалі нямецкія знішчальнікі. Я атрымаў раненне ў нагу і галаву. Штурман забіты. Калі я выскачыў з ахопленай полымем кабіны, то ніжэй сябе ўбачыў яшчэ адзін купал парашута. Хто гэта быў, я не ведаў...» Лёс надоўга развёў дваіх лётчыкаў, якія выратаваліся ў той дзень.

— Два парашутысты спусціліся з гэтага самалёта, — успамінае былы настаўнік з вёскі Камянец Пётр Булда, які ўсё бачыў на свае вочы. — Адзін быў паранены, а другі, напэўна, не, бо прыйшоў у вёску Камянец, пераапрануўся ў адной жанчыны і пайшоў далей. Параненага лётчыка, які спусціўся каля вескі Латыгаўка, забраў да сябе мясцовы жыхар Кандрат Ангелевіч. Даглядалі яго разам з дачкой Марыяй. Немцы лётчыкаў не шукалі. Яны стралялі ў парашутыстаў і, відаць, лічылі, што забілі іх.

Ка­ман­дзір экі­па­жа  Ула­дзі­мір СА­ШЫ­ХІН.

Сведчаць архівы

У архівах 221-га авіяпалка захаваліся дакументы таго часу, у якіх гаворыцца пра збіты самалёт і членаў экіпажа. Розны лёс пасля таго бою напаткаў кожнага з іх. Штурман эскадрыллі старшы палітрук Апанас Ціханавіч Дворнік згарэў разам з самалётам. Пра стралкоў-радыстаў малодшых сяржантаў Сяргея Сцяпанавіча Зуева і Дзмітрыя Мітрафанавіча Янава сказана: вылецелі 29 чэрвеня на бомбакіданне мотамеханізаваных часцей праціўніка ў раёне Ашмяны — Вільня і зніклі без вестак.

Інфармацыю пра экіпаж далажыў старшы лейтэнант Уладзімір Сашыхін, які застаўся жывы і дабраўся ў свой полк. Але ж ён мог пацвердзіць толькі тое, што бачыў сам — гібель Дворніка. Пра лёс Зуева і Янава камандзір не ведаў. Лічылася, што яны зніклі без вестак. Пра подзвіг лётчыкаў ужо ў жніўні 1941 года напісала ваенная газета ў Арле.

Стра­лок-ра­дыст Сяр­гей ЗУ­ЕЎ.

Шлях да сваіх

Уладзімір Сашыхін, якому ў той ракавы чэрвеньскі дзень пашчасціла жывым і здаровым спусціцца на парашуце на поле, адразу натрапіў на мясцовых жыхароў. Даведаўшыся, што на гэтай тэрыторыі былі немцы, ён пайшоў у напрамку вёскі Камянец. Пакуль ішоў, здагадаўся, што трэба пераапрануцца, каб не трапіць немцам на вочы. У Камянцы знайшлася жыхарка, якая пагадзілася дапамагчы афіцэру. Гэтай жанчынай была свякроў Яўгеніі Буглак, якая жыве ў той жа вёсцы.

Вядома, што Уладзімір Сашыхін дайшоў да Лагойска, які пасля цяжкіх абарончых баёў быў пакінуты нашымі войскамі 1 ліпеня. За горадам сустрэў чырвонаармейцаў. Тыя і накіравалі яго далей. Дамоў прыйшоў з барадой і настолькі худы, што нават жонка не адразу пазнала. Неўзабаве вярнуўся ў свой полк: там іх экіпаж лічыўся зніклым без вестак. Амаль праз год, 23 чэрвеня 1942-га, Сашыхін зноў быў збіты, трапіў у палон і знаходзіўся там да канца вайны. Усе гэтыя гады ён быў упэўнены, што жывым застаўся Сяргей Зуеў. Як аказалася, Сяргей Зуеў і Апанас Дворнік загінулі разам з самалётам...

Штур­ман  Апа­нас ДВОР­НІК.

За секунду да выбуху

А выжыў тады Дзмітрый Янаў. Вось што ён успамінаў пра падзеі ў небе над Маладзечна і Ашмянамі: «Патронаў у мяне ў кулямёце ўжо няма. Перабіта нага ў каленным і галенастопным суставах, раздроблена кісць правай рукі, лёгкае раненне ў галаву. Падае Зуеў. Вызваляю з-пад яго ногі і бачу, што ён мёртвы. Самалёт пачаў пераварочвацца, і мае ногі трапілі ў вызвалены ад кулямёта люк. Патокам паветра мяне выкінула з самалёта. Трэба вырваць кальцо парашута. Спрабую зрабіць гэта левай рукой. Удалося. Парашут раскрыўся. Вакол нас працягваюць лятаць «месеры»...»

