Вы тут

Міжнародная канферэнцыя ў Мінску сабрала палітыкаў з Еўропы і Азіі


Тэмай яе сталі агульнаеўрапейскія інтэграцыйныя працэсы. Ці не кожны выступоўца падкрэсліў важнасць адкрытага дыялогу для мірнага жыцця рэгіёнаў. Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў нашай краіны, Еўразійскай эканамічнай камісіі, Еўрапейскага саюза, а таксама дэлегаты экспертнай супольнасці розных краін.


Яўген ШАСТАКОЎ, намеснік міністра замежных спраў, падкрэсліў, што МЗС не чакае ад экспертаў «цуду» або чароўных рэцэптаў і імгненных вынікаў.

— Але мы заўсёды ўдзячны за іх унёсак у пошук рашэння актуальных і надзённых праблем, — дадаў намеснік міністра. — Мне здаецца, агульнаеўрапейская інтэграцыя сёння мае лёсавызначальнае, ключавое значэнне не толькі ў рэгіянальным, але і ў глабальным маштабе. Прычым мы адзначаем наяўнасць класічнага парадоксу: з аднаго боку існуе пастаянны запыт на інтэграцыю, з іншага — шэраг праяўленняў канфрантацыі, размежавання. Такую супярэчнасць можна патлумачыць тым, што мы каторы раз за апошнія дзесяцігоддзі з пэўнай рэгулярнасцю апынуліся на чарговым «піку» змены парадыгмы светаскладу. Але гэта далёка не адзінае тлумачэнне.

Па словах намесніка міністра замежных спраў, сучасны парадак дня перагружаны геапалітычным супрацьстаяннем.

Таццяна ВАЛАВАЯ, член калегіі (міністр) Еўразійскай эканамічнай камісіі па асноўных кірунках інтэграцыі і макраэканоміцы, адзначыла, што мадэль Еўразійскага эканамічнага саюза будавалася на аснове вопыту еўрапейскай інтэграцыі.

— На працягу 90-х гадоў мы атрымлівалі велізарную падтрымку ад Еўрапейскага саюза па выпрацоўцы падыходаў да еўразійскай інтэграцыі: экспертную, прафесійную, тэхнічную, фінансавую, — звярнула ўвагу яна. — Усе дакументы, якія мы рыхтавалі па лініі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, па дагаворы аб эканамічным і валютным саюзе, які мы падпісалі ў 1993 годзе, — рыхтаваліся з удзелам еўрапейскіх экспертаў. Мы заўсёды сыходзілі з таго, што наша еўразійская інтэграцыя, па сутнасці, у якасці сваёй мадэлі выкарыстоўвае еўрапейскі вопыт.

У наступным годзе Беларусь будзе старшынстваваць у рэгіянальнай арганізацыі — Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве. Намеснік Генеральнага сакратара гэтага аб'яднання Маргот КЛЕСТЫЛЬ-ЛЁФНЕР, якая таксама прыняла ўдзел у канферэнцыі, звярнула ўвагу на важнасць трансгранічнага супрацоўніцтва. Што да вырашэння тых сур'ёзных праблем, якія паўсталі сёння ў адносінах паміж Еўрапейскім, Еўразійскім эканамічным саюзамі, то, на яе думку, неабходна «аднаўляць давер». Маргот Клестыль-Лёфнер падкрэсліла, што гэта дапаможа ў тым ліку павысіць узровень бяспекі ў рэгіёне.

* * *

Экспертная ініцыятыва «Мінскі дыялог» запрацавала ў сакавіку 2015 года як пазаўрадавы форум па тэматыцы міжнародных адносін і бяспекі на еўрапейскім кантыненце. З моманту стварэння ініцыятывы ў яе рамках прайшлі чатыры паспяховыя міжнародныя канферэнцыі. Яны сабралі ў Мінску вядучых экспертаў з Еўрапейскага саюза, Злучаных Штатаў Амерыкі, Расіі, іншых дзяржаў Усходняй Еўропы. У рабоце канферэнцый прымалі ўдзел і высокапастаўленыя афіцыйныя асобы нашай краіны і замежжа.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Інтэграцыя. Давер. Паразуменне

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.