Янаў пакінуў вогненную машыну за секунды да выбуху. Ён апусціўся на парашуце на поле каля Латыгаўкі. Ісці сам не мог, таму і схаваўся ў траве, дзе яго і знайшоў Кандрат Ангелевіч з дзецьмі.

Яны занеслі і схавалі лётчыка ў хляве, сталі лячыць яго раны. Глядзела яго дачка Ангелевіча Марыя, дапамагалі мясцовыя камсамолкі. З суседняй вёскі прыходзіла Марыя Пуцейка (Фёдарава), якая аднойчы прынесла лістоўку з прамовай Сталіна ад 3 ліпеня. Па прапанове Янава камсамолкі перапісвалі лістоўку і раздавалі жыхарам. Калі Янаў ачуняў, стаў дапамагаць партызанам.

Па даносе быў арыштаваны і адпраўлены ў канцлагер у Масюкоўшчыне. Летам 1944 года палонных пагналі ў напрамку Маладзечна. Па дарозе Янаў папрасіў у канваіра папіць вады ў рачулцы і змог уцячы. Трапіў да нашых наступаючых войскаў і пасля праверкі ваяваў у штрафной роце, быў паранены. Аказалася, што бацькі ў 1941 годзе атрымалі на яго пахавальную. Пасля вайны працаваў настаўнікам. Неаднойчы спрабаваў знайсці сваіх ратавальнікаў. Пісаў лісты ў Беларусь, але яны вярталіся назад.

Па­вет­ра­ны стра­лок Дзміт­рый ЯНАЎ.

Сустрэча лётчыкаў

Праз шмат гадоў пасля вайны гэтая гісторыя атрымала працяг. Уладзімір Сашыхін вельмі хацеў знайсці жанчыну, якая пераапранула яго ў цывільнае,  але ніяк не мог успомніць назву вёскі. Нават набыў сабе дробную карту і вывучаў ваколіцы Мінска, але безвынікова. У памяці чалавека ёсць нявывучаныя бясконцыя магчымасці, таму часам адбываецца дзіва.

— Аднойчы ён прысніў назву вёскі, якую так доўга не мог успомніць, — расказвае Марыя Фёдарава. — Ён паглядзеў карту, маршрут палёту, дарогу ад Маладзечна і знайшоў вёску Камянец. Даслаў ліст, які трапіў да дырэктара школы ў Шаршунах. Той нічога не ведаў пра самалёт, але патэлефанаваў майму мужу, які тут партызаніў. На той час я перапісвалася з Дзмітрыем Янавым. Яго адрас дапамог знайсці карэспандэнт «Звязды» Куцэра, якому пра гісторыю з самалётам расказала дачка Кандрата Ангелевіча. У лісце да Сашыхіна Ілья Фёдараў расказаў пра гібель Зуева і напісаў адрас Янава. Яны пачалі перапісвацца. Гэта ўжо быў 1966 год.

Да пошуку падключыліся следапыты 65-й школы Мінска. Пачалася перапіска з сем'ямі загінулых лётчыкаў. У маі 1973 года яны ўсе сустрэліся ў Мінску.

Адбылася паездка на месца падзення самалёта, сустрэча былых лётчыкаў са сваімі ратавальнікамі. Потым былі выступленні па радыё, матэрыялы ў газетах.

Пошукі вядуць школьнікі

Шмат інфармацыі пра экіпаж збітага каля Камянца бамбардзіроўшчыка захоўваецца ў мінскай гімназіі №30 (раней 65-й школе). Знойдзены фотаздымкі ўсіх лётчыкаў, ёсць перапіска з тымі, хто выжыў, са сваякамі загінулых. Пад кіраўніцтвам загадчыцы школьнага музея Тамары Лоскутавай, школьнікі праводзяць карпатлівую пошукавую працу.

Не так даўно, напрыклад, было знойдзена месца падзення самалёта Героя Савецкага Саюза Барыса Акрэсціна, які загінуў у небе недалёка ад Мінска 6 ліпеня 1944 года. Школьнікі мараць, каб тут, у сучасных Соснах, з'явіўся хоць невялічкі памятны знак. Пакуль ніхто не адгукаецца на просьбу юных пошукавікаў.

А ў вёсцы Камянец стаіць помнік лётчыкам, загінулым у баі 29 чэрвеня 1944 года. У 1970-я гады тут былі перапахаваны іх астанкі. Людзі прыходзяць да помніка з кветкамі — памяць пра подзвіг лётчыкаў, якія абаранялі Радзіму, засталася. А пад Мінскам, дзе загінуў Герой Савецкага Саюза, нішто не нагадвае пра трагедыю, што адбылася тут больш як 70 гадоў таму...

Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ, г. Мінск

Загаловак у газеце: Самалёт не вярнуўся на базу...

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.